Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня, Слонім, Баранавічы, Слуцк, Салігорск, Полацк і Наваполацк, Барысаў – асноўныя кропкі, дзе прадпрымальнікі амаль не працуюць


Міхал Стэльмак, Менск 9 сакавіка плянуецца працяг агульнанацыянальнага страйку беларускіх прадпрымальнікаў. Нагадаю, удзельнікі акцыі, якая распачалася 1 сакавіка, пратэстуюць супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі. Як, паводле апошніх зьвестак, у цэлым па краіне праходзіць страйк?

Карціна страйку – вельмі стракатая. Напрыклад, учора ў Менску, а таксама ў Віцебску, Гомлі, Магілёве, шэрагу іншых гарадоў працавала недзе каля паловы гандляроў. Я наведаў шэраг сталічных рынкаў і пацікавіўся ў гандляроў: чаму так? Як вынікае зь іх тлумачэньняў, мае месца некалькі чыньнікаў, якія вызначаюць такое становішча.

Найперш, беларускім прадпрымальнікам уласьцівая нізкая ступень арганізаванасьці. Далёка не на кожным рынку і нават ня ў кожным горадзе ёсьць суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, якое ініцыявала агульнанацыянальны страйк. З гэтай прычыны каардынацыя акцыі ў межах усяе Беларусі невялікай колькасьцю прадпрымальніцкіх лідэраў, якія ўваходзяць сёньня ў “Пэрспэктыву”, ёсьць складанай справай. І таму ў многіх рэгіёнах акцыя мае стыхійны характар.

Нізкая інфармаванасьць пра акцыю, пра тое, як яна праходзіць у краіне – яшчэ адзін чыньнік, які аказвае моцны ўплыў на страйк. Дзяржаўныя радыё і тэлебачаньне замоўчваюць масавыя пратэсты гандляроў. І бізнэсоўцам падаецца, што актыўных удзельнікаў акцыі па краіне вельмі мала. У гэткіх умовах улады і адміністрацыі рынкаў нават без асаблівых намаганьняў могуць лёгка дамагчыся сваіх мэтаў, што часам і адбываецца. Я асабіста быў сьведкам таго, як на рынку “Дынама” дырэктар у самы разгар акцыі сьцьвярджаў гандлярам, што нібыта нідзе ў Беларусі няма аніякіх страйкаў, і што, маўляў, толькі адны “дынамаўцы” такія неразумныя, што страйкуюць. І, трэба сказаць, былі такія, што начальству верылі і выходзілі на працу.

Але так не паўсюдна: ёсьць асобныя рынкі, нават рэгіёны, дзе ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі назіраецца і высокая ступень арганізаванасьці, і салідарнасьць бізнэсоўцаў. Вось, напрыклад, што паведаміў на гэты конт намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандр Лапотка:

(Лапотка: ) “Рэгіёны, дзе не працуюць – Горадня, Слонім, Баранавічы, Слуцк, Салігорск, Полацк і Наваполацк, Барысаў. Гэта, так бы мовіць, асноўныя кропкі, дзе людзі амаль не прыступаюць да працы”.

На мінулым тыдні паведамлялася, што грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва” прыняло зварот да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, у якім просяць яго зьвярнуць увагу на праблемы беларускага прадпрымальніцтва. Ці мела гэта розгалас у асяродзьдзі прадпрымальнікаў, у тым ліку шараговых?

Якраз сёньня актывісты “Пэрспэктывы” гэты зварот да амэрыканскага прэзыдэнта зьбіраюцца перадаць прадстаўнікам амбасады ЗША ў Менску. Напярэдадні гэты дакумэнт абмяркоўваўся ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Мяркуючы па водгуках, большасьць бізнэсоўцаў, якія знаёміліся з дакумэнтам, яго ўхваляюць. Як мне тлумачылі прадпрымальнікі, яны спадзяюцца не на тое, што Джордж Буш адменіць ім падатак на дабаўленую вартасьць, а на тое, што гэтая праблема атрымае міжнароднае гучаньне.

Рэч у тым, што, паводле прадпрымальнікаў, мэханізмы дэмакратычнага вырашэньня сацыяльнага канфлікту, зьвязанага з падатковым новаўвядзеньнем, у Беларусі заблякаваны ўладай. Таму бізнэсоўцы разьлічваюць, што міжнародная супольнасьць нейкім чынам паўплывае на беларускія ўлады, каб тыя селі зь імі за стол перамоваў. Што тычыцца сапраўдных прычынаў гэтага канфлікту, то прадпрымальнікі не выключаюць яго палітычнага падтэксту:

(Спадар Анатоль: ) “Сытуацыя такая: правільны лёзунг быў, што каб дапамог Буш. Тут пытаньне палітычнае. Як кляс мы рэжыму ня патрэбныя. Гэта як у савецкі час”.

(Спадар Аляксей: ) “Патрэбна, каб за мяжу ня езьдзілі. Каб усе атрымлівалі па 200 даляраў і ўсё”.

(Спадар Анатоль: ) “Усе рэжымы, як на Кубе, як у Карэі, аднолькавыя паўсюдна – адны заробкі і аднолькавыя ўмовы. Ідэя Чучхэ. Так і ў нас”.

(Спадарыня Ганна: ) “Так”.

Гэта былі прадпрымальнікі, якія зараз бяруць удзел у агульнанацыянальным страйку супраць уплаты падатку на дабаўленую вартасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG