Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задаволіў Лукашэнка патрабаваньні прадпрымальнікаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 11 сакавіка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: сустаршыня грамадзкай арганізацыі “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў і кіраўнік аналітычнай службы кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Прыезд Лукашэнкі на адзін з сталічных рынкаў у Малінаўцы можна лічыць прадуманым палітычным ходам. Ён пачакаў, пакуль страйкавая хваля пойдзе на спад, прыйшоў да прадпрымальнікаў, пакрытыкаваў урад і мясцовыя ўлады, паабяцаў саступкі, пэўныя крокі насустрач прыватным прадпрымальнікам. Але што тычыцца галоўнага іх патрабаваньня — адмены падатку на даданую вартасьць, тут Лукашэнка на саступкі не пайшоў. Прычым, ён сустрэўся ня зь лідэрамі, не з афіцыйнай дэлегацыяй, сфармаванай прадпрымальнікамі дзеля перамоваў з урадам, а з шараговымі прадпрымальнікамі. І такім чынам дасягнута мэта — зьбіць страйкавую хвалю і не саступіць у галоўным пытаньні. А як бы вы ацанілі гэты палітычны ход кіраўніка дзяржавы?”

(Леанід Малахаў: ) “Я цалкам згодны з тым, што гэты крок Лукашэнкі ставіў мэтай зьбіць хвалю страйку, які ахапіў усю краіну. І ў нейкай меры гэта яму ўдалося. Але ж у прадпрымальнікаў ёсьць досьвед. І ён паказвае, што такія крокі кіраўніка дзяржавы носяць часовы характар. І ніякай палёгкі прадпрымальнікам ня будзе. Напрыклад, у 2001 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў быў прыняты дэкрэт №12, які паляпшаў становішча прадпрымальнікаў. Але ўжо ў пачатку 2003 году гэта ўсё было зьведзена да мінімуму, і практычна асноўныя палажэньні дэкрэту былі адмененыя.

Таму і цяпер прадпрымальнікі лічаць, што гэта гульня ў абяцанкі. Гэта тактычны крок, які ставіць мэтай выпусьціць пару, зьбіць хвалю страйку і адвесьці ўбок ад вырашэньня тых праблемаў, якія існуюць у прадпрымальніцкім руху”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “З гледзішча піяру афіцыйны лідэр у гэтай сытуацыі дзейнічаў пісьменна. Па-першае, ён дачакаўся, калі спадзе першая, найбольш эмацыйная хваля пратэсту. Па-другое, ён паказаў пернік у выглядзе другарадных саступак. Па-трэцяе, ён не забыўся і пра пугу. Лукашэнка папалохаў прадпрымальнікаў, намякнуў, што можам перавесьці прадпрымальнікаў у статус юрыдычнай асобы. А потым, маўляў, увогуле зьявяцца супэрмаркеты, якія выцясьняць вас з гэтай нішы. Нарэшце ён перавёў стрэлкі на ўрад, на мясцовую бюракратыю, маўляў, гэта яны не дапрацавалі. Працуе вядомая, старая, але яшчэ дзейная піяраўская схема: ёсьць добры цар і кепскія баяры. І яна прыносіць пэўны плён.

Але ёсьць і іншы бок мэдаля. Назіральнікі даўно заўважылі, што кіраўнік дзяржавы ўголас прагаворвае свае фобіі толькі вось такім адмоўем “не”. І калі ён кажа, што вы тут мяне не напалохалі, дарэмна думаць, што на мяне можна неяк націснуць, то гэта выдае даволі вялікую ступень трывогі. Гэта паказвае, па-першае, што ўлада баіцца найбольш масавых вулічных пратэстаў. Бо яны разбураюць прапагандысцкі міт пра стабільную, квітнеючую Беларусь. А па-другое, калі казаць з гледзішча паліттэхнялёгіяў, гэтыя выказваньні падказваюць апанэнтам рэжыму, як трэба дзейнічаць: спалучаць электаральныя мэтады і вулічныя мэтады барацьбы”.

(Малахаў: ) “Лукашэнка ўжываў вядомыя паліттэхналёгіі. Кола прадпрымальнікаў, якія сустракаліся з Лукашэнкам, было падабранае згодна з пэўным прынцыпам. Прыкладна 90% зь іх былі жанчыны. Ён імкнуўся ўразіць жанчын, спадабацца ім, зьвесьці размову на тое, што ён добры хлопец”.

(Карбалевіч: ) “Лукашэнка падчас сустрэчы ў чацьвер паабяцаў пайсьці насустрач прадпрымальнікам у шэрагу пытаньняў. Дзеля ўплаты падатку на даданую вартасьць (ПДВ) уводзіцца пераходны пэрыяд да 1 ліпеня, на працягу якога яны будуць плаціць замест гэтага падатку павялічаны адзіны падатак. Паабяцана, што гэты падатак на даданую вартасьць будзе зьменшаны ў фінансавым і арганізацыйным сэнсе. На некаторых рынках будзе зьніжана арэндная плата, прадпрымальнікі будуць абаронены ад лішніх праверак. І нарэшце дзяржава гатовая дапамагчы ў пастаўках тавараў з Расеі, трэціх краінаў, прадставіць фуры, самалёты і іншае. Наколькі гэтыя прапановы значныя, важныя для прадпрымальнікаў? Якая рэакцыя на іх у прадпрымальніцкім асяродзьдзі?”

(Малахаў: ) “Усе тыя крокі, якія прапанаваў Лукашэнка, трэба было рабіць раней. Сёньня ў прадпрымальнікаў, як і ў большасьці насельніцтва Беларусі, няма грошай, каб плаціць ПДВ. Калі кіраўнік дзяржавы прапануе гульню — мы зьнізім арэндную плату, а вы плаціце падатак, гэта не вырашэньне пытаньня. Грошай у бюджэце ад гэтага больш ня стане, у кішэні грамадзянаў — таксама. Таму гэтыя тактычныя хады, якія ён выкарыстоўвае, ня вырашаць праблемы.

Я мяркую, дзяржава жадае, каб прадпрымальнікі пайшлі з гэтай сцэны, як палітычнай, так і эканамічнай. Тут дзейнічае прынцып: няма прадпрымальнікаў — няма і праблемы. Але гэтым не вырашаецца праблема таго эканамічнага стану, у якім апынулася краіна. Трэба было не павялічваць падаткі на прадпрымальнікаў, а зьменшыць, каб яны выжылі. Бо без прадпрымальнікаў той эканамічны цуд, пра які кажа Лукашэнка, сыдзе на нішто”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Малахаў, як вы лічыце, страйк будзе працягвацца?”

(Малахаў: ) “Страйк ня будзе працягвацца. Такі мой прагноз. Тыя прапановы, якія ўчора агучваў Лукашэнка, накіроўваліся і ва ўрад, і асабіста кіраўніку дзяржавы. Але ніякіх крокаў не было зроблена. Таму прадпрымальнікі ўсё часьцей задумваюцца пра больш рашучыя крокі”.

(Класкоўскі: ) “Я думаю, гэты ўчорашні палітычны ход дасьць уладам пэўны плён. Таму што частка прадпрымальнікаў проста заглыне гэтую прынаду ў выглядзе другарадных саступак. Для кагосьці гэта падстава спыніць страйк бяз страты аблічча. Бо частка страйкавала на знак салідарнасьці. Ды ўвогуле, не ўсе такія героі. І потым, тую рэшту цьвёрдых страйкоўцаў, якія застануцца і будуць змагацца да апошняга, будзе лягчэй падаць афіцыйнай прапагандзе як нейкую купку экстрэмістаў. І ўвогуле, зь імі ўлады будуць паводзіць, як казаў учора афіцыйны лідэр, паводле палітычных законаў. Гэта значыць, бязьлітасна зачышчаць прастору, так бы мовіць.

Увогуле, калі рэзюмаваць, улада ў гэтай сытуацыі, як і ў іншых, выкарыстоўвае разьяднанасьць дробных прадпрымальнікаў, іх нежаданьне, так бы мовіць, улазіць у палітыку. Іншая справа, я згодзен з Малахавым, ня зьнятая глеба для супярэчнасьцяў. Бо ўлада глядзіць на прадпрымальнікаў фактычна як на варожую клясу. І вось тут палягае глеба для новых канфліктаў”.

(Карбалевіч: ) “Ужо прайшло шмат прадпрымальніцкіх страйкаў, але, здаецца, Лукашэнка ўпершыню прыехаў да прадпрымальнікаў. Гэта значыць, гэты страйк яго моцна занепакоіў. Дарэчы, ён гэтага і не хаваў, хаця рабіў гэта, як звычайна, у выглядзе адмаўленьня, пра што тут ужо згадвалася. Ён казаў, што я не спужаўся, на мяне ціснуць беспэрспэктыўна. Але гэта асаблівасьць палітычнага стылю Лукашэнкі — калі найбольш патаемныя свае думкі ён раскрывае ў выглядзе адмаўленьня.

У зьвязку з гэтым, Лукашэнка выказаў яшчэ адну важную думку, але ускосна. Сутнась яе палягае ў тым, што дзяржава не зацікаўленая ў існаваньні ўвогуле прыватных прадпрымальнікаў як клясы, бо яны адзіныя ў краіне страйкуюць, ствараюць праблему, разбураюць прапагандысцкі малюнак аб стабільнасьці ў краіне. Зь ягоных рэплік відаць, як уважліва сачыў кіраўнік дзяржавы за ходам страйку. Ён адзначыў, што дзяржава вінаватая ў зьяўленьні “чаўнакоў”. Слова “вінаватая” тут вельмі важнае, бо вінаватым можна быць у нечым дрэнным, ненармальным з гледзішча ўладаў. Потым Лукашэнка сказаў, што прыватныя прадпрымальнікі сыдуць з рынку ў наступныя два-тры гады, магчыма, ператворацца ў юрыдычныя асобы. Але дзяржава не павінна іх штурхаць у гэтым кірунку. Зьвярніце увагу, зноў прагавораная думка ў выглядзе адмаўленьня. Дык, можа, якраз у гэтым і палягае сапраўдная сутнасьць, мэта палітыкі ўладаў у дачыненьні да прыватных прадпрымальнікаў: ліквідацыя як клясы?”

(Малахаў: ) “Я цалкам згодзен. Я ўжо казаў, што ўлада дзейнічае згодна з прынцыпам “няма прадпрымальнікаў — няма праблемы”. Я лічу, Лукашэнка быў увогуле ўражаны, што прадпрымальнікі яшчэ існуюць у Беларусі. Відаць, ягоныя дарадцы па эканоміцы ня раз казалі яму, што вось увядзём касавыя апараты, і прадпрымальнікаў ня стане. Гэта было ў 2002 годзе. Але прайшло тры гады, а прадпрымальнікі існуюць. І ўчора Лукашэнка прыехаў на адзін зь міні-рынкаў, каб убачыць прадпрымальнікаў. Высьвятляецца, што яны ёсьць, больш за тое, яны чымсьці яшчэ і не задаволеныя. І гэта ненармальна.

І тыя ягоныя выказваньні з адмаўленьнямі выдаюць тое, што ён імкнецца да таго, каб прадпрымальнікаў у гэтай краіне не існавала. Улада імкнецца, каб існавала невялікае кола буйных прадпрымальнікаў, на якіх лёгка ціснуць. А каб астатнія прадпрымальнікі перайшлі ў статус прадаўцоў. Уладзе патрэбныя не гаспадары, якія з годнасьцю ставяцца да свайго бізнэсу, сваёй справы, а безаблічныя прадаўцы, якія атрымліваюць заробак і ўдзячныя за гэта. Адтуль і растуць гэтыя прапановы, каб дзяржава ўзяла на сябе функцыі нейкіх пасярэднікаў паміж беларускімі прадпрымальнікамі і іхнымі партнэрамі за мяжой. Цікава, што Лукашэнка сам сабе пярэчыць. Ён увесь час выступае супраць пасярэднікаў. А тут ён прапануе, каб дзяржава ўзяла на сябе такія функцыі. Ва ўсіх краінах дробныя гандляры існуюць самі па сабе, працуюць для сваіх сем’яў. Дзяржава іх не чапае, не перашкаджае працаваць. Таму распаўсюд ПДВ на прыватных прадпрымальнікаў — гэта правакацыя. Ад гэтай акцыі больш грошай у бюджэце ня стане”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, калі гэтыя фуры і самалёты, якія прапаноўваюцца, каб вазіць тавары з Турэччыны ці Кітаю, будуць належаць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, і прадпрымальнікі будуць працаваць пад “дахам” гэтай структуры, то, мусіць, гэта тая мадэль, якая задаволіць Лукашэнку”.

(Класкоўскі: ) “Усе гэтыя тэзы ўладаў пра пераход да цывілізаванага гандлю — гэта такая дымавая заслона, каб зручней распачаць новы наступ на дробны бізнэс. Так было, калі ўводзілі касавыя апараты, зносілі шапікі з цэнтральных вуліцаў. Возьмем Заходнюю Эўропу. Там даўно існуе цывілізаваны рынак, там процьма супэрмаркетаў. І разам з тым, дастаткова прайсьці па вуліцах Парыжу, Брусэлю ці Бэрліна, каб убачыць, што там процьма дробных гандляроў. Перад калядамі там увогуле на кожнай плошчы цэлы гандлёвы гарадок. Там дробныя гандляры займаюць тыя нішы, якія не пасьпяваюць альбо ня бачаць сэнсу займаць грувасткія гандлёвыя структуры. І дзяржава гэта разумее, ня цісьне на дробных гандляроў — наадварот, стварае для іх найбольш спрыяльныя ўмовы.

Але ў нашай дзяржаве лёгіка створанай тут сыстэмы такая, што любую вольную нішу яна імкнецца ўзяць пад кантроль, пад каўпак. І такая лёгіка ўладаў якраз і праграмуе непазьбежнасьць новых моцных супярэчнасьцяў паміж бізнэсам і дзяржавай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG