Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакавік сёлета чакаецца больш халодны, чым звычайна


Галіна Жарко, Менск Паводле каляндара, ужо мінуў тыдзень вясны, а зіма, відаць, вырашыла ўзяць сваё. Сьнежань і студзень сёлета былі надзвычай цёплыя, затое ў сакавіку заваліла сьнегам... А што ўвогуле лічыцца пачаткам вясны, калі ня браць пад увагу каляндарны тэрмін – 1 сакавіка?

Вызначыць пачатак вясны, відаць, немагчыма. У самым старажытным календары, які адпавядаў руху сонца, увогуле не было 4 пораў году. Было толькі дзьве апазыцыі: цяпло – холад, лета – зіма. Панятак вясны выпрацаваўся пазьней, калі каляндарная сыстэма стала разгорнутая.

Вядомы фальклярыст Васіль Ліцьвінка кажа, што першае веснавое сьвята – гэта Грамніцы, а яны ж былі яшчэ 15 лютага. Астранамічная вясна пачнецца 23 сакавіка – на дзень вясновага сонцастаяньня. А паводле сыноптыкаў вясна пачынаецца, калі сярэднясуткавая тэмпэратура паветра пераходзіць праз нулявы градус. Гэта адбываецца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі звычайна 13-20 сакавіка, у цэнтральнай частцы – 23-27, а на паўночным усходзе – 28-31 сакавіка.

Сёлета вясною быццам бы й ня пахне. Пра адметнасьці сакавіцкага надвор’я расказвае сыноптык Белгідрамэтэацэнтра Людміла Парашчук.

(Парашчук: ) “Вялікі суткавы ход тэмпэратур. Амплітуда паміж дзённымі і начнымі тэмпэратурамі часам дасягае 20-25 градусаў. Паводле папярэдняга прагнозу, сакавік сёлета чакаецца больш халодны, чым звычайна. У нас пераважае паступленьне паветранай масы з захаду. Працэнтаў 70 атмасфэрных зьяваў – з захаду. Вясна рухаецца з паўднёвага захаду. Але сёлета холадна і ў Заходняй Эўропе”.

Падобна на тое, што вясна заблукала ў сумётах, якімі заваліла тыя краіны, адкуль яна звычайна зьяўляецца. У сярэдзіне сьнежня на поўначы Італіі было лета – больш за 25 градусаў. А на пачатку сакавіка – надзвычайныя сытуацыі з прычыны сьнежных заносаў. Сярэдняя тэмпэратура паветра ў першыя веснавыя дні апусьцілася ніжэй за норму на 10 градусаў. Аэрапорты Эўропы былі забітыя пасажырамі, бо рэйсы адмянялі й затрымлівалі. У Чэхіі выпала рэкордная колькасьць сьнегу за апошнія 40 гадоў. У Нямеччыне моцныя сьнегапады справакавалі дарожныя коркі на 180 кілямэтраў. Холад паралізаваў жыцьцё ў Гішпаніі – дзеці не хадзілі ў школу.

Але набліжэньне вясны ўсё ж адчуваецца. На жаль, нагадваюць пра зьмену пораў году й вясну, якая ўсё ж абавязкова прыйдзе, такія непрыемныя рэчы, як слабасьць, абвастрэньне хранічных хваробаў і, як ня дзіўна, прыгнечаны настрой. Для людзей, схільных да дэпрэсіяў, гэта небясьпечны час, бо іх настрой пагаршаецца.

Напачатку 1990-х праблемам са здароўем напрадвесьні амэрыканскія вучоныя далі назву “сэзонна абумоўленая дэпрэсія”, або “сындром веснавое стомленасьці”. Галоўная прычына гэтае немачы – недахоп вітамінаў і стомленасьць арганізма, які цэлую зіму змагаўся з інфэкцыямі.

Амэрыканцы рэгулярна глытаюць пігулкі, а вось беларусы спадзяюцца на капусту ды моркву з ўласных сотак. Але спэцыяліст у галіне харчаваньня, прафэсар Валер Мурах кажа, што вітамінаў і карысных мінэралаў там надзвычай мала нават ўвосень – такая ў Беларусі глеба ды плюс колішняя татальная хімізацыя палеткаў. А вясною й казаць няма чаго.

Біёляг Сьвятлана Ярмашэвіч нагадвае яшчэ пра адну прычыну вясновага недамаганьня:

(Ярмашэвіч: ) “Чалавек, які прачынаецца рана да ўзыходу сонца, выпрацоўвае адмысловы гармон – гармон шчасьця. Калі праспаў гэты час, ня будзе добрага настрою. Мы прачынаемся зусім у іншы час, вось і ходзім такія панурыя. А калі сур’ёзна, і чалавек, і жывёлы – адна прырода. Мы нават думаем у нейкім сэнсе на гарманальным узроўні. Да адпаведнага ўзросту чалавек вельмі адчувальны да ўсіх гэтых гарманальных веснавых перападаў”.

Апроч станоўчых эмоцыяў, што ўзьнікаюць вясною пад узьдзеяньнем сонца, якое спрыяе выпрацоўцы сэратаніну, “гармону шчасьця”, існуе, на жаль, і сындром веснавое стомленасьці – гэта якраз хвароба цывілізацыі. Біялягічна актыўныя дабаўкі, мінэралы й вітаміны могуць палепшыць сытуацыю.

А беларуская вясна, як і стары новы год, 14 сакавіка мае шанец на больш удалы пачатак. Дарэчы, назіраючы за надвор’ем 14, 15, 16 й 17 сакавіка раней вызначалі якімі будуць, адпаведна, вясна, лета, восень і зіма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG