Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёўскі абласны савет апазыцыянэры не прайшлі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У нядзелю 20 сакавіка ў Магілёўскай вобласьці праходзілі давыбары ў абласны савет. Давыбары спатрэбіліся таму, што дэпутаты, якія былі раней абраныя ў чатырох акругах, пайшлі ў Палату прадстаўнікоў, і іх месцы ў абласным савеце вызваліліся. Давыбары адбыліся ўва ўсіх чатырох выбарчых акругах, прагаласавала больш за палову агульнай колькасьці выбаршчыкаў.

Найбольшая ўвага была нададзеная дзьвюм акругам, дзе кандыдатамі ў дэпутаты былі зарэгістраваныя прадстаўнікі апазыцыі. У Магілёўскай Мірнай акрузе балятаваўся кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў, а ў Крычаўскай сельскай акрузе – прадпрымальнік, рэдактар недзяржаўнай газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны.

Паводле папярэдняй інфармацыі з абласной выбарчай камісіі, і Ўладзімер Шанцаў, і Сяргей Няроўны прайгралі выбары сваім супернікам. У аблсавет абраныя кіраўнік спартовага клюбу і лідэр прафсаюзу работнікаў сельскай гаспадаркі, якіх вызначалі як кандыдатаў ад улады. З тых няпоўных лічбаў, што паведамілі ўчора кандыдаты і камісія, можна меркаваць, што апазыцыянэры атрымалі прыкладна 25% галасоў выбарнікаў.

Як кандыдаты ад апазыцыі камэнтуюць вынікі давыбараў? Сяргей Няроўны і ягоныя давераныя асобы паведамляюць аб шматлікіх парушэньнях. Кандыдат гаворыць, што ўлада адкрыта падтрымлівала яго суперніцу і дзеля гэтага выкарыстоўвала свой адміністрацыйны рэсурс. Крычаўскі дэмакрат запэўнівае, што мае доказы сваіх высноваў, і таму наступным чынам камэнтуе вынікі выбараў:

(Няроўны: ) “Вынікі такія, што поўнае бязьмежжа. Масіраваная прапаганда і фальсыфікацыя. Будзем абскарджваць. Заўтра зьбіраемся і будзем абскарджваць вынікі выбараў”.

Уладзімер Шанцаў таксама лічыць, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя, таму і ён мае намер іх абскарджваць.

Аднак разам з тым абодва дэмакратычныя кандыдаты запэўніваюць, што зусім не шкадуюць аб сваім удзеле ў давыбарах. Сяргей Няроўны гаворыць, што за яго прагаласавала шмат людзей, і ёсьць сэнс зь імі працаваць, далей займацца палітычнай справай. Такога ж меркаваньня прытрымліваецца і Ўладзімер Шанцаў.

(Шанцаў: ) “Не, зусім не шкадую. Выбары – гэта вопыт, гэта магчымасьць кантактаваць з людзьмі, даводзіць да іх свае погляды. Гэта самае галоўнае”.

У іншых дзьвюх акругах – Рэкцянскай у Горацкім раёне і Бабруйскай Інтэрнацыянальнай – выбары былі безальтэрнатыўныя. І там, паводле выбарчых камісіяў, неабходную колькасьць галасоў для абраньня атрымалі дзьве жанчыны, кіраўніцы мясцовых мэдычных устаноў.

Дадам, што ў Магілёўскім абласным савеце цяпер няма ніводнага дэпутата, які быў бы вылучэнцам альбо сябрам арганізацыяў грамадзкага кірунку. І давыбары, якія прайшлі ўчора, сытуацыю не зьмянілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG