Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зуброўца “прэвэнтыўна” затрымалі яшчэ да пачатку акцыі


Любоў Лунёва, Менск Каардынатара руху “Зубр” Яўгена Афнагеля прэвэнтыўна затрымалі супрацоўнікі міліцыі, калі ён разам са сваімі сябрамі ішоў ладзіць акцыю на праспэкце Францыска Скарыны. Тры гадзіны хлопца трымалі ў аддзеле міліцыі.

Яўген Афнагель з трыма сябрамі моладзевага руху “Зубр” зьбіраўся ўсталяваць бел-чырвона-белы сьцяг у цэнтры сталіцы недалёка ад будынку КГБ. Да іх падышлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі Яўгена паказаць, што ў яго ў руцэ. Паколькі хлопец не пагадзіўся, яго затрымалі і адвялі ў гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага раёна на вуліцы Карла Маркса. У Яўгена забралі бел-чырвона-белы сьцяг, а потым павезьлі ў Савецкі РУУС, спаслаўшыся, на тое, што трэба вырашыць там нейкія праблемы.

Актывістка руху “Зубр” Кацярына Клімко ўвесь час была побач зь Яўгенам і чакала яго са сваімі сябрамі на вуліцы. Вось што яна паведаміла Радыё Свабода:

(Клімко: ) “Канечне, гэтае затрыманьне было для нас нечаканасьцю, бо мы не думалі, што за намі сочаць. Мы потым сьцямілі, што яны неяк даведаліся аб тым, што будуць ладзіць нешта ў гэты час і ў гэтым месцы. Мы лічым, што, калі нас будуць затрымліваць такім чынам, прэвэнтыўна, то мы ўсё роўна не адмовімся ад таго, што робім, ад нашай працы. Магчыма, нашы патрабаваньні да кансьпірацыі стануць больш жорсткімі. Гэтыя затрыманьні нас абсалютна не палохаюць. Мы будзем змагацца да апошняга.”

Яўгена трымалі тры гадзіны спачатку ў Ленінскім, а потым у Савецкім аддзелах міліцыі. Яго адпусьцілі, не склаўшы пратаколу. Але бел-чырвона-белы сьцяг міліцыянты забралі сабе без адпаведнага рашэньня суду аб канфіскацыі.

Сябры моладзевага руху “Зубр” паведамілі, што распрацавалі шэраг вясновых акцыяў і адмаўляцца ад іх правядзеньня ня будуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG