Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восьмага сакавіка – восьмы дзень страйку прадпрымальнікаў


Міхал Стэльмак, Менск Восьмы дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца адмены падатку на дабаўленую вартасьць, выявіў супярэчнасьці паміж страйкоўцамі. Пратэст дробных бізнэсоўцаў набыў стыхійны характар: адны страйкуюць, іншыя пачалі працу.

Што рабіць – страйкаваць ці працаваць – прадпрымальнікі вырашаюць самастойна. Напрыклад, у Менску сёньня працоўныя месцы на рынках былі запоўненыя прыблізна напалову. Нягледзячы на сьвята 8 сакавіка, настроі ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі, паводле гандляроў рынку “Чэрвеньскі”, зусім ня сьвяточныя:

(Спадарыня Алена: ) “Жывём сёньняшнім днём, а што будзе заўтра – ніхто ня ведае”.

(Спадарыня Галіна: ) “Мы – у незразумелай сытуацыі: палова працуе, палова–не. Вунь тыя шэрагі паўпустыя”.

(Спадарыня Людміла: ) “Праца губляе сэнс: грошы “пракруціш”, але будзеш яшчэ вінен дзяржаве”.

(Спадарыня Ганна: ) “Сёньня палова ня працуе”.

Каля паловы прадпрымальнікаў працавалі сёньня на сталічных рынках “Дынама” й “Ждановічы”.

У Горадні, Баранавічах, Барысаве, Салігорску, Слуцку й іншых рэгіёнах мясцовыя рынкі, паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, па-ранейшаму пустуюць.

Гаворыць Алег, баранавіцкі актывіст “Пэрспэктывы”:

(Спадар Алег: ) “На гэты момант асноўныя нашы рынкі стаяць – тысячы дзьве чалавек. Многія настроены стаяць яшчэ доўга, пакуль чагосьці ня даб’ёмся. Людзі хочуць нармалёва, спакойна працаваць. У нармальных, цывілізаваных умовах. Пры прымальных падатках. А не пры “абдзіралаўцы”.

Паводле дадзеных “Пэрспэктывы”, часткова працавалі сёньня рынкі Віцебску, Гомеля, Магілёва.

Тыя з гандляроў, што прыпынілі страйк, працуюць з пачуцьцём страху ў сувязі з магчымым пакараньнем за няўплату падатку на дабаўленую вартасьць. Актыўным жа ўдзельнікам акцыі улады і адміністрацыі рынкаў пагражаюць рэпрэсіямі. Напрыклад, у Дзяржынску мясцовыя улады ўжо распачалі такія рэпрэсіі. Як паведаміла лідэрка тутэйшых прадпрымальнікаў Тацяна Ваніна, Дзяржынскі райвыканкам прыпыніў дзеяньне ліцэнзіяў 43 бізнэсоўцаў:

(Ваніна: ) “Яны такую паперу даслалі – абсалютна беспадстаўна. Я перагледзела заканадаўчыя акты, дэкрэты – няма ніякай падставы рабіць тое, што яны зрабілі. Заўтра мы ідзем у выканкам, будзем высьвятляць. Я напісала заяву ў пракуратуру”.

Паводле спадарыні Ванінай, у Дзяржынску ліцэнзіі прыпыненыя найперш тым бізнэсоўцам, хто актыўна адстойваў свае правы. Паводле зьвестак “Пэрспэктывы”, пра прыпыненьне ліцэнзіяў актыўным прадстаўнікам прадпрымальніцкага руху сёньня абвешчана і ў Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG