Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Алег Трусаў


Алег Трусаў, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Алег Трусаў — вядомы гісторык і грамадзкі дзеяч, старшыня Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны.

14 сакавіка, панядзелак

Цэлы дзень ідзе мокры сьнег, які часам пераходзіць у завіруху. Сьпяшаюся на лекцыю. Заходжу ў аўдыторыю. Расказваю пра склад праектных работ, неабходных для рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. У якасьці прыкладаў прыводжу Полацкую Сафію і Мірскі замак. І перад вачыма плывуць, плывуць вобразы маладосьці…

Полацкую Сафію ўпершыню я ўбачыў летам 1976 году. Тады там толькі пачыналіся рэстаўрацыйныя работы і поўным ходам ішлі археалягічныя раскопкі. Мяне вельмі ўразіла, што з ІХ стагодзьдзя культурны слой вакол будынка вырас амаль на 2,5 мэтра. Ніколі не забуду, у якім занядбаным стане знаходзіўся тады калісьці знакаміты храм. Цяжка было паверыць, што ён будзе адноўлены, адродзяцца фрэскі і пазалота інтэр’ераў, шыкоўная скульптура і ляпніна ХVІІІ стагодзьдзя.

Потым давялося ня раз прыяжджаць у Полацак і бачыць на свае вочы, як крок за крокам ідзе складаны працэс рэстаўрацыі, браць удзел у суботніках і талоках, каб ачысьціць падвалы Сафіі ад шматгадовага бруду і сьмецьця. З насілкамі і рыдлёўкамі актыўна тады працавалі полацкія літаратары і мастакі. Сярод іх быў Уладзімер Арлоў, а таксама аўтар праекту аднаўленьня Сафіі архітэктар Валер Сьлюнчанка.

Потым распавядаю пра Мірскі замак, якому аддаў не адзін год свайго жыцьця. Празь Мірскія археалягічныя экспэдыцыі прайшлі шмат якія вядомыя цяпер у Беларусі людзі. Зь якой цікавасьцю зьбіралі мірскую кафлю студэнты — Вінцук Вячорка і Алесь Бяляцкі! У складзе маёй экспэдыцыі працавалі цяперашнія дактары навук Алесь Краўцэвіч і Алесь Кушнярэвіч, якія, акрамя замку, дасьледавалі і само мястэчка. Тады мала хто верыў, што можна аднавіць знакаміты палац часоў Радзівілаў, асабліва паўночны корпус, які апошні раз згарэў яшчэ ў 1812 годзе.

Цяпер, калі я прывожу ў Мір чарговую групу студэнтаў і бачу ў вежах знаходкі з тагачасных раскопак, разумею, што менавіта тады, у 1970—1980-я гады, і былі закладзеныя падмуркі сёньняшняй дзяржаўнасьці і незалежнасьці.

Лекцыя скончылася, і я кіруюся ў сядзібу ТБМ, дзе прыходзіцца працаваць на грамадзкіх пачатках кожны дзень па некалькі гадзін. Сёньня мы рыхтавалі скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі, паколькі 16 лютага Міністэрства юстыцыі вынесла нам папярэджаньне. Нас абвінавацілі ў тым, што некалькі нашых раённых і гарадзкіх арганізацый маюць юрыдычныя адрасы ў жылых памяшканьнях, а Жыльлёвы кодэкс гэтаму пярэчыць. Пакуль ніводнай суполкі ТБМ, зарэгістраванай на жылой кватэры, мясцовыя ўлады не скасавалі, а ТБМ чамусьці ў гэтым вінаваты. Таму Рада ТБМ вырашыла зьвярнуцца ў суд. Аналягічныя папярэджаньні вынесены шмат якім партыям і іншым грамадзкім аб’яднаньням, і яны праз друк даўно абяцалі зьвярнуцца ў суд. Але пакуль не сьпяшаюцца з гэтым. Мабыць, мы будзем першыя.

Пасьля абеду набываю сьвежыя газэты. У “Белорусским рынку” Паўлюк Быкоўскі друкуе артыкул пра дзейнасьць беларускай апазыцыі, якая да лета абяцае назваць адзінага кандыдата. Шчыра кажучы, да гэтай справы я стаўлюся вельмі крытычна, як і іншыя беларускія палітолягі. На маю думку, спачатку трэба было скласьці адзіную перадвыбарчую плятформу, у якой было б сказана, як нам выйсьці з крызысу і палепшыць свой дабрабыт. Напрыклад, ні адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на будучага кіраўніка дзяржавы не сказаў, як ён ставіцца да прыватнай уласнасьці на зямлю. Калі, нарэшце, тыя, хто яе апрацоўвае, стануць яе гаспадарамі з правам продажу і перадачы ў спадчыну? Пакуль зямельнае пытаньне ня будзе вырашана, мы ніколі ня станем жыць добра і заможна.

15 сакавіка, аўторак

Раніцай ярка сьвеціць сонейка — сапраўдны вясновы дзень і адпаведны настрой на душы. На аркушыку календара сьціплы надпіс “Дзень канстытуцыі”. Адзінаццаць гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прыняў першую Канстытуцыю незалежнай беларускай краіны. Як непасрэдны ўдзельнік тых падзей, пакуль еду ў трамваі ў сядзібу ТБМ, пераношуся ў думках у залю паседжаньняў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Праца над Канстытуцыяй ішла вельмі марудна, найбольшыя спрэчкі выклікалі два пытаньні: дзяржаўная беларуская мова, як адзіная мова краіны, і пасада прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

І вось, пасьля доўгіх кулюарных спрэчак і перамоў генэрал Гец выступіў з кампраміснай прапановай зрабіць беларускую мову дзяржаўнай, а расейскую — мовай міжнацыянальных зносін. Пасьля таемнага галасаваньня на таблё зьявілася доўгачаканая лічба, і раздаліся моцныя авацыі. Усе прысутныя былі задаволеныя, бо разам зрабілі добрую справу.

Яшчэ большыя спрэчкі выклікала ў ВС прэзыдэнцтва. Спачатку прэзыдэнцтва хацелі ўвесьці ў Беларусі яшчэ ў савецкі час, у 1990—1991 годзе, калі гэта пасада зьявілася ў Расеі і Ўкраіне. Прычым, некаторыя хацелі выбіраць прэзыдэнта Вярхоўным Саветам, аднак большасьць дэпутатаў была за ўсенароднае абраньне, і першы варыянт не прайшоў.

Прадстаўнікі апазыцыі казалі, што прэзыдэнцтва прывядзе да дыктатуры, як ня раз было ў эўрапейскай гісторыі. Да іх прыслухоўваліся найбольш дасьведчаныя кіраўнікі абласьцей і раёнаў і не сьпяшаліся галасаваць “за”. Тады кебічаўцы прыдумалі галасаваць за гэты разьдзел не з дапамогай электроннага таблё, а іменнымі бюлетэнямі, як на выбарах. Прычым, час галасаваньня сьвядома зрабілі працяглым. Таямніца галасаваньня была парушана, бо людзей, што залежалі ад Кебіча, прымусілі паказваць свой бюлетэнь перад тым, як апусьціць яго ў скрынку.

Я свой бюлетэнь забраў дахаты і ў галасаваньні ўдзелу не прымаў, бо лічыў, і цяпер лічу, што Беларусь, як і большасьць краін Эўропы, павінна быць парлямэнцкай рэспублікай. Прэзыдэнт мае прадстаўнічыя функцыі, абіраецца 2/3 галасоў парлямэнту, а рэальная ўлада належыць прэм’ер-міністру — лідэру той партыі, якая пераможа на выбарах.

Такім чынам, 15 сакавіка 1994 году шлях да аўтарытарызму ўлады ў Беларусі быў расчышчаны. Калі людзі ня ведаюць гісторыі, яна вучыць іх вельмі балюча і жорстка.

16 сакавіка, серада

Знаходжу хвілінку, каб сустрэцца зь сябрамі-грамадоўцамі, што актыўна рыхтуюцца да аб’яднаўчага зьезду, які мяркуем правесьці 19 сакавіка. У памяшканьні шмат людзей, працуе кампутар, зьвіняць тэлефоны. Мне паказваюць паперу, якую на загад Шушкевіча разаслала кіраўнікам філій і суполак БСДГ кіраўнік справаў партыі Сьвятлана Губейка. Тэкст напісаны ў знаёмым савецка-брэжнеўскім стылі. Губейка паведамляе, што былыя сябры БСДГ Трусаў і Кароль, да якіх далучыліся спадары Лавіцкі і Лойка, разбураюць партыю і зьбіраюцца разам зь сябрамі БСДП (НГ) стварыць з дазволу ўладаў “кішэнную” сацыял-дэмакратычную партыю.

Губейка заклікае кіраўнікоў нашых структураў ня ехаць на зьезд, а плённа працаваць пад мудрым кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча. Трэба сказаць, што раней Шушкевіч распаўсюдзіў інфармацыю, што Цэнтральная Рада БСДГ выключыла мяне і спадара Аляксея Караля з партыі за раскольніцкую дзейнасьць...

Вось ужо два гады сябры БСДП (НГ) і БСДГ неаднаразова сустракаліся і абмяркоўвалі прынцыпы аб’яднаньня нашых партый. На сустрэчы кожны раз запрашалі Статкевіча і Шушкевіча, але яны ні разу не прыйшлі і былі за аб’яднаньне толькі на словах. У канцы мінулага году Статкевіча выключылі з БСДП (НГ) і старшынёй абралі спадара Ляўковіча. Станіслаў Шушкевіч тэрмінова сабраў Раду БСДГ і прапанаваў накіраваць на зьезд БСДП (НГ) прапанову аб аб’яднаньні і правядзеньні аб’яднаўчага зьезду ў сакавіку. Тады я быў старшынём Менскай гарадзкой арганізацыі БСДГ, сябрам выканкаму і ЦР. Амаль усе падтрымалі Шушкевіча і прагаласавалі за канчатковае аб’яднаньне. Мечыслаў Грыб, намесьнік старшыні БСДГ, агучыў наш зварот на апошнім зьезьдзе БСДП (НГ). Мы пачалі актыўна рыхтавацца да аб’яднаньня. За гэты час аб’ядналіся сацыял-дэмакраты Магілёва, Наваполацку і іншых рэгіёнаў.

Аднак у лютым Шушкевіч на чарговай радзе вылучыў сябе ў прэтэндэнты ў кандыдаты на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, прапанаваў замест аб’яднаньня нейкі мітычны саюз дзьвюх партый і не прызначыў даты аб’яднаўчага зьезду ў сакавіку. Шушкевіч адмовіўся ўдзельнічаць у партканфэрэнцыі, назваў прысутных “натоўпам” і “выпадковымі людзьмі” і заклікаў сяброў ЦР пакінуць памяшканьне разам зь ім. Але з 41 сяброў ЦР з Шушкевічам засталося толькі 11 чалавек. Яны і выключалі нас з Аляксеем Каралём (намесьнікам старшыні БСДГ) з партыі бяз нашага ўдзелу. Прычым статут БСДГ не дазваляе ЦР прымаць у партыю і выключаць зь яе сяброў партыі. Партканфэнцыя прагаласавала за аб’яднаньне дзьвюх партый, вырашыла мэханізм аб’яднаньня і прызначыла нечарговы зьезд БСДГ на 19 сакавіка.

Цікавыя людзі, аднак, спадары Статкевіч і Шушкевіч. Як ім хочацца быць да скону кіраўнікамі партый, нават калі яны віртуальныя і будуць існаваць пасьля нашага аб’яднаньня толькі на паперы. Але ня будзем ім у гэтым перашкаджаць. Як кажуць, кожнаму — сваё.

17 сакавіка, чацьвер

З раніцы працую зь ліцэістамі. Тлумачу ім гісторыю Беларусі па падручніку 10 клясы. Спачатку адна група, потым другая. Дзеці вельмі хочуць вучыцца, таму працаваць зь імі лёгка і цікава. Галоўная мая задача — ня толькі растлумачыць разьдзел ці параграф падручніка, але і даць дзецям дадатковую інфармацыю па кожнай тэме.

Знаходжу на стале запрашэньне на прэзэнтацыю кнігі Аляксандра Лукашука “Прыгоды АРА ў Беларусі”. Аляксандар Лукашук, вядомы беларускі журналіст і дасьледчык, гісторык Беларусі ХХ стагодзьдзя, у 2000 годзе здолеў патрапіць у архівы Гувэраўскага інстытуту ў Каліфорніі. Будучы прэзыдэнт ЗША інжынэр Гербэрт Гувэр у 1919 годзе ствараў дабрачынную арганізацыю “Амэрыканская адміністрацыя дапамогі” (у скароце АРА) і пачаў дапамогу Польшчы. Яна доўжылася з 1919 да 1922 году і ахапіла, у тым ліку, жыхароў Заходняй Беларусі. Падчас голаду ў Расеі Гувэр пачаў з 1921 году дапамагаць яе жыхарам. З 1922 году прадстаўніцтва АРА зьявілася ў Менску і БССР (тады шэсьць паветаў былой Менскай губэрні), а таксама ў Віцебску і Гомелі (якія тады ўваходзілі ў склад РСФСР). Прадукты харчаваньня атрымлівалі як простыя дзеці і інваліды, так і прадстаўнікі беларускай эліты. Сярод іх — Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Уладзімер Пічэта і шмат іншых вядомых асоб.

Доўгі час пра гэтую дапамогу і першыя амэрыканска-беларускія кантакты амаль ніхто ня ведаў, і Лукашук сваёй працай запоўніў чарговую белую пляму ў нашай гісторыі. Кніга яго, выдадзеная ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя”, мае ўнікальныя ілюстрацыі з амэрыканскіх і беларускіх архіваў. Яна лёгка чытаецца і напісана добрай мовай, мае напрыканцы “паказнік асобаў”. Асабліва мяне ўразіў аповед, які Лукашуку пераказаў сын аднаго з амэрыканцаў, што працаваў ў складзе АРА ў Менску і ажаніўся зь мясцовай беларускай. Ён паведаміў, што яго “маці гаварыла па-польску, па-расейску й яшчэ на нейкай мове”. Мова гэта, несумненна, была беларускай, а звалі жанчыну Ганна Пылкоўская. І што цікава, побач з гэтым тэкстам Лукашук друкуе фотаздымак спадарыні Пылкоўскай, калі ёй было 22 гады. Таму на сустрэчу з аўтарам кнігі, нягледзячы на занятасьць, зьбіраюся схадзіць.

Надвор’е сёньня проста жахлівае. Амаль цэлы дзень ідзе дождж, які змывае проста на вачах гурбы сьнегу і можна чакаць сапраўднай паводкі.

І вось я на вечарыне. Цікава, што прэзэнтацыя чарговай кнігі Лукашука супала зь яго 50-гадовым юбілеем. Седзячы ў залі і слухаючы выступ свайго аднакурсьніка доктара гістарычных навук прафэсара Ўладзімера Снапкоўскага, які гаварыў пра дзейнасьць у Беларусі амэрыканскай арганізацыі ЮНРА ў канцы саракавых гадоў ХХ стагодзьдзя, успамінаю пра вялікі белы мяшок з амэрыканскім надпісам, які паказвала мне мая бабуля. Аказваецца, амэрыканская дапамога трапіла і ў мой Амсьціслаў і дапамагла выжыць маім блізкім, бабулі і маці. Як усё зьвязана ў гісторыі, якія незвычайныя сувязі могуць быць паміж людзьмі і народамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG