Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Жураўкова хаваецца ва Ўкраіне?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міліцыянты па-ранейшаму лічаць Галіну Жураўкову хворай і не прадпрымаюць ніякіх крокаў, каб выканаць вынесены ёй прысуд. Афіцыйныя асобы працягваюць настойваць на тым, што прысуд адносна былой кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай абавязкова будзе выкананы, трэба толькі дачакацца, калі яна паправіць здароўе. Нагадаю, больш за месяц таму Галіну Жураўкову прысудзілі да 4 гадоў зьняволеньня, але за краты яна гэтак і не патрапіла.

Спраўдзіць, ці сапраўды былая кіраўніца справамі прэзыдэнта дома на лячэньні, не ўдаецца, паколькі зь ёй няма сувязі. Адмаўляецца кантактаваць з журналістамі і адвакат Жураўковай. Тым часам працягваюць зьяўляцца зьвесткі, што спадарыня Жураўкова нібыта зьехала за мяжу яшчэ да абвяшчэньня прысуду. Цяпер кажуць, што яна хаваецца ва Ўкраіне.

У міністэрстве ўнутраных справаў, пачуўшы гэтую інфармацыю, заявілі, што гэта нецікава, паколькі Галіна Жураўкова не лічыцца ў вышуку. Нагадаю, днямі міністар ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў зноў заявіў, што Жураўкова хварэе, і таму выкананьне прысуду толькі адкладзенае, а не ігнаруецца.

Гучныя справы, распачатыя яшчэ пры канцы мінулага году, працягваюць расьсьледаваць, запэўніў прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Юры Азаронак. Гаворка ідзе пра справы былога генэральнага дырэктара наваполацкага аб’яднаньня “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага, былога дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу Валера Пензы і Фёдара Іванова, які ўзначальваў Дзяржаўны камітэт авіяцыі. Няма зьвестак пра тое, што гэтыя справы спыненыя ці зьмененае абвінавачваньне, сказаў спадар Азаронак.

Нагадаю, Канстанцін Часнавіцкі падазраецца ў нанясеньні вялікіх стратаў праз злоўжываньне службовым становішчам. Яго ўжо больш за 3 месяцы ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка”. Валер Пенза знаходзіцца ў міліцэйскім сьледчым ізалятары, Фёдар Іваноў – пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Днямі ў сьпіс гучных справаў патрапіла справа былога кіраўніка адміністрацыі Івацэвіцкага раёну Віталя Дзьмітраніцы. Яго арыштавалі паводле абвінавачваньня ў атрыманьні хабару ў 5 тысяч даляраў. Аляксандр Лукашэнка ўжо раскрыў адну сьледчую таямніцу ў гэтай справе. Паводле яго, за старшынём Івацэвіцкага выканкаму сачылі паўгода, і вось нарэшце атрымалі доказы таго, што ён бярэ хабар. Але ўзьнікае пытаньне, хто праінфармаваў сьледчых, што Віталь Дзьмітраніца схільны да падобных учынкаў? Жыхары Івацэвічаў цяпер абмяркоўваюць вэрсію, паводле якой інфарматарам магла быць жанчына. І прычына яе дзеяньняў – нібыта помста на глебе рэўнасьці.

Якімі б разнастайнымі ні былі матывы і акалічнасьці таго ці іншага карупцыйнага злачынства, у іх агульны падмурак – эканамічнае і палітычнае становішча ў краіне, сьцьвярджаюць адмыслоўцы. Былы прэм’ер, вядомы апазыцыянэр Міхаіл Чыгір падзяліўся сваім поглядам на тое, як трэба змагацца з карупцыяй.

(Чыгір: ) “Галоўнае – трэба стварыць умовы, пры якіх людзі маглі зарабляць грошы. Каб той жа самы прадпрымальнік не залежаў ад чыноўніка, як у нас гэта існуе. Усюды патрэбна ліцэнзія, нейкае ўзгадненьне, нейкі дазвол. А ў выніку – трэба камусьці даваць хабар. Таму патрэбная не барацьба з карупцыяй, а трэба ствараць умовы, каб такіх праяваў было як мага меней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG