Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хочаш стаць фэрмэрам — рыхтуй хабар для чыноўнікаў”


Валянцін Жданко, Менск Тэма, якая часта абмяркоўваецца на старонках допісаў нашых слухачоў — лёс беларускай вёскі. Ці зьявіцца ў ёй гаспадар? Наш пастаянны слухач і аўтар Павал Сац зь вёскі Асавая ў сваім чарговым лісьце падрабязна апісаў гісторыю знаёмага фэрмэра Аляксандра з адной зь вёсак раёну.

“Зь вялікімі цяжкасьцямі сабраўшы неабходныя дакумэнты, стаў Аляксандар думаць пра зямлю, пра тэхніку, — піша Павал Сац. — Сям’я ў яго вялікая — жонка, восем дзяцей. Каб пражыць з гаспадаркі, працаваць трэба ад цямна да цямна. Завёў шэсьць кароваў, потым вырашыў павялічыць статак да дваццаці. Трэба павялічваць пашу. А тут сельсавет заламаў такую цану за гектар, што ні ў якія рамкі ня лезе. Падаў у суд. Адначасова давялося займацца юрыдычнай самаадукацыяй, бо ў судзе абараняў сябе сам. І такі адстаяў свае правы.

Як толькі ў яго больш-менш наладзілася справа — выявілася, што ёсьць процьма чыноўнікаў, якім ён нібыта павінен плаціць. Кожны хоча нешта ўрваць. Вельмі доўга давялося афармляць дакумэнты на водаправод. Потым прыйшлі, убачылі цяпліцу, кажуць: “За яе трэба асобна заплаціць”. Ён запярэчыў: “Туды ж вада не праведзена”. Ну і што, кажуць, усё роўна плаці. А колькі намаганьняў каштавала займець месца на гарадзкім рынку. Але перамогу хоць у адным гэтым пытаньні атрымаць удалося.

Паслаў сына вучыцца на курсы, каб мець свайго шафёра ў гаспадарцы. Дык яго не дапусьцілі да іспытаў. Як вырашыць праблему? Вядома як — праз хабар. І так на кожным кроку. А адкуль на ўсіх узяць? Калі на кожнага хабарніка аддаць цяля, дык гаспадарка разваліцца, на жыцьцё не застанецца. Яны прывыклі мець свае бясплатныя ўчасткі на калгасных землях — думаюць, што і фэрмэры дазволяць ім тое ж. “Часам так дапякуць, — кажа Аляксандар, — што ўзьнікае думка падагнаць машыну, пагрузіць усё ды прадаць. Але нешта яшчэ стрымлівае, ёсьць нейкая сіла ўнутры”.

Выснову па падставе ўсяго гэтага Павал Сац робіць наступную:

“Сутнасьць улады ў Беларусі засталася такой жа, як за камуністамі. Памяняліся некаторыя імёны, але мэнталітэт — той самы. Часам зьдзіўляесься, як наш народ яшчэ церпіць гэту няпраўду, карупцыю ды іншую нечысьць. Няўжо не разумеюць, што настаў час паглядзець на саборную Ўкраіну ды навесьці парадак і ў сваёй дзяржаве?”

Мяне парадаваў ваш аповед, спадар Сац. Парадавала, што ёсьць на вёсцы такія людзі, як Аляксандар. (У лісьце вы паведамляеце і прозьвішча яго, і вёску, але ў эфіры я вырашыў іх не называць, каб ня ўзьніклі ў яго новыя цяжкасьці.) Будучыня сельскай гаспадаркі — менавіта за такімі людзьмі — энэргічнымі, цягавітымі, удумлівымі. Сёньня ў Беларусі мільёны гектараў кінутых земляў. На маёй радзіме на поўначы Шчучынскага раёну вялізныя абсягі, якія я памятаю як ворыўныя землі й сенажаці, сёньня зарастаюць хмызьняком, альбо, у лепшым выпадку, засаджваюцца лесам. Нямоглыя калгасы і саўгасы апрацоўваць іх ня ў стане. Ды і працаздольных людзей у навакольных вёсках практычна не засталося.

Тых людзей, якія сёньня хочуць і ўмеюць самастойна гаспадарыць на зямлі, варта было б увогуле вызваліць на некалькі гадоў (а то і на дзесяцігодзьдзе) ад падаткаў, заканадаўча забараціць чыноўнікам умешвацца ў іх гаспадарку, даць ільготныя крэдыты на тэхніку. Ня зробіць гэтага ўлада — і празь некалькі год на месцы Аляксандравай цяпліцы, якую мясцовы начальнік сёньня абкладвае падаткам, будзе расьці хмызьняк.

Кароткі ліст ад Рамана Зіноўева з Воршы. Слухач піша:

“Не разумею я беларускіх прадпрымальнікаў. Чаму такія абмежаваныя іх патрабаваньні да ўлады? Няўжо яны ня бачаць, на каго ім трэба раўняцца? Іх задавальняе такі рынак, як у Расеі — там гандляры ня плацяць падатку на даданую вартасьць. Але ж паедзьце вы на той рынак, напрыклад, у Смаленск: бруд, мафія і г.д. А нашы гандляры замест каб запатрабаваць выхаду Беларусі з СНД і адкрыцьця свабоднага абмену таварамі з Эўразьвязам, заяўляюць: “Мы такім рынкам, як у Смаленску, задаволеныя. Толькі скасуйце 18-адсоткавы падатак…”

Прадпрымальніцкія арганізацыі, спадар Зіноўеў, як правіла, імкнуцца ўвогуле пазьбягаць палітычных патрабаваньняў. Часткова гэта тлумачыцца вялікай залежнасьцю бізнэсу ад чыноўнікаў. Апроч таго, многія прыватныя гандляры маюць надзею, што, дыстанцуючыся ад палітыкі, у іх болей шанцаў дамагчыся эканамічных саступак. Хоць цяжка прыгадаць выпадак, калі б за апошнія гады яны перамаглі ў сваім супрацьстаяньні з уладай. Найчасьцей страйкі, якія напачатку абвяшчаюцца бестэрміновымі, заканчваюцца празь некалькі дзён пасьля пачатку.

Ліст ад Уладзімера Гардзейкі са Смалявічаў. Слухач распавёў пра тое, колькі намаганьняў давялося прыкласьці, каб чыноўнікі пагадзіліся аформіць яму пасьведчаньне сацыяльнага страхаваньня на беларускай мове. Адметна, што нават даючы дазвол, чыноўніца абласнога фонду сацыяльнай абароны Пятрова адказала на яго ліст па-расейску. Уладзімер Гардзейка з гэтай нагоды піша:

“Гэта такая зьнявага чалавечай годнасьці нас, беларусаў. Прыкра, ганебна, сорамна. І хто давёў нашу нацыю да стану духоўнага вынішчэньня? Якое імя яго? Няўжо гэта прэзыдэнт? Калі так, дык ці такі патрэбен беларусам? Лічу: не і не! Гэткай зьнявагі над нацыяй беларусаў нельга дараваць. Ня так цяжка было б перажыць любую стыхійную прыродную зьяву — неўраджай ці ўраган, але толькі не гэтае сьвядома запланаванае бедзтва. Гэта страшней за Чарнобыль.

Прыкра, што сярод дэмакратычнай апазыцыі пануе разлад. Кожны цягне ў свой бок. Не сумняюся, што ўлада заслала ў апазыцыю ўжо не аднаго шпіёна. Бач, ужо і Статкевіч стаў ім чужы, і Пазьняк таксама. Увогуле, роўных Пазьняку няма і сёньня. Ён яшчэ 15 год таму наказваў быць незалежнымі, адмовіцца ад поўнай энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, шукаць іншых пастаўшчыкоў. Да Лукашэнкі гэта дайшло толькі тады, калі ў люты мароз Масква напалохала яго, перакрыўшы газавую трубу. З трывогай бачу, што ў прэзыдэнты лезуць ужо і камуністы. Калі чуеш слова “камуніст” — дрыжыкі бяруць. Барані нас Бог ад іх, у іх жа нічога сьвятога. Адразу ўспамінаецца “чорны воран” па начах, судовая “тройка” ды разнарадкі: колькі “ворагаў народу” асудзіць, колькі расстраляць. Амаль усё насельніцтва выхоўвалі за кратамі. Хто ў турме ня быў — той, лічы, не савецкі чалавек”.

Думаю, спадар Гардзейка, гэта ўсё ж занадта спрошчаны падыход: шукаць прычыны ці то заняпаду нацыянальнай мовы, ці то разладу ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі у злых намерах адной асобы, няхай нават і надзеленай вялікай уладай. Аляксандар Лукашэнка ніколі, у тым ліку перад адзінымі ў Беларусі параўнальна дэмакратычнымі выбарамі 1994 году, не хаваў свайго сапраўднага стаўленьня да беларускай мовы. Калі б большасьць грамадзтва гатова была супрацьстаяць русіфікацыі, падтрымаць ідэі нацыянальнага адраджэньня — Лукашэнка адзінаццаць год таму прэзыдэнтам ня стаў бы.

Што да сытуацыі ў апазыцыі, то наўрад ці варта чакаць поўнага адзінства палітыкаў розных (у тым ліку супрацьлеглых) плыняў і кірункаў, калі заходзіць размова пра тое, хто стане галоўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. У палітыку ідуць, як правіла, вельмі амбітныя людзі, і пытаньне ўлады для іх — галоўнае. Хоць, натуральна, дзейная ўлада таксама зусім не спрыяе таму, каб у асяродзьдзі апазыцыі панавалі лад і згода.

На заканчэньне кароткі ліст ад Максіма Лыча са Сьветлагорску:

“Некалі вы чыталі па “Свабодзе” кнігу Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”, за што вам вялікі дзякуй. Мяне ж апошнім часам зацікавіла іншая кніга — “Выпадковы прэзыдэнт” Паўла Шарамета і Сьвятланы Калінкінай”. У продажы яе няма і ня будзе, так што набыць немагчыма. Таму прапаную вам прачытаць яе па “Свабодзе”. Упэўнены, што слухачы (а іх у вас ужо нямала) будуць вельмі ўдзячныя. Думаю, што і ўлада ня ўспрыме гэта як паклёп на прэзыдэнта, паколькі аўтары нічога не выдумалі, а толькі сабралі дакумэнтальныя матэрыялы. А тое, што кніга напісана па-расейску — не бяда: чытайце па-расейску, пакуль што ўсе ў нас гэту мову ведаюць і разумеюць”.

Кніга, пра якую вы, Максім, напісалі, выдадзена ў Расеі даволі вялікім накладам. Іншая рэч, што ў Беларусі яе распаўсюд забаронены. Было шмат выпадкаў, калі вялікія партыі накладу канфіскоўваліся, а распаўсюднікаў каралі вялікімі штрафамі і нават арыштамі. Цяпер кнігу можна набыць толькі ў расейскіх кнігарнях. Што да зьместу выданьня, то большасьць выкладзеных у ім фактаў па “Свабодзе” ў розны час гучала. Хоць, улічваючы вялікую грамадзкую цікавасьць да гэтай тэмы, мы пастараемся вашу, Максім, прапанову нейкім чынам выкарыстаць.

Дзякуй вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG