Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я добра разумею Лукашэнку: яму трэба баяцца змовы ў сваім атачэньні”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Хоць да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ далёка, пералік палітыкаў, якія, верагодна, паспрабуюць супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам, ужо цяпер павялічваецца. Тыдзень таму пра свае палітычныя амбіцыі заявіў былы рэктар Белдзяржунівэрсытэту Аляксандар Казулін. Гэта заўважылі і ўлада, і апазыцыя, і многія нашы слухачы.

Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Вадзім Верабей з Івацэвіцкага раёну. Ён піша:

“Вось і яшчэ аднаго славутага апазыцыянэра вы для нас знайшлі — Аляксандра Казуліна. Былога камсамольскага функцыянэра, якога Лукашэнка зрабіў міністрам. А той міністар потым за плячыма ў гаспадара пачаў палітычныя інтрыгі плесьці ды змовы рыхтаваць. Хто ж такое пацерпіць? Хіба пойдзе народ за гэтымі былымі высокімі начальнікамі, якія напоўніцу хлябталі ды рохкалі ля ўладнага карыта? А калі іх ад таго карыта адцягнулі за вушы, пачалі скавытаць, падаліся ў апазыцыю.

Асабіста я добра разумею Лукашэнку: яму трэба баяцца змовы. У блізкім атачэньні поўна такіх: сёньня ён табе лісьліва ўсьміхаецца, ловіць кожнае слова, падтаквае ды падхвальвае. А заўтра першы пятлю на шыю накіне. Таму і мяняе прэзыдэнт так часта розных міністраў ды вэртыкальшчыкаў. Спэцслужбы ў нас добра працуюць, а за гэтымі начальнічкамі вока ды вока патрэбна. Небясьпечныя яны якраз пры ўладзе. А калі ўладу ў іх адабраць, яны бездапаможныя. Пойдуць у нямоглую апазыцыю, яшчэ больш павялічыўшы яе поўную няздатнасьць ні да чаго. Гнаць трэба з апазыцыі ўсіх былых падхалімаў, якія цалкам скампрамэтавалі сябе, можа, тады ў яе што-небудзь і атрымаецца”.

Цікава, спадар Верабей, якім вы ўяўляеце наступнага прэзыдэнта Беларусі? Напэўна, мудрым кіраўніком, дасьведчаным арганізатарам і гаспадарнікам, за плячыма якога — гады кіраўнічай працы, кіраўніцтва вялікімі працоўнымі калектывамі… А цяпер сумленна адкажыце на пытаньне: дзе ў Беларусі за апошнія дзесяць год можна было здабыць гэты досьвед, неабходны будучаму прэзыдэнту? Адказ відавочны: толькі кіруючы буйнымі прадпрыемствамі ці ўстановамі, цалкам падкантрольнымі ўладзе, альбо ў структурах самой гэтай улады. Ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, калі прадстаўнікам апазыцыі закрыты шлях на любыя кіраўнічыя пасады, у тым ліку фармальна нібыта і выбарныя – і ня можа быць інакш.

А тым часам апазыцыя існуе ўнутры самой кіроўнай эліты, якая нібыта цалкам паслухмяная і падкантрольная. Але насамрэч менавіта гэтая схаваная апазыцыя рэальна найбольш небясьпечная для Лукашэнкі. Ён гэта, відавочна, адчувае — адсюль і такія частыя і жорсткія кадравыя чысткі.

Наступны ліст ад слухача зь Ліды Леаніда Курпатава:

“Вось нядаўна ва ўсім сьвеце адзначаўся Дзень роднай мовы, — згадвае Леанід. — Сумнае гэта сьвята для беларусаў. Паводле перапісу, беларусамі сябе назвалі 74 працэнты насельніцтва краіны. Але многія зь іх ня ведаюць і ведаць не жадаюць сваёй роднай мовы. Усё гэта адбываецца з тае прычыны, што Расея два стагодзьдзі выціскала, выкарчоўвала з ужытку родную мову беларусаў. Афіцыйная імпэрская палітыка Расеі — русыфікаваць Беларусь, зрабіць яе “северо-западной окраиной России” — дасягнутая. Нядаўна дзяржаўнае тэлебачаньне паказвала дэманстрацыю расейскамоўных школьнікаў Латвіі: маўляў, глядзіце, як уціскаюць іх латыскія нацыяналісты. Чаму ж гэтае тэлебачаньне нічога не паказвае пра ўціск і поўнае зьнішчэньне беларускай мовы ў сваёй краіне — Беларусі? Атрымліваецца, у чужым воку парушынку бачаць, а ў сваім бервяна не заўважаюць. Вельмі шмат балбочуць пра адданасьць радзіме, патрыятызм, а на самай справе ўсе дзеяньні кіраўніцтва зводзяцца да падрыву падмурку дзяржаўнасьці ды беларускасьці”.

Не пагаджуся з вамі, спадар Курпатаў: ня стала Беларусь расейскім паўночна-заходнім краем. І ўжо наўрад ці калі-небудзь стане. Заўважце, як спакваля сьціхлі ўсе размовы пра інтэграцыю, славянскае братэрства, адзіную дзяржаву… Усе апошнія гады Беларусь не набліжаецца, а аддаляецца ад Расеі. І беларуская незалежнасьць толькі ўмацоўваецца. Іншая рэч — моўная сытуацыя. Цяперашняе беларускае кіраўніцтва, сапраўды, будуе і ўмацоўвае фактычна расейскамоўную незалежную дзяржаву Беларусь. Спасылкі на расейскія імпэрскія амбіцыі тут ня надта дарэчы. Усё апошняе дзесяцігодзьдзе татальная русіфікацыя праводзіцца рукамі сваіх дамарослых начальнікаў, пераважная большасьць якіх, калі меркаваць па пашпарту — беларусы.

Анастас Семяновіч з Бараўлянаў Менскага раёну разважае пра тое, хто з дэмакратычных палітыкаў мае найбольшыя шанцы стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах.

“Гэта павінен быць чалавек ад народу, які гатовы ісьці ў дасягненьні агульнай мэты да канца, якія б перашкоды ні ўзьнікалі. А лёгкай перамогі ня будзе, гэта відавочна. На яго пачнуць паляваць. Могуць і атруціць, як Юшчанку. У небясьпецы апынецца яго сям’я, блізкія. Затое ў выпадку перамогі такі палітык назаўсёды ўпіша сваё імя ў нацыянальную гісторыю”.

На думку Анастаса Семяновіча, з гэтай рольлю найлепш мог бы справіцца гарадзенскі палітык Аляксандар Мілінкевіч. Свой выбар слухач абгрунтоўвае наступным чынам:

“Гэта чалавек з прыстойнай інтэлігентнай сям’і, якая яго ўсяляк падтрымлівае. Ён ня будзе ствараць каманду зь несумленных ды зладзеяватых чыноўнікаў. Ён кандыдат навук, на пачатку 1990-х гадоў працаваў намесьнікам Гарадзенскага гарвыканкаму. Валодае пяцьцю мовамі, праходзіў стажыроўкі ў многіх краінах. Я ўпэўнены: калі б Мілінкевіч стаў прэзыдэнтам, жыцьцёвы ўзровень у Беларусі праз два-тры гады падвысіўся б удвая. Пры ім будзе адноўлена парлямэнцкая рэспубліка, а функцыі прэзыдэнта звузяцца прыблізна да тых памераў, як у Чэхіі ці ва Ўкраіне”.

Сапраўды, спадар Семяновіч, той палітык, які здолее перамагчы аўтарытарны рэжым і ўвесьці Беларусь у эўрапейскую сям’ю народаў, пакіне сваё імя ў беларускай гісторыі. Гэта адчуваюць і да гэтага імкнуцца многія амбітныя асобы, і нельга дакараць іх за гэта. Але якімі якасьцямі павінен валодаць палітык, каб адолець грубую сілу, папулізм, грэблівае стаўленьне да дэмакратычных прынцыпаў? Мне здаецца, што адных толькі інтэлігентнасьці, адукаванасьці і шырокага кругагляду тут недастаткова. Згадайце пачатак 1990-х гадоў, калі першай асобай у беларускай дзяржаве быў Станіслаў Шушкевіч — чалавек адукаваны, прынцыповы і сумленны. Відавочна, у яго былі магчымасьці дзеля таго, каб утрымацца пры ўладзе. Але якраз інтэлігентнасьць і прыстойнасьць не дазволілі зрабіць гэтага.

Вядома, захаваць сваё добрае імя, ні ў чым ня здрадзіць прынцыпам, заставацца інтэлігентам нават у самых крызісных сытуацыях — надзвычай важна для асобы. Але палітыку ў белых пальчатках ня робяць. Хто ведае, якой дарогай сёньня ішла б Беларусь, калі б тады, на пачатку 1994 году, Станіслаў Станіслававіч прыклаў болей намаганьняў дзеля таго, каб не аддаць пасаду старшыні Вярхоўнага Савету і не дазволіць імклівага палітычнага ўзьлёту амбітнага старшыні парлямэнцкай антыкарупцыйнай камісіі?

На заканчэньне – ліст ад Рамана Зіноўева з Дуброўна:

“Нядаўна пачуў, як адзін з вашых аўтараў скардзіўся, што ня можа дамагчыся, каб на яго скаргу адказалі па сутнасьці. Адфутбольваюць, маўляў, чыноўнікі адзін да аднаго, і толку няма. Магу даць такую параду. Можна напісаць пра сутнасьць сваёй праблемы людзям, якія непасрэдна за гэта не адказваюць, але маюць імя. Ну, напрыклад, Ядвізе Паплаўскай і Аляксандру Ціхановічу. Вядома, па сутнасьці гэта нелягічна — зьвяртацца да некампэтэнтных людзей. Але на практыцы часта спрацоўвае. Скаргу ў выніку пераадрасоўваюць куды трэба, а даваць адказ у гэтым выпадку чыноўнікі павінны ня толькі вам, але і тым вядомым людзям, да якіх вы зьвярталіся”.

Спосаб гэты, спадар Зіноўеў, ня новы. Вынайшлі яго ў савецкі час. Дзясяткі тысяч лістоў з просьбамі і скаргамі атрымлівалі тады, напрыклад, першая савецкая касманаўтка Валянціна Церашкова альбо сьпявачка Людміла Зыкіна. І некаторым яны, сапраўды, дапамагалі. Лісты перасылаліся па інстанцыях, але ўжо ад імя вядомай асобы, адмовіць якой многія чыноўнікі проста не адважваліся. Прыём, такім чынам, часам спрацоўваў. Усё гэта было народжана сыстэмай, у якой грамадзянін ня меў магчымасьці адстаяць свае правы ў незалежным судзе, якога ў СССР папросту не было. Церашкова ды Зыкіна дапамагалі дзясяткам ці сотням, а тысячы ды мільёны заставаліся пакрыўджанымі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Харытон зь мястэчка Краснае Маладэчанскага раёну, Анатоль Жэрдзеў з Гомелю, Юры Навіцкі і Віктар Бута зь Менску, Галіна Сутула з Глыбокага, Зінаіда Тхарова зь Ліды, Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў і Міхась Наумік з Маладэчна.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG