Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці амэрыканцы ўрэшце зловяць Ўсаму бін Лядэна?


Юрась Бушлякоў, Прага Усама бін Лядэн, ідэйны натхняльнік тэрарыстычнай атакі на Злучаныя Штаты 11 верасьня 2001 году, дасюль на свабодзе. Пэрыядычна бін Лядэн нагадвае сьвету пра сябе: так, напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ён скіраваў амэрыканскім выбарнікам застрашлівае пасланьне. Звыш трох гадоў вайскоўцы ЗША беспасьпяхова палююць на бін Лядэна. Ці не асуджаныя гэтыя “ловы” на правал? І ўвогуле, што можа даць сьвету арышт тэрарыста нумар адзін?

Мінулага тыдня прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў арышт бін Лядэна “найважнейшай задачаю нашых дзён”. Пры гэтым Буш прызнаў, што ўсьведамляе цяжкасьці, якія стаяць перад амэрыканцамі пры пошуках тэрарыста нумар адзін.

(Буш: ) “Нядаўна мы дазналіся, што Ўсама бін Лядэн наказаў ірацкаму тэрарысту Абу Мусабу Аз-Заркаўі стварыць групу для правядзеньня тэрактаў па-за межамі Іраку, у тым ліку ў Злучаных Штатах. Мы ўвесь час палюем на бін Лядэна. Мы чынім ціск на яго, змушаем яго хавацца. Сёньня Заркаўі разумее, што кааліцыйныя ды ірацкія войскі таксама ўвесь час палююць і на яго”.

Аднак дасюль пошукі бін Лядэна выніку не прынесьлі.

Днямі генэрал Джон Абізаід, чалавек, з амэрыканскага боку адказны за пошукі бін Лядэна, перасьцярог Кангрэс, што арышт тэрарыста зусім не гарантаваны.

З гэтай перасьцярогаю пагаджаецца й адстаўны афіцэр амэрыканскай выведкі палкоўнік Кенэт Алард. У інтэрвію Радыё Свабода Алард зазначыў, што вышук чалавека – задача не для арміі.

(Алард: ) “Вайсковыя сілы, як правіла, не займаюцца затрыманьнем канкрэтных людзей. Нашая асноўная задача – зьмяніць рэжым. Вышукваць чалавека – гэта як шукаць паасобныя зярняты пяску ў той час, калі вашая мэта – зьнесьці падмурак. Мы робім вялікую работу, каб зьнесьці падмурак. Але ў нас не выходзіць добрай работы, калі мы бярэмся шукаць зярняты зь імёнамі, нанесенымі на іх”.

Што можа здарыцца, як бін Лядэна ўсё ж зловяць? На думку Аларда, судовы працэс можа стаць для тэрарыста магчымасьцю адкрыта выступаць і тым самым гуртаваць сваіх аднадумцаў. Калі ж бін Лядэн будзе забіты, многія мусульмане пачнуць уважаць яго за пакутніка.

Паводле Кенэта Аларда, Злучаныя Штаты ня могуць адмовіцца ад пошукаў бін Лядэна, які застаецца магутным сымбалем.

(Алард: ) “Нашмат лепш мець нябожчыка-пакутніка, чым жывога Ўсаму, які цяпер недзе побач. Таму што ён магутны сымбаль для сваіх пасьлядоўнікаў, сымбаль, бо быў здатны кінуць выклік Злучаным Штатам. Ён быў здатны ўчыніць тэракты 11 верасьня і скрыцца пасьля гэтага. А сымбалі маюць значэньне”.

У сваю чаргу Нэйтан Браўн, супрацоўнік вашынгтонскага Фонду міжнароднага міру, ня схільны пераацэньваць значэньня бін Лядэна як сымбалю. У інтэрвію Радыё Свабода Браўн зьвярнуў увагу, што Злучаныя Штаты змагаюцца ня толькі з “Аль-Кайдаю”, але й з многімі іншымі тэрарыстычнымі групамі, амаль не зьвязанымі з арганізацыяй бін Лядэна.

(Браўн: ) “Арышт або забойства бін Лядэна ня вырашаць праблемы, якую ён сымбалізуе. Яму ўдалося зьвесьці разам разрозьненыя групы і скіраваць іх на атакі хутчэй па заходніх цэлях, чым супраць мясцовай улады. Але няясна, ці ён сапраўды зьяднаў тыя разрозьненыя, несупастаўныя групы ў адзіны рух. І, такім чынам, падразаньне ўсяго на самым версе не вядзе да поўнага канца таго, што гэтыя самыя розныя групы робяць”.

На думку Нэйтана Браўна, хоць арышт бін Лядэна й ня будзе мець імгненнага эфэкту, пэўныя зьмены ўсё ж адбудуцца ў шырэйшай пэрспэктыве. Затрыманьне тэрарыста нумар адзін можа ўрэшце адахвоціць шмат каго з маладых мусульманаў ад папаўненьня тэрарыстычных груповак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG