Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларускія ўлады фактычна зьнішчылі незалежную прэсу"


Ул. інф. "Беларускія ўлады фактычна зьнішчылі незалежную прэсу" – такое сьцьверджаньне ўтрымліваецца ў штогадовай справаздачы, якую абнародавала ўчора міжнародная арганізацыя Камітэт абароны журналістаў.

"На пачатку 2004 года Лукашэнка ўзмацніў ціск на сродкі масавай інфармацыі тым, што аддаў у лютым загад Міністэрству юстыцыі зрабіць больш жорсткай пазыцыю ў адносінах да недзяржаўных арганізацый напярэдадні выбараў", – гаворыцца ў дакумэнце.

Адзначаецца таксама, што на працягу наступных месяцаў пракуратура, падатковыя і іншыя дзяржаўныя органы "разгарнулі кампанію перасьледу і запалохваньня журналістаў, дзеячаў апазыцыі і членаў праваабарончых арганізацый, якія крытыкавалі Лукашэнку і яго рэпрэсіўную палітыку", а мясцовыя СМІ ў Беларусі "па сутнасьці выконваюць парапагандысцкія функцыі".

На думку міжнародных экспэртаў, улады "душылі незалежныя і апазыцыйныя СМІ краіны на працягу некалькіх месяцаў, якія папярэднічалі парлямэнцкім выбарам у кастрычніку 2004", перасьлдаваліся і замежныя журналісты. Так, у чэрвені суд прызнаў вінаватым у публікацыі "паклёпніцкіх вымыслаў" намесьніка рэдактара незалежнай мінскай штотыднёвай газэты "Время" Міхаіла Падаляка, які быў пазьней дэпартаваны на радзіму ва Ўкраіну. У тым жа месяцы міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі журналістаў тэлеканала "Россия" з той прычыны, што яны нібыта завысілі колькасьць удзельнікаў антыўрадавага мітынгу. У дзень кастрычніцкага рэфэрэндуму па абвінавачаньні ў хуліганстве быў затрыманы карэспандэнт расійскай тэлекампаніі "Первый канал" Павел Шарамет.

У дакладзе таксама згадваецца забойства журналісткі беларускай апазыцыйнай газэты "Солидарность" Веранікі Чаркасавай, якая была знойдзеная 20 кастрычніка ў сябе ў кватэры са шматлікімі нажавымі раненьнямі. "На канец года расьсьледаваньне гэтага забойства, якое праводзіцца міліцыяй, не прынесла ніякіх вынікаў", – падкрэсьліваюць аўтары дакладу.

"2004 год быў горшым годам дзейнасьці для СМІ", – лічыць Камітэт па абароне журналістаў. На працягу года 56 журналістаў былі забітыя. Расею і іншыя краіны СНД аўтары справаздачы абвінавачваюць у абмежаваньні свабоды прэсы. "У 2004 годзе аўтарытарныя лідэры многіх былых савецкіх рэспублікаў умацавалі сваю ўладу. Іх урады жорстка падаўлялі любыя праявы незалежнасьці, ад працы журналістаў і кантролю за выкананьнем правоў чалавека да рэлігійнай актыўнасьці і палітычнай апазыцыі", – гаворыцца ў дакладзе.

Выключэньне ў гэтым рэгіёне, на думку экспэртаў камітэта, склалі Латвія, Літва і Эстонія – "краіны з устойлівай традыцыяй свабодных СМІ". У дакладзе таксама адзначаецца, што апошнія падзеі ва Ўкраіне – "станоўчы знак" таго, што гэтая краіна "пяройдзе ад рэпрэсій да справядлівасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG