Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сакавіка 1893 году нарадзіўся Андрэй Мрый


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 15 сакавіка

15 сакавіка 1994 году была прынятая Канстытуцыя РБ, Першая канстытуцыя незалежнай Беларусі. Падпісаў яе тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя ўводзіла ў краіне пасаду прэзыдэнта, але не давала гарантыяў абароны ад аўтарытарнае ці дыктатарскае мадэлі ўлады.

15 сакавіка 44 году да нараджэньня Хрыста пакінуў гэты сьвет рымскі дыктатар і вайскаводзец Гай Юлі Цэзар. Яшчэ ў юнацтве Цэзар вырашыў стаць палітыкам. Ён прагнуў зьмяніць навакольны сьвет і тагачасны Рым. Гэта ён перайшоў Рубікон у часе паходу супраць барбараў і адкрыта супрацьпаставіў сябе ўладам тагачаснага Рыму. Цэзара шанавалі за ягоны розум, мужнасьць і прамоўніцкія здольнасьці. Гэта яму належыць выказваньне: “Прыйшоў, убачыў, перамог”. Стаўшы рымскім імпэратарам, Цэзар мог нарэшце заняцца рэформамі, але неўзабаве быў забіты ў выніку змовы сэнатараў. У той змове браў удзел і няродны сын Цэзара Брут. Сэнатары вырашылі, што кожны зь іх ударыць імпэратара нажом, каб падзяліць адказнасьць за забойства. Калі яны акружылі Цэзара, ён нават не супраціўляўся. І толькі пабачыўшы сына, які замахнуўся кінжалам, дакорліва прамовіў “І ты, Брут...”

15 сакавіка 1410 году крыжацкія палкі напалі на Ваўкавыск. Акурат была вербная нядзеля, і таму крыжацкі напад выглядаў блюзьнерствам. А мэтай нападу, як піша гісторык Кастусь Тарасаў, было забойства князя Вітаўта, які меўся быць у Ваўкавыску на сьвята. Крыжакі хацелі такім чынам разбурыць вайсковы саюз Польшчы і ВКЛ.

15 сакавіка 1868 году ў Менску нарадзіўся Яўген Ляцкі, гісторык літаратуры, зьбіральнік фальклёру. Скончыўшы Маскоўскі ўнівэрсытэт, Ляцкі падарожнічаў па Беларусі і Літве ў пошуку этнаграфічных матэрыялаў. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі 1917 году Ляцкі перабраўся ў Прагу, і там у Карлавым унівэрсытэце загадваў катэдрай расейскай мовы і літаратуры. З-пад пяра вучонага выйшлі працы “Ўяўленьні беларуса пра нячыстую сілу”, “Нататкі па беларусазнаўству” і артыкул пра творчасьць Якуба Коласа, а таксама капітальныя “Матэрыялы для вывучэньня творчасьці і быту беларусаў”.

Таксама 15 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі пісьменьнік Андрэй Мрый і фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Жарэс Алфераў, які нарадзіўся ў Віцебску.
XS
SM
MD
LG