Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрыманыя сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і актывіст гэтай арганізацыі Артур Фінкевіч (фотарэпартаж)


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты “Маладога фронту” зьбіраліся адзначыць дзень Канстытуцыі Беларусі пэрформансам на Кастрычніцкай плошчы Менску. Але акцыя не адбылася, міліцыянты затрымалі яе арганізатараў Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінкевіча. Абодва актывісты атрымалі па 15 сутак.

15 сакавіка, у 11-ю гадавіну беларускай Канстытуцыі, актывісты “Маладога фронту” хацелі арганізаваць у цэнтры Менску акцыю-пэрформанс пад назваю “Пахаваньне Асноўнага закону”. Удзельнікі акцыі меліся наладзіць на Кастрычніцкай плошчы працэсію з бутафорскімі трунамі, на якіх было напісана: “Канстытуцыя-1995”, “Канстытуцыя-1996”, “Канстытуцыя-2004”. Гаворыць актывіст “Маладога фронту” Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Мы вырашылі гэта зрабіць, таму што акрамя нас у Беларусі на вуліцы не застаўся ніхто. Таму моладзі прыходзіцца браць на сябе такія адказныя рашэньні. І сёньня, у дзень Канстытуцыі, мы хацелі вынесьці тры труны — 1995, 1996 і 2004 год, якія сымбалізуюць, што Лукашэнка тры разы згвалціў Канстытуцыю, фактычна забіў яе. І мы хацелі акцэнтаваць на гэтым увагу”.

Але арганізаваць пэрформанс маладафронтаўцам не ўдалося. Як толькі Зьміцер Дашкевіч зьявіўся на плошчы з бутафорскімі трунамі, да яго падбеглі некалькі чалавек у цывільным, схапілі за рукі й ногі ды пацягнулі ў амонаўскі аўтобус. Маладафронтаўцы спрабавалі заступіцца за Дашкевіча, але безвынікова. Вось што сказаў ягоны сябар Артур Фінкевіч:

(Фінкевіч: ) “Вось так яны ставяцца. Яны гэта неаднойчы паказвалі. Але вось так за рукі й ногі выносяць чалавека, зьбіваюць... Не зьдзіўлюся, калі цяпер Дзіму ў аўтобусе будуць проста фізычна зьбіваць. Гэта зьдзек. Гэта загад зьверху, каб нічога не адбывалася ў гэты дзень, каб ніхто нічога не сказаў і не паказаў. Можа быць, гэта зьвязана і з прэзыдэнцкай кампаніяй, якая ў прынцыпе ўжо пачалася”.

Неўзабаве і сам Артур Фінкевіч апынуўся ў амонаўскім аўтобусе. Яго схапілі, калі Артур разам зь дзесяцьцю маладафронтаўцамі ўжо сыходзіў з плошчы. Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінкевіча адвезьлі ва ўправу міліцыі Цэнтральнага раёну Менску.

15 сакавіка 200515 сакавіка 2005
15 сакавіка 200515 сакавіка 2005


Фотаздымкі photo.bymedia.net

***

Як паведаміла з Цэнтральнага РУУС Менску, куды былі дастаўленыя затрыманыя актывісты Маладога фронта, карэспандэнтка Радыё Свабода Любоў Лунёва, Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінкевіч пакараныя арыштам тэрмінам па 15 сутак кожнаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG