Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маленькая перамога родных Веранікі Чаркасавай


Любоў Лунёва, Менск Журналістку газэты “Салідарнасьць” Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Яе цела знайшлі сын і айчым. Яны і лічацца асноўнымі падазраванымі ў забойстве. Раней сьледзтва вынесла пастанову аб прымусовым абсьледаваньні сына журналісткі Антона Філімонава ў стацыянары. Менскі гарадзкі суд адмяніў пастанову пракуратуры аб прымусовым абсьледаваньні сына Веранікі Чаркасавай у псыхіятрычным шпіталі.

Гарадзкі суд прыняў рашэньне – адмяніць пастанову сьледчых аб прымусовай псыхіятрычнай экспэртызе сына Веранікі Чаркасавай. Антон Філімонаў знаходзіцца цяпер у Маскве. У сярэдзіне лютага яго туды забраў бацька – пасьля таго, як стала вядома, што сьледзтва вырашыла зьмясьціць хлопца ў псыхіятрычны шпіталь. Бабуля Антона Дыяна Чаркасава непакоіцца за ўнука, бо ён дагэтуль мае статус падазраванага ў крымінальнай справе.

(Чаркасава: ) “Можа, сапраўды, да нейкага дойдзе і зразумеюць усю абсурднасьць гэтага абвінавачваньня супраць малога хлопца, які ня мог мець ніякага дачыненьня да гэтай справы. Ад пачатку было зразумела, што Чумачэнка трымаў Антона ў якасьці падазраванага, бо не было на каго ўсё гэта сьпіхнуць. У іх няма ніякіх варыянтаў. Цікава, што напярэдадні судовага паседжаньня, адвакат размаўляў з Чумачэнкам. Я зразумела, што Чумачэнка быў упэўнены ў тым, што суд не адменіць гэтую пастанову.”

Ці будзе сьледзтва дабівацца экстрадыцыі 15-гадовага хлопца? На гэтае пытаньне Радыё Свабода адказаў кіраўнік сьледчай групы Сяргей Іваноў:

(Іваноў: ) “Усё ў межах заканадаўства. Экспэртыза патрэбна і ўсё там адпавядае закону. Ну, а гэта ацэнка суду. Усё будзе абмяркоўвацца з кіраўніцтвам. Пакуль яшчэ не вырашана гэтае пытаньне.”

Назіральнікі адзначаюць, што, ў выпадку, калі сьледзтва зьменіць статус Антона з падазраванага на абвінавачанага, то, згодна зь міжнароднай канвэнцыяй, расейскія ўлады могуць выдаць хлопца беларускаму правасудзьдзю.

Паводле вэрсіі калегаў Веранікі Чаркасавай са штотыднёвіка “Салідарнасьць”, забойства журналісткі магло мець палітычныя прычыны, паколькі ёсьць верагоднасьць таго, што Вераніка валодала сакрэтнай інфармацыяй пра пастаўкі беларускай зброі ў Ірак. Міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” заклікала беларускія ўлады расьсьледаваць палітычную вэрсію забойства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG