Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваеце вы патрабаваньні міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Марыніча?


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі і ў сьвеце нарастае пратэст супраць зьняволеньня вядомага беларускага палітыка Міхаіла Марыніча. “Як вы ставіцеся да патрабаваньня міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Міхаіла Марыніча?” Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да патрабаваньня міжнароднай супольнасьці аб вызваленьні Міхаіла Марыніча?”

(Спадар: ) “Станоўча, бо калі яны на гэта рэагуюць, то ведаюць што там і як. Я ня ведаю ўсіх падрабязнасьцяў гэтай справы, але тое, што ў нас улады робяць што хочуць, гэта адназначна. Таму я — за”.

(Спадар: ) “Я так разумею, што і павінны зьвяртаць на гэта ўвагу. Ва ўсім сьвеце так адбываецца, а мы ж не на нейкай ізаляванай высьпе знаходзімся, а ў цэнтры Эўропы”.

(Спадар: ) “Станоўча стаўлюся да гэтага, бо людзям трэба дапамагаць, справядлівасьць павінна быць”.

(Юнак: ) “Я лічу, што лідэры замежных краінаў ня маюць права лезьці ў нашую палітыку. У іх ёсьць свае праблемы — вось няхай яны іх і вырашаюць. А ў нас свае, і мы іх таксама будзем вырашаць”.

(Юначка: ) “Я лічу, што калі яны надзяляюць нас сваёй увагай, то гэта варта таго. Акрамя таго, мы меншая краіна і мусім прыслухоўвацца да іхнага меркаваньня”.

(Юнак: ) “Гэта вельмі добра, бо Марыніча трэба вызваляць. Палітыка, якую цяпер праводзіць нашая дзяржава, яна таталітарная і вельмі мала людзей яе падтрымлівае. Я таксама не падтрымліваю. Няма свабоды”.

(Спадар: ) “Я вам адкажу словамі з кінафільму “Месца сустрэчы зьмяніць нельга”: злодзей павінны сядзець у турме. Справа Марыніча чыста крымінальная, па-мойму”.

(Спадар: ) “Я лічу, што, канечне, гэтая справа палітычная. Бо тыя вінавачаньні, якія яму выставілі і паводле якіх пасадзілі ў турму, яны высмактаныя з пальца. І гэта зразумела ўсім абсалютна”.

(Юначка: ) “Справа Марыніча, безумоўна, палітычная. Гэтыя кампутары — толькі ход такі. На маю думку, міжнародная супольнасьць мае рацыю, што патрабуе ягонага вызваленьня”.

(Юнак: ) “Калі ў нашай краіне нехта нешта ня так робіць ці думае, і яго за гэта саджаюць у турму, то гэта не зусім добра. Дзіўна, што на гэта зьвяртаюць увагу ў сьвеце, а нашыя людзі не заўважаюць”.

(Юначка: ) “Увогуле патрэбна, канечне, каб хоць нехта зьвяртаў увагу на тое, што ў Беларусі робіцца. Але ўсе гэтыя звароты і патрабаваньня, яны — як і раней было — пройдуць, і нічога з гэтага ня будзе. Наадварот, такія акцыі спрычыняюцца да нэгатыўнага стаўленьня нашых уладаў да людзей, аб якіх зьвяртаюцца. Ну, адсядзіць ён колькі там трэба, можа яшчэ год ці два, калі ў нас выбары? А пасьля, магчыма, і выпусьцяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG