Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шанец пазбавіцца ад Лукашэнкі існаваў”


Вольга Караткевіч, Прага Пра абставіны прыняцьця Канстытуцыі і ўвядзеньня пасады прэзыдэнта ў 1994 годзе краіны мы гутарым з супрацоўнікам “Свабоды”, а ў той час – дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня і членам Канстытуцыйнай Камісіі Сяргеем Навумчыкам.

(Навумчык: ) “Я ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай Камісіі на апошнім этапе, калі ўзьнікла пагроза ўвядзеньня прэзыдэнцтва. Нагадаю, што спачатку Станіслаў Шушкевіч таксама выступаў супраць прэзыдэнцтва, калі ён быў сьпікерам парлямэнту, але недзе годзе ў 1993-ім яго пераканалі, што прэзыдэнцтва трэба ўводзіць.

Былі вялікія дэбаты, мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, папярэджвалі, што прэзыдэнцтва, калі яно будзе ўведзенае, проста непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Я цяпер перагледзеў свой архіў – у нас было тры заявы на гэтую тэму. Імкнуліся пераканаць у гэтым астатніх дэпутатаў. На жаль, не ўдалося гэта зрабіць ня толькі з тымі, хто быў прыхільнікам Кебіча (а менавіта пад яго, тагачаснага старшыню Саўміну, рабілася гэтая Канстытуцыя), але і з так званымі "маладымі ваўкамі", якія раней зьнялі Шушкевіча... Гэта – група Ганчара, Лябедзькі, Сініцына. Ніякія аргумэнты пра будучыню Беларусі, пра дэмакратызацыю яны не ўспрымалі, і вось, аб''яднаўшыся з прыхільнікамі Кебіча, яны якраз і сабралі вось гэтую так званую "канстытуцыйную большасьць". Само ж прыняцьце Канстытуцыі адбывалася з грубым парушэньнем Рэгламэнту Вярхоўнага Савета, гэта сапраўды было галасаваньне пайменнымі бюлетэнямі, што не прадугледжана Рэгламэнтам. Былі і іншыя працэдурныя парушэньні. І таму мы лічылі, што гэты разьдзел аб прэзыдэнцтве – быў нелегітымным.

(Караткевіч: ) “Сяргей, Вы ўзгадалі імёны Віктара Ганчара і Анатоля Лябедзькі. Вось цяперашнія дзеячы палітычнай апазыцыі, у чым яшчэ адрозьнівалася іхняя пазыцыя, у якіх момантах, ад фракцыі БНФ?”

(Навумчык: ) “Найперш скажу, што не жадаю ніякім чынам камэнтаваць цяперашнія дзеяньні Анатоля Лябедзькі ды іншых палітыкаў. І мы ведаем, які лёс у Віктара Ганчара.... А тады... Вось Мечыслаў Грыб у інтэрвью "Свабодзе" сказаў, што быў шанец раскруціць нейкім чынам гісторыю "стрэлу пад Лёзна" і зьняць Лукашэнку з выбараў. Яня думаю, у той момант ён, як кажуць, без варыянтаў ішоў на прэзыдэнцтва, і проста вось так «зьняць» яго не атрымалася б. Была, праўда, магчымасьць "праваліць" другі тур, але пра яе як-небудзь іншым разам.

Але і пасьля абраньня Лукашэнкі былі шанцы. Увосень 1994 года нам (Апазыцыі БНФ) удалося разам з некаторымі іншымі фракцыямі (напрыклад, так званай Сацыялістычнай партыі, якую ўзначальваў першы віцэ-сьпікер Кузьняцоў), і з тым жа самым Грыбам, дамовіцца пра выбары ВС па прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме. 25 адсоткаў мандатаў аддаваліся партыйным сьпісам, гэта было 75 дэпутацкіх месцаў.

Ну вось якраз прадстаўніком прэзыдэнта Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня быў Анатоль Лябедзька, і Лябедзька вельмі актыўна блякаваў гэтую нашую ініцыятыву. Я сказаў бы, што проста ў дачыненьні да дэпутатаў "незалежных" так званых з боку прэзыдэнцкай адміністрацыі ішло тое, што можна назваць "выкручваньнем рук". І тая нашая прапанова, яна, на жаль, не набрала належнай колькасьці галасоў. Калі б яна набрала галасы – дык бясспрэчна, у новым Вярхоўным Савеце 13-ага скліканьня былі б прадстаўнікі Народнага Фронту. Найперш, быў бы, канешне, Зянон Пазьняк. І я думаю, што тыя асобы, якія туды б прайшлі, яны б проста не дазволілі падпісаць тую дамову ў восень 1996 года з прадстаўнікамі Крамля, якая праваліла імпічмэнт. Вось гэта, мне здаецца, быў апошні шанец пазбавіцца ад Лукашэнкі, разгарнуць краіну на шлях дэмакратыі!.

(Караткевіч: ) !Сяргей, ці можаце Вы прыгадаць, як Аляксандар Лукашэнка паводзіў сябе ў час прыняцьця Канстытуцыі? Ці ён выступаў, што ён прапаноўваў?”

(Навумчык: ) “Не, ён больш хадзіў па залі, гучалі ад яго нейкія такія пагрозы, ён жа быў старшынём гэтак званай "антыкарупцыйнай камісіі". Асноўную працу праводзілі ягоныя прыхільнікі. Да мяне, напрыклад, падыходзіў Віктар Ганчар і казаў : "Сергей, ты видишь, как разворачивается ситуация. Давай определяйся!". Але ў мяне даўно была вызначаная палітычная пазыцыя, як і ў іншых дэпутатаў БНФ. Мы проста ня бралі ў рукі тыя бюлетэні. Лукашэнку, канечне, адназначна было выгаднае прыняцьце гэтага разьдзелу, таму што ён ужо адразу заявіў, што пойдзе на прэзыдэнцтва. І Кебічу, канешне – ён таксама быў перакананы, што ён, Кебіч, пераможа. Мы ж, Апазыцыя БНФ, да апошняга моманту адгаворвалі дэпутатаў, Ганчара і іншых “маладых ваўкоў”, каб яны падтрымалі нас, каб гэтая большасьць саўмінаўская не набрала належнай колькасьці галасоў. Але… Яны прагнулі ўлады, і ніякія нашыя аргумэнты не ўспрымалі”.

(Караткевіч: ) “Шмат якія міжнародныя арганізацыі не прызналі Канстытуцыю ў рэдакцыі 1996 году, бо ня быў прызнаны рэфэрэндум. Цяпер некаторыя палітыкі, якія заяўляюць пра магчымасьць балятаваньня на пасаду прэзыдэнта, я маю на ўвазе Аляксандра Казуліна, – прапануюць вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года. На Вашую думку, ці сапраўды яна на сёньняшні момант больш адпавядае шляху дэмакратызацыі Беларусі, ці варта, наадварот, прыняць новую Канстытуцыю?”

(Навумчык: ) “Справа ў тым, што і Канстытуцыя 1994 года ў момант свайго прыняцьця не адпавядала патрэбам часу. Не магу пагадзіцца з Мечыславам Грыбам, што ўвядзеньне прэзыдэнцтва было непазьбежнае. Паглядзіце: з усіх пост-эсэсэраўскіх краінаў там, дзе не была ўведзеная пасада прэзыдэнта, – гэтыя краіны вырваліся наперад. У Латвіі, Літве, Эстоніі прэзыдэнцтва было прынятае значна пазьней чым у нас, прычым у Латвіі і ў Эстоніі гэта даволі намінальная пасада. У Беларусі, у Расеі, у іншых краінах ўведзенае "моцнае прэзыдэнцтва" – і мы бачым, зь якімі вынікамі (хаця, канешне, прычына ня толькі ў прэзыдэнцтве)”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG