РЫМ. Расьсьледаваньне забойства ў Іраку супрацоўніка італьянскіх спэцслужбаў Ніколы Каліпары ўзначаліць амэрыканскі генэрал Пітэр Вэнджыл. Міністар замежных справаў Італіі Джанфранка Фіні заклікаў ЗША знайсьці і пакараць вінаватых у гібелі Каліпары, адзначыўшы, аднак, што гэта была, верагодна, трагічная выпадковасьць.
Каліпары быў забіты ў Багдадзе ў мінулую пятніцу. Амэрыканскія жаўнеры адкрылі агонь па машыне, у якой ехаў ён і толькі што вызваленая з палону італьянская журналістка Джуліана Сгрэна. Сгрэна была параненая.
Прадстаўнікі Злучаных Штатаў заявілі, што машына з супрацоўнікам спэцслужбаў і журналісткаю перавысіла хуткасьць і не спынілася ля блёкпосту. Вызваленая пры судзеяньні Каліпары Джуліяна Сгрэна не выключыла, што салдаты ЗША наўмысна абстралялі іх машыну.