Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскага прадпрымальніка Барыса Элькіна судзяць за кнігу “Выпадковы прэзыдэнт”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Нагадаем, што ўночы 8 кастрычніка мінулага году па дарозе са Смаленску на Віцебск міліцыянты затрымалі машыну спадара Элькіна, у якой знаходзіліся 9 тысяч асобнікаў гэтай кнігі.

Справу прадпрымальніка Барыса Элькіна пачаў сёньня разглядаць Віцебскі абласны гаспадарчы суд. Яна была ініцыяваная Віцебскім раённым аддзелам па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, і ягоны кіраўнік Віктар Пракаповіч сфармуляваў адразу два абвінавачаньні на адрас спадара Элькіна: неадпаведнасьць рэальнай колькасьці асобнікаў той лічбе, што была ўказана ў дакумэнтах, і тое, што юрыдычны адрас маскоўскай фірмы, якая гандлюе гэтымі кнігамі, не адпавядае ейнаму сапраўднаму месцазнаходжаньню.

Паводле меркаваньня Барыса Элькіна, міліцыянты вырашылі давесьці гэтую справу да суду насуперак таму, што ніводзін з дакумэнтаў на набыцьцё гэтых кніг, раней, у часе затрыманьня, ня выклікаў у іх сумневу. Як згадвае спадар Элькін, уночы 8 кастрычніка супрацоўнікаў міліцыі хвалявала толькі тое, як знайсьці падставы для затрыманьня гэтага грузу.

(Элькін: ) “Я памятаю, як тым вечарам у міліцыянтаў трымцелі твары, яны былі спалоханыя. І толькі шапталі на вуха: “Ты ж разумееш, калі мы гэта табе аддамо, то заўтра нас тут ужо ня будзе!” Здаецца, і дакумэнты ўсе ў парадку, і затрымаць няма за што, і адпусьціць ня можам”.

Урэшце кнігі былі арыштаваныя да таго часу, пакуль будзе праведзеная адмысловая літаратуразнаўчая экспэртыза, якая мусіла высьветліць, ці няма ў творы “Выпадковы прэзыдэнт” паклёпу або абразаў годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Экспэрты параіліся, і ў студзені ў абласную пракуратуру была дасланая папера, што ніякае крамолы ў кнізе Сьвятланы Калінкінай ды Паўла Шарамета няма. Але 9 тысяч асобнікаў міліцыянты Барысу Элькіну так і не вярнулі, а яшчэ празь месяц абвінавацілі ў эканамічных правапарушэньнях.

Праваабаронца Гары Паганяйла, які быў прадстаўніком Барыса Элькіна на сёньняшнім судзе, лічыць, што і супрацоўнікі міліцыі, і пракуратура перш за ўсё зацікаўленыя ў тым, каб гэтая кніга любым коштам, але не дайшла да чытача.

(Паганяйла: ) “Кніга гэтая ня вельмі добрая — на думку тых, хто пры ўладзе. І таму неабходна зрабіць усё, каб яна ня трапіла ў рукі чытачоў. Я думаю, што хутчэй за ўсё паводле судовага рашэньня ўвесь гэты тавар будзе канфіскаваны на карысьць дзяржавы. Але вось што зробіць потым дзяржава з гэтай маёмасьцю? Баюся, што ўсе 9 тысяч кніжак будуць знішчаныя”.

Пакуль што судзьдзя Людміла Іванова не прыняла ніякага рашэньня і прызначыла наступнае пасяджэньне на 17 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG