Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Бандажэўская: “Юрыю Бандажэўскаму прапануюць вярнуцца ў турму”


Алесь Дашчынскі, Менск Жонка зьняволенага прафэсара Юрыя Бандажэўскага атрымала адказ на свой ліст, які яна накіравала міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву, але не ад самога міністра, а ад начальніка дэпартамэнта ў выкананьні пакараньняў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. У лісьце зьняволенаму прафэсару прапануецца прайсьці мэдычнае абсьледаваньне ў рэспубліканскай лякарні для асуджаных.

Напрыканцы студзеня адміністрацыя калёніі-пасяленьня №26 адмовіла спадару Бандажэўскаму ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні і аднесла разгляд гэтага пытаньня на шэсьць месяцаў. Адміністрацыя матывавала такое рашэньне тым, што прафэсар, маўляў, “недастаткова” зарэкамэндаваў сябе ва ўмовах рэжыму калёніі-пасяленьня. Па гэтай прычыне нельга прызнаць, што ён даказаў сваё выпраўленьне. Прафэсару не залічылі тры месяцы, цягам якіх ён лячыўся. Да таго ж, паводле адміністрацыі, прафэсар ня мае намер пагасіць зыску ў 35 мільёнаў рублёў.

Галіна Бандажэўская абскардзіла гэтае рашэньне ў лісьце да міністра Ўладзімера Навумава. Але на гэты ліст адказаў начальнік дэпартамэнта ў выкананьні пакараньняў міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. У ім гаворыцца, што “дэпартамэнт не бачыць ніякіх парушэньняў законнасьці ў тэрмінах разгляду пытаньня аб умоўна-датэрміновым вызваленьні прафэсара”. Адмову камісіі калёніі-пасяленьня №26 дэпартамэнт лічыць “правамернай і абгрунтаванай”. Маўляў, прафэсар Бандажэўскі не пасьпеў яшчэ даказаць сваё выпраўленьне.

Дэпартамэнт вінаваціць прафэсара ў тым, што ён, атрымаўшы дазвол на адпачынак цягам 7 сутак увосень мінулага года, у тэрмін не вярнуўся ў калёнію, а прыбыў толькі на пачатку студзеня гэтага года. Але, як вядома, у гэты тэрмін прафэсар Бандажэўскі праходзіў курс лячэньня, у тым ліку ў адным з менскіх шпіталёў. Цяпер атрымліваецца, што ён у гэтым вінаваты.

Дэпартамэнт таксама вінаваціць прафэсара, што пяць дзён той наогул не знаходзіўся ў мэдычных установах, а быў дома, што “зьяўляецца грубым парушэньнем устаноўленага парадку адбываньня пакараньняў”. Далей – яшчэ цікавей! У лісьце гаворыцца, што “адміністрацыя калёніі №26 праявіла гуманнасьць, бо не прымяніла адносна Бандажэўскага мераў спагнаньня”.

Нарэшце, начальнік дэпартамэнта заяўляе, што поўнае стацыянарнае абсьледаваньне і неабходнае лячэньне асуджаны Бандажэўскі можа прайсьці ў рэспубліканскай лякарні для асуджаных, якая знаходзіцца ў папраўчай калёніі №1 горада Менска. Пытаньне вызваленьня ці замены пакараньня на больш мяккае па прычыне хваробы асуджанага Бандажэўскага можа быць вырашана судом толькі пры наяўнасьці адпаведнага заключэньня адмысловай мэдычнай камісіі”. Аднак спачатку Юры Бандажэўскі павінен прайсьці абсьледаваньне ў рэспубліканскім шпіталі для асуджаных.

Ці пойдзе прафэсар ў гэтую лякарню – пытаньне да ягонай жонкі, Галіны Бандажэўскай.

(Бандажэўская: ) “Яны чамусьці нам парпануюць прайсьці абсьледаваньне. Але мы ж абсьледаваліся, ляжалі ў Бараўлянах, ляжалі у першай клінічнай лякарні ў Менску, нам выстаўлены дыягназ, усе дакумэнты ў іх на руках. Але чаму яны зноў кажуць, калі вы хочаце, давайце вас зноў пакладзем у турму, засадзім і там будзем абсьледаваць. Ясна, што на такія іх рашэньні не пайду, таму што гэта зноў турма”.

Стан здароўя прафэсара кепскі, і гэта выклікае заклапочанасьць у праваабаронцаў, у міжнароднай супольнасьці. Я нагадаю, што Эўрапарлямэнт у сваёй заяве аб палітзьняволеных у Беларусі патрабуе ў тым ліку вызваленьня Юрыя Бандажэўскага. Спадарыня Бандажэўская атрымала нядаўна ліст ад Нью-Ёрскай акадэміі навук, сябрам якой зьяўляецца прафэсар. Камітэт у правох чалавека вучоных гэтай акадэміі зьвярнуўся да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, да міністраў унутраных і замежных справаў Беларусі. Навукоўцы заклікаюць гэтых высокапастаўленых асобаў да гуманнасьці. Яны просяць, улічваючы стан здароўя спадара Бандажэўскага, зьмякчыць яму меру пакараньня. Ліст падпісалі вядомыя асобы, сярод якіх ёсьць Нобэлеўскі лаўрэат.

Але ці разьлічвае Галіна Бандажэўская на тое, што падобныя лісты і заявы могуць неяк паўплываць на афіцыйны Менск?

(Бандажэўская: ) “Я не чакаю міласэрнасьці ад нашага ўрада і нашых уладаў, што яны сапраўды па просьбах людзей дадуць майму мужу магчымасьць займацца навукай, працаваць, жыць спакойна. Гэта проста больш бадзёрыць нас, што людзі падтрымліваюць, памятаюць, што ёсьць такі вучоны, які мае патрэбу ў іх дапамозе. А ў дапамогу ад нашай дзяржавы ці ў нейкую яе міласьць я ня веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG