Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія хакеісты выправяцца на чэмпіянат сьвету ў Аўстрыю пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана


Ігар Карней, Менск Упершыню на пасьлясавецкай прасторы месца трэнэра нацыянальнай хакейнай каманды пагадзіўся заняць прадстаўнік НХЛ – мацнейшай хакейнай лігі ў сьвеце. 48-гадовы Глен Хэнлан, былы брамнік канадзкіх і амэрыканскіх клюбаў, які зараз працуе з “Вашынгтон Кэпіталз”, згадзіўся на прапанову Беларускай фэдэрацыі хакею ўзначаліць зборную Беларусі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам у канцы красавіка беларусы выправяцца на чэмпіянат сьвету ў Аўстрыю.

Наколькі доўгатэрміновым плянуецца супрацоўніцтва Хэнлана з камандай Беларусі? Пакуль што гэты тэрмін акрэсьлены 1-м верасьня; пасьля гэтага стасункі Хэнлана зь Беларусьсю будуць цалкам залежаць ад перамоваў паміж кіраўніцтвам Паўночна-Амэрыканскай хакейнай лігі і прафсаюзам хакеістаў. Нагадаю, што сэзон НХЛ 2004-2005 аказаўся сарваны з-за так званага “лакаўту” (страйку хакеістаў), у зьвязку з чым тысячы гульцоў і трэнераў засталіся бяз працы. Калі нарэшце грашовыя непаразуменьні ўдасца зьліквідаваць, гульні ў НХЛ адновяцца, і часова працаўладкаваныя ва ўсіх частках сьвету “энхаэлаўцы” будуць прызваныя пад сьцягі сваіх камандаў. Уключна з Гленам Хэнланам.

Ці вядомыя якіясьці падрабязнасьці паседжаньня выканкаму фэдэрацыі хакею, на якім быў названы новы трэнэр зборнай Беларусі? Адразу скажу, што сваёй пасады пазбавіўся ранейшы трэнэр Міхаіл Захараў, які ня здолеў вывесьці зборную на Алімпіяду-2006. А што да Хэнлана, які нечакана для многіх сам прысутнічаў на суботнім паседжаньні, то яго лёс фактычна быў вырашаны загадзя, і галасаваньне пераўтварылася ў простую фармальнасьць.

Загадчык аддзелу хакею спартовай газэты “Прессбол” Васіль Федарэнкаў лічыць, што выклікаць чалавека з-за акіяну, каб потым адправіць яго назад – нелягічна. А за ўсёй гэтай ідэяй з “энхаэлаўцам”, на думку Федарэнкава, стаіць непасрэдна Аляксандар Лукашэнка.

(Федарэнкаў: ) “Хутчэй за ўсё, гэта яго ідэя была. Бо Захараў паступіў так, як і павінен быў паступіць любы трэнэр пасьля такога правалу. Але Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, пажадаў замежнага спэцыяліста. Знайшлі гэтага. Праўда, чакалі, што будзе эўрапеец, як швэд Ліндстром, які тры гады трэніраваў латышоў, але нечакана знайшлі канадца”.

Самае парадаксальнае, што Хэнлан гатовы працаваць задарма. Ня гледзячы на лакаўт, заробак ў клюбе “Вашынгтон Кэпіталз” яму ідзе, а, па-другое, Хэнлан перакананы, што сам па сабе такі досьвед – найлепшы стымул для любога трэнэра (дарэчы, асыстэнтам да Хэнлана прыстаўлены ў мінулым галоўны трэнэр зборнай Беларусі Анатоль Варывончык). Тым ня меней, ніхто не сумняецца, што матэрыяльнае заахвочаньне будзе – прынамсі, у выпадку пасьпяховага выступу беларусаў на Чэмпіянаце сьвету ў Аўстрыі.

Іншае пытаньне – ці можна паводле аб’ектыўнах фактараў разьлічваць на посьпех? Вось меркаваньне журналіста газэты “Прессбол” Вячаслава Федарэнкава:

(Федарэнкаў: ) “Тут ёсьць адзін істотны момант, які насьцярожвае: Хэнлан у мінулым брамнік. Толькі воляй лёсу ён зараз галоўны трэнэр “Вашынгтон Кэпіталз”, але, як сьведчыць досьвед, з брамнікаў вельмі рэдка атрымліваюцца добрыя трэнэры. Бо спэцыфіка крыху іншая ў іх гульнявая”.

Такім чынам, першае выпрабаваньне на долю новага трэнэра беларускай хакейнай зборнай выпадзе ўжо праз паўтара месяца на Чэмпіянаце сьвету ў Аўстрыі. І хоць беларусы сярод фаварытаў ня значацца, у другі этап каманда Хэнлана тэарэтычна выйсьці можа. На першай стадыі зборная Беларусі будзе супернічаць з камандамі Расеі, Славаччыны і гаспадарамі пляцоўкі аўстрыйцамі.
XS
SM
MD
LG