Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы рэктар Віленскага ўнівэрсытэту, дэпутат Эўрапарлямэнту Р.Павілёніс: у беларускім кірунку Эўразьвяз “дзейнічае неэфэктыўна”


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскі эўрапарлямантар Раландас Павілёніс мяркуе, што пасьля сэмінару ў Вільні, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі Эўрапарляманту на вышэйшым узроўні, “Эўразьвяз зробіць новыя, магчыма, нетрадыцыйныя крокі” дзеля падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Ён лічыць, што дагэтуль Эўразьвяз у беларускім пытаньне дзейнічаў неэфэктыўна.

Літоўскі дэпутат у Эўрапейскім парлямэнце Раландас Павілёніс, былы рэктар Віленскага ўнівэрсытэту, бярэ ўдзел у працы некалькіх камітэтаў у справе асьветы, грамадзянскіх свабодаў, правоў чалавека. Ён зьяўляецца сябрам дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту па сувязях зь Беларусьсю і выступае за неабходнасьць зьмены традыцыйных падыходаў у Эўразьвязе ў дачыненьні да Беларусі.

(Павілёніс: ) “ЗША дасюль лепш і больш дзейсна падтрымлівалі дэмакратычныя сілы ў Беларусі, – Эўразьвяз, па-мойму, неэфэктыўна дзейнічае доўгі час. Кожны раз, калі мы слухаем паведамленьні прадстаўнікоў Эўракамісіі пра дасягненьні, гэта нас расчароўвае: тое, што зроблена, выглядае занадта агульным, дэкляратыўным, ня мае сыстэмнага характару. Таму мы вырашылі падрыхтаваць Плян дзеяньняў, у якім было б ясьней пазначана, што могуць зрабіць усе інстытуцыі Эўразьвязу пры падтрымцы дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Я, як сябра камітэту культуры і асьветы ў Эўрапарляманце, найбольш увагі аддаю дапамозе беларускай моладзі, якія страцілі магчымасьць вучыцца з-за свавольства беларускага рэжыму. Я настаяў на пункце аб фінансавай дапамозе ЭГУ і для таго, каб больш беларускіх студэнтаў маглі атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. Тут ідзецца пра канкрэтную фінансавую дапамогу ад Эўразьвязу.

Дасюль усе фінансаваньні праз праграму ТАСІС ня былі эфэктыўнымі, бо там існавала неабходнасьць дамаўляцца зь беларускімі ўладамі, якія часта ўвогуле адхілялі прапановы фінансавай дапамогі, бо цьвердзілі, што гэта было ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі, – абсурднае абвінавачваньне.”

Прадстаўляючы апошні Плян дзеяньняў для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі з 34-х пунктаў, падрыхтаваны дэлегацыяй Эўрапарляманту па сувязям зь Беларусьсю, літоўскі дэпутат адзначыў, што Плян улічвае ня толькі палітычную ініцыятыву Эўрапарляманту, арыентаваную на агульную палітыку Эўразьвзу ў дачыненьні да Беларусі, але і супольныя дзеяньні з ЗША.

(Павілёніс: ) “Таму мы шукаем далейшыя шляхі і на гэтым тыдні ў Вільні адбудзецца сэмінар, у якой будзе ўдзельнічаць і камісар Бэніта Фэрэра-Валднэр, і кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Богдан Кліх, і віцэ-старшыня Эўрапарляманту Януш Анушкевіч. Мы зьбяромся і абмяркуем канкрэтную дапамогу і што да праблемаў адукацыі, з улікам прапановаў прадстаўнікоў зь Беларусі. Спадзяюся, што камісар Валднэр прыме рашэньне адносна новых крокаў, магчыма, нетрадыцыйных, якія неабходна рабіць.

Бо калі мы будзем і далей дзейнічаць паводле ранейшых прынцыпаў, з грувасткімі бюракратычнымі працэдурамі, дзе шмат увагі надаецца дыялёгу зь беларускімі ўладамі, – гэта ніколі не давала ніякіх пазытыўных вынікаў. Трэба зрабіць усё, каб больш моладзі зь Беларусі вучылася тут у Літве альбо ў іншых краінах Эўропы, каб моладзь адчула сур’ёзную падтрымку. Думаю, мы здолеем гэта зрабіць. Літва, як блізкая суседка Беларусі, павінна рабіць усё, што магчыма, каб як мага болей увагі палітыкаў сьвету было скіравана на Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG