Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шок у Італіі: амэрыканскія жаўнеры забілі італьянскага афіцэра ў Іраку


Сяргей Шупа, Прага Бальшыня італьянцаў ніколі не падтрымвала вайну ў Іраку і выступала супраць удзелу ў ёй італьянскіх вайскоўцаў. Цяпер гэтая пазыцыя можа стаць яшчэ больш цьвёрдай – пасьля таго, як у мінулую пятніцу ў Іраку загінуў афіцэр італьянскіх спэцслужбаў Нíкала Каліпáры. Загінуў ад амэрыканскай кулі. Падрабязьней пра гэта, на падставе сёньняшніх артыкулаў у газэце The New York Times, раскажа наш карэспандэнт.

Гэта адбылося ў пятніцу ў Багдадзе, калі наблізілася да шчасьлівай разьвязкі гісторыя з выкраданьнем Джуліяны Сгрэны – 56-гадовай журналісткі леварадыкальнай газэты Il Manifesto. Каля месяца італьянцы сачылі за яе лёсам, і вось неўзабаве пасьля яе вызваленьня, аўтамабіль, які вёз журналістку і італьянскіх афіцыйных асобаў на лётнішча, быў абстраляны амэрыканцамі на адным з блёк-пастоў.

Нікалу Каліпары, які закрыў сваім целам журналістку, куля трапіла ў галаву. Сьмерць настала імгненна. Сама Джуліяна Сгрэна была параненая ў плячо.

Амэрыканскае камандаваньне паведаміла, што аўтамабіль ігнараваў папярэджаньні і патрабаваньні спыніцца, аднак сама журналістка і тыя, хто быў зь ёй у аўтамабілі, цьвердзяць, што ня бачылі і ня чулі нічога, пакуль на іх не пасыпаўся град куляў.

Гэта ўжо ня першы выпадак абстрэлу цывільных аўтамабіляў – як замежных, гэтак і ірацкіх – якія мелі няшчасьце наблізіцца да блёк-паста. Рэч у тым, што людзі, якія трапляюць у такую сытуацыю, звычайна ня маюць уяўленьня пра службовыя інструкцыі, якімі кіруюцца амэрыканскія вайскоўцы на блёк-пастах, і таму почасту рызыкуюць сваім жыцьцём.

Так, пачуўшы папераджальныя стрэлы, кіроўцы аўтамабіляў ня толькі не спыняюцца, а часта і павялічваюць хуткасьць, і тады амэрыканцы страляюць спачатку ў матор, а пасьля ў самога кіроўцу. Так, прыкладам, 18 студзеня адбылося жахлівае здарэньне, калі расстраляўшы такі непаслухмяны аўтамабіль, амэрыканцы знайшлі ў ім пяцёра ацалелых дзяцей і іх забітых бацькоў.

Што да апошняй гісторыі з забойствам Нікала Каліпары, дык яно можа стацца прычынай зьмены пазыцыі афіцыйнага Рыму ў дачыненьні да вайны ў Іраку. Пэнтагон паабяцаў правесьці падрабязнае расьсьледаваньне здарэньня. Аднак прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі, рэакцыя якога на выпадак у Багдадзе можа мець уплыў на вынікі парлямэнцкіх выбараў наступнага году, можа рэальна ўзьняць пытаньне пра вывад італьянскіх вайскоўцаў зь Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG