Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сакавіка 1864 году быў пакараны сьмерцю Кастусь Каліноўскі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 10 сакавіка

10 сакавіка 1864 году на загад расейскага генэрал-губэрнатара Беларусі Мураўёва быў пакараны сьмерцю правадыр вызвольнага паўстаньня Кастусь Каліноўскі. Дзеля гэтага на Лукіскім пляцы ў Вільні была наладжаная публічная экзэкуцыя і ўсталяваныя шыбеніцы. Пасьля павешаньня цела героя завезьлі на тэрыторыю расейскай цытадэлі і пахавалі каля падножжа знакамітае вежы Гедыміна. Яшчэ да вайны на тым месцы быў усталяваны помнік, але сёньня магіла героя не адзначаная нічым. У часе экзэкуцыі “грымелі барабаны. І пад гэты пошчак была зроблена адна з самых чорных справаў, якія ведала беларуская гісторыя”, напісаў пра тыя падзеі Ўладзімер Караткевіч. Адбылося пакараньне Каліноўскага а дзесятай гадзіне трыццаць хвілінаў раніцы.

10 сакавіка 1931 году карнікі НКВД у Менску вынесьлі прысуд беларускаму паэту Ўладзімеру Жылку – пяць гадоў высылкі ў горад Уржум Кіраўскай вобласьці ў Расеі. Такім чынам, моцна хворы паэт быў адпраўлены за тры тысячы кілямэтраў, за палярнае кола, адкуль ужо не вярнуўся ніколі.

10 сакавіка 1939 году ў Менску адкрываецца будынак Дзяpжаўнага тэатру опэpы й балета Белаpyсi. Ён быў збудаваны паводле праекту архітэктара Лангбарда на Траецкай гары, на месцы колішняга Траецкага рынку, дзе стаіць і цяпер.

10 сакавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет знакамітыя дзеячы беларускае культуры: літаратурны крытык Серафім Андраюк, мастак і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін ды кіна- й тэатральны актор Уладзімер Гасьцюхін.

Таксама 10 сакавіка ў 1957 годзе нарадзіўся ісламскі экстрэміст або сусьветны тэрарыст нумар адзін Усама бін Лядэн. Ён паходзіць з багатай сям’і ў Савудаўскай Арабіі, сваю дзейнасьць пачаў у часе савецкай акупацыі Аўганістану. Сёньня бін Лядэн хаваецца ад міжнароднага пакараньня за арганізаваныя ім шматлікія тэрарыстычныя акты.
XS
SM
MD
LG