Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перавязуць Міхаіла Марыніча з аршанскай калёніі ў шпіталь?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сыны Міхаіла Марыніча абвінавачваюць беларускія ўлады ў мэтанакіраваных спробах зьнішчыць іхнага бацьку, вядомага апазыцыянэра Міхаіла Марыніча, які адбывае пакараньне ў аршанскай калёніі. Тым часам кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС заяўляе, што неўзабаве Міхаіла Марыніча перавязуць з Воршы ў шпіталь менскай калёніі для мэдычнай дапамогі.

Ігар і Павал Марынічы, сыны асуджанага Міхаіла Марыніча, сёньня наладзілі адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную апошнім падзеям, зьвязаным зь іх бацькам. Сыны экс-міністра вельмі жорстка ацанілі дзеяньні ўладаў што да Міхаіла Марыніча.

(Ігар Марыніч: ) “Мы лічым, што сёньня ўлада мэтанакіравана забівае нашага бацьку. Мы не саромеемся гэтых словаў і будзем дамагацца, каб ужо цяпер была заведзеная крымінальная справа па факце ненаданьня мэдычнай дапамогі нашаму бацьку. Мяркую, калі зьменіцца ўлада, мы знойдзем праўду, хто замовіў гэтую справу”.

7 сакавіка ў аршанскай калёніі зь Міхаілам Марынічам здарыўся інсульт, якому папярэднічала тое, што цягам чатырох дзён вязьню не давалі патрэбных лекаў.

У прыватнасьці, Міхаілу Марынічу не дазволілі прыняць прэпарат атэналёл, які лекарамі быў яму вызначаны як жыцьцёва неабходны. Пра гэта распавёў малодшы сын Марыніча Павал, спаслаўшыся на зьвесткі, атрыманыя ад адваката.

(Павал Марыніч: ) “Чатыры дні чалавек пакутуе ад болю, просіць прэпарат, які ў яго ёсьць. Ён жа прывёз гэты атэналёл з сабой! І ў копіі мэдычнай карты, якая была зь ім, таксама напісана пра атэналёл, што ён неабходны! Але ўсё роўна не даюць. Гэта яшчэ раз дэманструе зьвярыны твар рэжыму”.

Сыны Марыніча паведамілі, што дагэтуль у іх няма адказу на зварот у пракуратуру Беларусі з патрабаваньнем пракурорскай праверкі дзеяньняў адміністрацыі аршанскай калёніі. Ігар і Павал Марынічы таксама працягваюць настойваць на правядзеньні кансыліюму з удзелам незалежных, у тым ліку замежных лекараў. Яны кажуць, што ў іх бацькі пасьля інсульту часткова паралізаваная левая палова цела і замаруджаная мова.

Паводле зьвестак з аршанскай калёніі, 14 сакавіка Міхаіла Марыніча агледзелі мэдыкі, якіх выклікала кіраўніцтва калёніі. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў Уладзімер Коўчур паведаміў, што прынятае рашэньне перавезьці спадара Марыніча для лячэньня ў шпіталь пры менскай калёніі на вуліцы Апанскага. Паводле Ўладзімера Коўчура, гэтае рашэньне мяркуецца выканаць “цягам бліжэйшых дзён”.

Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч быў арыштаваны ў красавіку мінулага году і праз восем месяцаў асуджаны на 3,5 году зьняволеньня нібыта за крадзеж маёмасьці. Шмат хто ў Беларусі і сьвеце лічыць, што гэтак яму адпомсьцілі за апазыцыйную дзейнасьць і жаданьне вылучыцца кандыдатам на прэзыдэнта на выбарах 2006 году.

Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG