Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вам дапамагаюць сваякі з-за мяжы? Гэта падазрона”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сотні тысяч беларусаў, апынуўшыся за мяжой, у больш заможных, чым Беларусь, краінах, імкнуцца дапамагчы сваім родным і блізкім, якія засталіся на радзіме. Але дапамога гэта зь нядаўняга часу стала пільна цікавіць чыноўнікаў. Чаму? Зь ліста на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Вось пра які выпадак распавяла нам Галіна Сутула з Глыбокага:

“Адна мая знаёмая мае сваякоў у Аўстраліі. Раз на тры месяцы яны высылаюць ёй дапамогу. Мая знаёмая не гуляе, не раскашуе на яе. Працуе на дзяржаўнай службе, мае соткі, трымае скаціну. А за замежную дапамогу купляе неабходнае, на што ня здольная зарабіць на працы — сабе і дзеткам абутак, мэблю, дабудоўвае хату. Атрымліваецца, замежныя даляры і эўра ідуць на пад’ём нашых беларускіх вытворцаў. Чыноўнікі павінны б дзякуй сказаць грамадзянам за гэтыя інвэстыцыі, за тое, што людзі самі робяць тое, што павінна рабіць дзяржава. Дык жа не — замест гэтага прэзыдэнцкім указам уведзена абавязковая рэгістрацыя такой дапамогі, а ўсе банкі і пошты павінны здаваць у падатковыя інспэкцыі зьвесткі аб прыбытках, якія пералічаныя беларусам з-за мяжы. Гэты дэкрэт ставіць крыж на тых невялікіх інвэстыцыях, якія зь неймавернай цяжкасьцю здабываюць нашы суайчыньнікі”.

Дэкрэт, пра які вы, спадарыня Сутула, згадваеце, выклікаў вялікае абурэньне сярод дзясяткаў тысяч беларусаў, якім родныя і сябры час ад часу дасылаюць з-за мяжы невялікую дапамогу. Атрымліваецца, нават калі табе належыць атрымаць сьціплую суму, некалькі дзясяткаў даляраў — спачатку трэба зарэгістраваць яе ў Менску і паведаміць чыноўнікам, на што зьбіраесься патраціць грошы. А ўжо яны вырашаюць, ці варта даваць такі дазвол. Для многіх адна толькі дарога ў Менск і назад каштуе болей, чым той грашовы перавод. А колькі патрэбна чыноўнікаў, каб усё гэта рэгістраваць, улічваць, даваць дазволы.

Відавочна, рабілася ўсё гэта дзеля таго, каб кантраляваць замежную дапамогу, не дапусьціць фінансаваньня апазыцыі, абкласьці падаткам кожны даляр з-за мяжы. Але праіснуе указ у сваім перашапачатковым выглядзе, відаць, нядоўга. Прынамсі, днямі ўлады заявілі пра свой намер унесьці ў яго істотныя зьмены: абяцаюць, што з 1 красавіка сумы прыблізна да трохсот трыццаці даляраў рэгістраваць не спатрэбіцца. Чыноўнікі мусілі гэта зрабіць, бо, з аднаго боку, былі закіданыя шматлікімі скаргамі, а з другога — ніякага істотнага эфэкту жорсткі парадак не прынёс. Апазыцыю ён не напалохаў, а вось паток грашовых пераводаў у Беларусь у выніку істотна скараціўся. Чыноўнікі ня толькі не атрымалі новых падаткаў, на якія разьлічвалі, празь неразумнае рашэньне дзяржава страціла дадатковыя рэсурсы, якія ў канчатковым выніку ішлі на разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі.

Наша слухачка зь Ліды 85-гадовая Зінаіда Тхарова ў сваім лісьце згадвае пачатак вайны, які напаткаў яе пад Магілёвам. Уцякаючы з сяброўкай ад фронту, яна стала сьведкай і ўдзельніцай такога выпадку:

“У вёсцы Пятровічы мы не затрымаліся: сястра маёй сяброўкі сказала, што там ужо немцы. Мы пабеглі ляснымі сьцежкамі далей. Сяброўка папярэджвае: “Ты ж глядзі, нікому не кажы, што мы былі там, дзе немцы”. Але як жа я магу маўчаць, я ж камсамолка, павінна папярэдзіць, паведаміць сваім, што вораг ужо ў Пятровічах. Раненька пабегла ў Дорскую школу — там стаяла чырвонаармейская частка. Мяне прывялі да нейкага начальніка, я ўсё падрабязна расказала. На маё зьдзіўленьне, вайсковец не падзякаваў мне, а разьюшыўся. “Врёшь, — крычыць. — Паникёрша! Небось, всё выдумала? Будешь поднимать панику, я сам тебя на месте расстреляю. Чтоб никому ни слова!” У двары школы на слупе вісеў гукаўзмацняльнік. Калі мяне выводзілі з будынку, я пачула, як абвесьцілі, што вораг нібыта адбіты на 110–120 кіляметраў. “Чуеш?” — пытаецца вайсковец, які мяне выводзіў. Я адказала: “Шкада, што толькі чую, але ня бачу”, — такі выпадак апісала ў сваім лісьце на Свабоду Зінаіда Тхарова зь Ліды. Тады, ў ліпені 1941-га, ёй было 20 гадоў.

Напэўна, Зінаіда Фамінічна, вам яшчэ пашанцавала. А многіх жа наіўных камсамольцаў і камсамолак, выхаваных з абвостраным пачуцьцём пільнасьці, тады і сапраўды расстрэльвалі на месцы — нібыта за панікёрства, распаўсюд чутак ды шпіянаж на карысьць ворага… А потым сотні тысяч савецкіх салдат, якімі кіравалі гэтыя камісары, што не жадалі ведаць і верыць у відавочнае, бяззбройнымі і непадрыхтаванымі клаліся пад агонь нямецкіх танкаў, траплялі ў палон, заставаліся ў безыменных магілах уздоўж усіх беларускіх дарог.

Анатоль Жэрдзеў з Гомелю напісаў нам ліст пад уражаньнем ад нядаўняга трагічнага здарэньня ў гомельскім раддоме, калі празь недагляд пэрсаналу загінулі дзьве маладыя маці. Слухач апісвае і многія іншыя падобныя выпадкі, што ў розны час мелі месца на гомельскіх прадпрыемствах. І робіць наступную выснову:

“Агульнае ва ўсіх гэтых выпадках тое, што рабочыя хацелі выканаць працу як мага хутчэй, ігнаруючы правілы бясьпекі. Чаму яны так робяць? Адказ на гэтае пытаньне я бачыў на свае вочы на заводзе “Гомсельмаш”. Быў такі выпадак: рабочыя грузілі жаткі на плятформу (зноў жа, з парушэньнем правілаў бясьпекі), а нарміроўшчыца тым часам цішком, праз акно, так бы мовіць, “фатаграфавала” іх працу. Адміністрацыя потым зацьвердзіла тыя нормы, а прафкам пагадзіўся. Вось так і фармуецца стаўленьне да людзей. Было звычайнай справай, калі на “Гомсельмашы” штогод гінула 15–20 чалавек. Няшчасных выпадкаў было б значна меней, калі б прафсаюзы выконвалі сваю функцыю абароны правоў працоўных, калі б судовая сыстэма была накіравана на абарону закону, а не на ўціск правоў і свабод”.

У сваім допісе ў якасьці станоўчага прыкладу Анатоль Жэрдзеў называе стаўленьне дзяржавы да бясьпекі грамадзянаў у Злучаных Штатах Амэрыкі. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Калі амэрыканец выклікае пажарных, то адначасова зь імі прыяжджаюць паліцыя і мэдычная дапамога, нават калі іх і не клікалі. А санкцыі за парушэньне правілаў бясьпекі даволі высокія. Калі за звычайнае дарожнае парушэньне (напрыклад, прыпынак у недазволеным месцы) з вас могуць узяць 50 даляраў, то за парушэньне правілаў бясьпекі пры перавозцы свайго дзіцяці штраф можа дасягаць тысячы даляраў, і нават больш. Бясьпека грамадзянаў дужа залежыць ад дзяржаўнага кіраўніцтва, а таксама ад грамадзкай культуры. Хацелася б, каб журналісты Беларускай Свабоды спыталіся хаця б у сваіх нямецкіх калег, ці магчыма такое ў нямецкім раддоме — каб дзьве жанчыны загінулі з-за таго, што нехта пераблытаў балёны з газам? А калі б такое, ня дай Бог, здарылася, то як паводзілі б сябе палітыкі і прэса?”

Напэўна, спадар Жэрдзеў, вы і сам адчуваеце, што пытаньні гэтыя — рытарычныя. Як яшчэ адна ілюстрацыя да вашых назіраньняў і параўнаньняў — нядаўні выпадак у ЗША, калі сям’я новых эмігрантаў зь Беларусі, прыехаўшы ў супэрмаркет, зачыніла і пакінула ў салёне аўтамабіля сваё немаўля. Маладыя бацька і маці, напэўна, і падумаць не маглі, што справа скончыцца іх затрыманьнем, пагрозай турэмнага зьняволеньня і нават пазбаўленьня бацькоўскіх правоў. Цяжка ўявіць, каб за падобны ўчынак штосьці падобнае пагражала легкадумным бацькам у Беларусі, дзе іншае стаўленьне і да ўласнай бясьпекі, і да бясьпекі безабаронных дзяцей. Магчыма, менавіта таму і здараюцца тут такія жудасныя трагедыі, як нядаўна ў гомельскім раддоме ці год таму ў краснапольскай школе, дзе на галовы дзяцей абрынуўся дах школьнага будынку.

На заканчэньне фрагмэнт ліста ад Валянціна Цішка з Маладэчна. Слухач апісвае наступны выпадак:

“Паслухаў вашу перадачу пра інтэрнэт і ўспомніў, як я спрабаваў “Свабоду” ў інтэрнэце пачытаць. Прыйшоў у інтэрнэт-кавярню, набіраю ваш адрас — і што ж? Кампутар мне паведамляе: “Немагчыма адлюстраваць старонку. У вас няма правоў на наведваньне гэтага сайту”. Што б гэта азначала?”

Дагэтуль, Валянцін, у наведнікаў нашага сайту ў Беларусі ўзьнікалі істотныя цяжкасьці пераважна падчас вялікіх палітычных кампаніяў — напрыклад, выбараў 2001 году ды леташняга рэфэрэндуму. У тыя дні доступ да нашага ды іншых падобных сайтаў блякаваўся паводле распараджэньня ўладаў. Апошнім часам паступае інфармацыя пра тое, што працу сваіх студэнтаў у інтэрнэце спрабуюць кантраляваць і адміністрацыі некаторых навучальных установаў. Магчыма, якраз з такім выпадкам сутыкнуліся і вы. Зрэшты, магло здарыцца, што меў месца і нейкі тэхнічны збой. У кожным разе, вам ня варта абмяжоўвацца адной спробай — пашукайце нас у інтэрнэце ў іншы час і, магчыма, зь іншага кампутара.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG