Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаць ад візыту Пуціна ва Ўкраіну?


Юры Дракахруст, Прага У суботу 19 сакавіка адбываецца візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ва Ўкраіну – першы пасьля таго, як прэзыдэнтам Украіны стаў Віктар Юшчанка: пераможца Віктара Януковіча, якога падтрымлівала Масква. Чаго можна чакаць ад цяперашняга візыту расейскага лідэра?

Летась Крэмль недвухсэнсоўна падтрымліваў на выбарах Віктара Януковіча, Пуцін падчас перадвыбарчай кампаніі двойчы наведваў Кіеў, пасьля другога туру выбараў расейскі прэзыдэнт двойчы віншаваў Януковіча зь перамогай, нягледзячы на сумнеўны характар вынікаў галасаваньня.

Расейскі аналітык з Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Тацяна Станавая мяркуе, што цяперашняя сустрэча Пуціна зь Юшчанкам будзе складанай найперш паводле псыхалягічных прычынаў.

(Станавая: ) “Я мяркую, што асадак вельмі вялікі. І ён распусьціцца няхутка. Але відавочна, што ў Расеі спрабуюць гэты асадак не паказваць, імкнуцца дэманстраваць гатоўнасьць працаваць з новым лідэрам”.

Володымір Горбач з украінскага Інстытуту эўраатлянтычнага супрацоўніцтва адзначае, што шмат хто на Ўкраіне чакае жэсту прымірэньня і добрай волі ад расейскага лідэра.

(Горбач: ) “Пуцін павінен зрабіць першыя крокі, Пуцін павінен зрабіць нейкі сымбалічны жэст, каб зламаць лёд, які пачаў фармавацца ў нашых адносінах, і перш за усё – у ацэнках самога Пуціна”.

Першая сустрэча прэзыдэнтаў Юшчанкі і Пуціна адбылася на наступны дзень пасьля інаўгурацыі новага кіраўніка Ўкраіны. Першы свой замежны візыт у рангу прэзыдэнта Юшчанка, як ён і абяцаў, зрабіў у Маскву, абазначаючы тым самым важнасьць для Ўкраіны адносінаў з Расеяй.

Володымір Горбач гаворыць, што Пуцін павінен зразумець, што наведвае зусім іншую краіну, чым тая, якая існавала да выбараў, якую Масква лічыла часткай сваёй зоны ўплыву.

(Горбач: ) “Сёньня новая ўлада ў новай Украіне дзейнічае без аглядкі на тое, што аб гэтым падумае Расея, па меншай меры, такая тэндэнцыя дэкляруецца і гэта назіраецца. У апошнюю чаргу бяруць пад увагу, што падумае Расея, а ў першую чаргу думаюць аб сваіх нацыянальных інтарэсах”.

Адна з самых вялікіх праблемаў Расеі – заява Ўкраіны аб намеры далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. Гэта азначае ня толькі ўдар па ўяўленьням Расеі пра яе дамінаваньне ў рэгіёне, але й крах канкрэтных палітычных і эканамічных праектаў. Гаворыць Тацяна Станавая:

(Станавая: ) “Справа ў тым, што ў нас з Украінай былі дастаткова важныя для Расеі праекты, такія як Адзіная эканамічная прастора. Існуе шэраг нафтавых, газавых інтарэсаў, якія, скажам так, супярэчаць заходняй арыентацыі Ўкраіны”.

Расейская дасьледчыца адзначае, што пляны Ўкраіны далучыцца да НАТО хутчэй за ўсё будуць азначаць для Расеі, апроч іншага, неабходнасьць вывесьці свой Чарнаморскі флёт зь Севастопалю.

Разам з тым спадарыня Станавая нагадвае пра высокую ступень эканамічнай узаемазалежнасьці Ўкраіны й Расеі. Летась Украіна атрымлівала з Расеі 87% патрэбнай ёй нафты і траціну патрэбнага газу. З другога боку, пераважная частка расейскага экспарту газу і нафты ідзе транзытам менавіта праз Украіну. На думку расейскага экспэрта, ад суботняй сустрэчы Пуціна з Юшчанкам наўрад ці варта чакаць нейкіх значных вынікаў.

(Станавая: ) “Я ня думаю, што будзе нейкі сур’ёзны прарыў у адносінах, паколькі адбытыя выбары і тая сытуацыя, якая была ва Ўкраіне, дастаткова моцна ўскладнілі адносіны. Тут даволі шмат эмоцыяў. Расейскаму прэзыдэнту будзе даволі складана навязваць адносіны”.

Варта дадаць, што ў Кіеў расейскі прэзыдэнт прылятае з Парыжа, дзе ён абмяркоўваў зь лідэрамі Францыі, Нямеччыны й Гішпаніі адносіны Расеі з Эўразьвязам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG