Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэпарцёры бязь межаў”: забойства Чаркасавай – палітычна матываванае


Ігар Карней, Менск 9 сакавіка абарона Антона Філімонава, сына забітай летась журналісткі Веранікі Чаркасавай, паспрабуе абскардзіць рашэньне суду Цэнтральнага раёну сталіцы, які пакінуў у сіле пастанову гарадзкой пракуратуры аб прызначэньні стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы падлетка. А напярэдадні адна з самых аўтарытэтных журналісцкіх арганізацый “Рэпарцёры бязь межаў”, штаб-кватэра якой месьціцца ў Парыжы, выступіла са зваротам да беларускіх уладаў. Кіраўнікі арганізацыі лічаць забойства Чаркасавай палітычна матываваным, патрабуюць аб’ектыўнага расьсьледваньня і спыненьня ўціску на яе сям’ю.

Перадусім – ці можна казаць пра нейкі прагрэс, зрухі ў справе расьсьледваньня забойства Веранікі Чаркасавай? Як і чатыры месяцы таму, сьледзтва трымаецца сваёй першапачатковай вэрсіі – забойства з бытавых матываў. Галоўнымі падазраванымі лічацца 15-гадовы сын Веранікі Чаркасавай Антон і яе айчым Уладзімер Мялешка.

Сёньня адвакат Антона Філімонава паспрабуе ў чарговы раз абскардзіць рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менска, які 23-га лютага пакінуў у сіле пастанову гарадзкой пракуратуры аб прызначэньні стацыянарнай псыхіятрычнай экспэртызы падлетка. На практыцы гэта азначае, што сьледчыя пакідаюць за сабой права прымусовай шпіталізацыі Антона. Нагадаю, што дзесьці месяц таму сьледчыя спрабавалі даставіць хлопца ў псыханэўралягічны дыспансэр Навінкі наўпрост са школы.

Бабуля Антона, Дыяна Чаркасава, кажа, што такія захады сьледзтва ўвогуле супярэчаць заканадаўству, ня кажучы пра маральны бок падобных “экспэрымэнтаў”. Напярэдадні я ў яе запытаўся – ці будзе працэс адкрытым, альбо, як і напрыканцы лютага, у залю суду нікога ня пусьцяць?

(Чаркасава: ) “Калі яны скажуць, што гэтае рашэньне гатовае, тады трэба будзе пад’ехаць…”

Спадарыня Дыяна дадае, што ўвесь час пасьля забойства дачкі жыве ў стане няпэўнасьці. Асабліва прыгнятае тое, што сьледзтва ніяк не рэагуе на відавочныя факты, а распрацоўвае і паглыбляе толькі адну вэрсію, прычыняючы маральныя траўмы сям’і Веранікі. Менавіта з гэтай прычыны Антон ужо месяц жыве ў Маскве, у свайго бацькі, журналіста газэты “Известия” Дзьмітрыя Філімонава. Дыяна Чаркасава перакананая, што там яму, прынамсі, гарантаваная куды большая бясьпека, чым у Менску.

Да таго ж, сьледзтва ніяк ня ўлічвае палітычных нюансаў, якія маглі гэтаксама спрычыніцца да забойства. У незалежнай прэсе неаднаразова ўзгадвалася, што Вераніка мела стасункі з супрацоўнікамі “Інфабанку”, падазраванага ў адмываньні грошай для рэжыму Садама Хусэйна, і быццам мелася наладзіць уласнае журналісцкае расьсьледваньне гэтых фактаў. Сьледзтва, на думку маці Веранікі, гэтую інфармацыю упарта ігнаруе.

(Чаркасава: ) “Ну, няхай дакажуць, што гэта ня так… Але ж яны ніяк не даказваюць; пакуль што яны на нас гэта ўсё звальваюць…”

Цягам апошняга часу міжнародныя журналісцкія арганізацыі неаднаразова ўздымалі праблему забойства Веранікі Чаркасавай. Ці рэагуюць на падобныя звароты тыя, каму яны адрасаваныя?

Якраз месяц таму лісты ад імя кіраўнікоў Усясьветнай асацыяцыі газэтаў і Ўсясьветнага форуму рэдактараў атрымалі Аляксандар Лукашэнка, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і генэральны пракурор Пётр Міклашэвіч. Прадстаўнікі гэтых арганізацый прасілі забясьпечыць аб’ектыўнае расьсьледваньне забойства Веранікі Чаркасавай і спыніць пераслед яе сям’і. Ніякага афіцыйнага адказу, як і можна было чакаць, не было.

Некалькі дзён таму адна з самых уплывовых журналісцкіх арганізацый “Рэпарцёры бяз межаў” са штаб-кватэрай у Парыжы таксама выступіла са зваротам да беларускіх уладаў. Кіраўнікі арганізацыі наўпрост называюць забойства Чаркасавай палітычна матываваным, узгадваючы менавіта факты яе стасункаў з “Інфабанкам”.

Ёсьць прыклады і геаграфічна бліжэйшыя. Некаторы час таму ў Маскве, у рэдакцыі газэты “Известия”, дзе працуе бацька Антона Філімонава, адбылася вялікая прэсавая канфэрэнцыя, ініцыяваная кіраўніком спэцпраектаў Першага расейскага каналу Паўлам Шараметам. Дык вось, Шарамет наўпрост зьвязвае дзьве самыя гучныя справы, якія адбыліся ў Беларусі з удзелам журналістаў – забойства Веранікі Чаркасавай і зьнікненьне тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага.

(Шарамет: ) “Тое, як сьледчыя працуюць па справе Веранікі Чаркасавай, моцна нагадвае мне, як яны “адпрацавалі” па Завадзкаму. Абвінавачвалі жонку ў тым, што гэта яна арганізавала зьнікненьне Дзьмітрыя. Рабілі ўсё, каб даказаць, што мы самі інсцэніравалі гэта. Гэтаксама ў справе Чаркасавай: тое, што яны робяць такі моцны псыхалягічны ўціск на яе сына і айчыма, вельмі нагадвае, як яны працуюць па ўсіх гучных справах”.

Пасьля таго, як у канцы лютага суд Цэнтральнага раёну Менска першы раз адхіліў скаргу адваката наконт прымусовай экспэртызы падлетка, сваякі забітай журналісткі хвалююцца, што Антона могуць паспрабаваць выкрасьці з Масквы: упершыню гэта агучыў на ўжо згаданай прэсавай канфэрэнцыі ў рэдакцыі “Известий” бацька Антона, Дзьмітрый Філімонаў. Зараз застаецца чакаць, ці разгоніць іхныя страхі сёньняшняе рашэньне суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG