Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пэрспэктыва” вырашыла – страйк будзе працягнуты


Міхал Стэльмак, Менск Нарада рэгіянальных лідэраў прадпрымальніцкага руху, якія ўваходзяць у грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”, вырашыла працягваць агульнанацыянальны страйк, распачаты 1 сакавіка. Паводле гэтага рашэньня, прыпыненьне акцыі залежыць ад таго, ці будзе адменены падатак на даданую вартасьць. На сёньняшняй нарадзе было вырашана таксама патрабаваць ад уладаў вызваленьня з-пад арышту старшыні “Пэрспэктывы” Анатоля Шумчанкі.

У нарадзе бралі ўдзел лідэры прадпрымальнікаў Менску, Магілёва, Віцебску, Берасьця, Сьветлагорску, Барысава, Бабруйску і іншых рэгіёнаў. Як прагучала на нарадзе, акцыя па-ранейшаму працягваецца ў многіх гарадах. Прадпрымальнікі чакаюць рашэньня ўладаў пра падатак на даданую вартасьць. Якім яно будзе — пакуль невядома. У гэтай сувязі ўдзельнікі страйку прапанавалі не спыняць акцыю пратэсту да таго моманту, пакуль ня будзе агучана абяцанае прэзыдэнтам рашэньне. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт лідэр прадпрымальнікаў Барысава Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Улада прымае рашэньне, якое аб’яўляе па тэлебачаньні альбо друкуе ў прэсе. Пасьля гэтага мы вывучым гэтае рашэньне ўлады і вызначаемся: прымаем яго альбо не. Нам засталося не працаваць некалькі дзён. Хто ўжо выйшаў на працу, тых ужо ня спыніш. Але той, хто ня выйшаў працаваць, той таксама ўжо прыняў рашэньне для сябе працягваць страйк і надалей. Будзем глядзець і як вырашаецца лёс Шумчанкі. Таму пакуль наш лідэр арыштаваны, выходзіць на працу нельга. І калі мы спынім акцыю, то яму дадуць год-паўтара-два: па максымуме”.

Паводле ўдзельнікаў нарады, Анатоль Шумчанка ёсьць палітычным вязьнем. Гэткае ж меркаваньне агучыў на сходзе каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду — палітзьняволеным” Павал Марыніч. Сын вядомага грамадзкага дзяяча Міхаіла Марыніча, які, нагадаю, цяпер сядзіць за кратамі, зьвярнуўся да прадпрымальнікаў, каб тыя ня кідалі ў бядзе свайго лідэра, а патрабавалі яго неадкладнага вызваленьня. Вось як Павал Марыніч пракамэнтаваў гэты зварот нашаму радыё:

(Марыніч: ) “На пачатку ХХІ стагодзьдзя ў цэнтры Эўропы існуе праблема палітзьняволеных. Дзе за іншадумства, за права выказваць сваю думку людзей кідаюць у турмы. І я патлумачыў прадпрымальнікам, што той, хто сёньня сядзіць за кратамі, — гэта праблема кожнага жыхара Беларусі. Гэта ўлада б’е найперш па тых людзях, якіх яна рэальна баіцца. Я зьвярнуўся да прадпрымальнікаў з заклікам падтрымаць свайго таварыша Шумчанку, а такасама сваіх таварышаў Леванеўскага і Васільева”.

***

На сёньняшняй нарадзе прагучала, акцыю пратэсту працягваюць гандляры Барысава, Жодзіна, Салігорску, Берасьця, Пінску, Івацэвічаў, Маладэчна, Слуцку і іншых гарадоў. Разам з тым, большасьць гандляроў вярнулася на рынкі Менску, Віцебску, Гомеля, Воршы...

Нагадаем, старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”Анатоль Шумчанка (на здымку) цяпер падазраецца ў хуліганскіх дзеяньнях – зьбіцьці сукамэрніка, якое нібыта ён учыніў у часе нядаўняга адбыцьця 10-сутачнага арышту за арганізацыю прадпрымальніцкага страйку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG