Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ня толькі шукаюць, але і хаваюць скарбы


Алесь Дашчынскі, Менск Беларусь лічыцца адной з самых багатых на скарбы краінай Эўропы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, тут знойдзена больш за тысячу скарбаў рознай вартасьці. Цяпер скарбашукальнікі мараць пра “золата Напалеона” і “скарбы Радзівіла”, але спэцыялісты перакананыя, што ў беларускай зямлі ёсьць яшчэ сотні іншых схованак. Беларусь – найбольш пэрспэктыўная краіна для пошуку каштоўнасьцяў.

Чаму ў Беларусі так многа скарбаў, як гэта тлумачаць навукоўцы? Найперш – гэта сьведчаньне таго, што Беларусь мае багатую гісторыю. Яна была мостам на эўрапейскім кантынэнце паміж усходам і захадам, поўначчу і поўднем. Геаграфічнае становішча, водныя артэрыі, войны і гандаль прадвызначылі ролю Беларусі ў якасьці своеасаблівага заказьніка, суцэльнага сэйфа скарбаў розных эпох, народаў і часоў. Так лічыць прафэсар катэдры археалёгіі Валянцін Рабцэвіч.

Вучоны, аднак, асьцерагаецца афішаваць Беларусь, бо гэта рэкляма якраз перад пачаткам новага сэзону можа выклікаць прыток саматужных скарбашукальнікаў. Спадар Рабцэвіч лічыць, што Беларусь запаланіў “чорны бруд”, некаторых скарбашукальнікаў ён называе “шалёнымі сабакамі”, бо яны з карысьлівых мэтаў наносяць вялікую шкоду культуры Беларусі. Вельмі рэдка знойдзеныя скарбы здаюцца дзяржаве, бо існуючыя правілы ўзнагароджаньня – недасканалыя.

(Рабцэвіч: ) “Закон ёсьць, але ён не дзейнічае, бо ён недасьведчана складзены. Усё, што знаходзіцца ў недрах зямлі – гэта дзяржаўная ўласнасьць. Зьнішчаюцца гэтыя каштоўнасьці, ідуць на чорны рынак, вывозяцца за мяжу. Помнікі не пашпартызуюцца, топчуць, займаюцца марадэрствам нягоднікі, зьнішчаюць нацыянальную гісторыю. Гэта ўжо проста стала бедзтвам, амаль наступіў каляпс, і рабаваньне пашыраецца. Ды ня хочацца на гэтую тэму гаварыць, бо гэта бескарыснае бічаваньне паветра”.

Занепакоенасьць прафэсара Валянціна Рабцэвіча можна зразумець. Кажуць, калі навукоўцы знайшлі знакаміты Вішчынскі грашова-рэчавы скарб у Рагачоўскім раёне, то даставалі яго зь зямлі экзатычным спосабам: студэнты, якія ўдзельнічалі ў раскопках, па чарзе клаліся над скарбам і дзьмулі на яго да таго часу, пакуль ён поўнасьцю не вызваліўся з-пад зямлі. Такім чынам, удалося зьбергачы вельмі важную інфармацыю.

Найчасьцей у Беларусі сустракаліся менавіта манэтныя скарбы: старажытнагрэцкія і старажытнарымскія дынары, лівонскія і нідэрляндзкія манэты 17-га стагодзьдзя, прускія манэты 16-га стагодзьдзя і нават старадаўняе арабскае золата. Гэтыя рэчы цікавяць вучоных, нумізматаў, калекцыянэраў, а таксама так званых “чорных археолягаў”.

А ці хаваюць свае скарбы сучасныя беларусы? Гэтая традыцыя працягваецца. У якасьці прыкладу дзьве гісторыі – пра “скарб Чыгіроў” і “скарб Жураўковых”.

У доме бацькоў Міхаіла Чыгіра будаўнікі рамантавалі дах. Адзін зь іх знайшоў там схаваны скарб і пахваліўся некаму ў лазьні. Інфармацыя трапіла да начальніка мясцовай міліцыі, які выклікаў спадара Чыгіра і прымусіў нават напісаць паперу, што ў збанку пад дахам было ажно 50 тысяч даляраў. “Міліцыянт пераконваў, што гэты скарб вернецца ўладальніку”, прыгадвае жонка былога прэм’ер-міністра Юлія Чыгір.

(Чыгір: ) “Маці з бацькам Мішыным, мабыць, схавалі там нейкія грошы ў нейкім збанку, колькі іх было – мы да сёньняшняга дня ня ведаем. Той будаўнік, які знайшоў іх, кажа, што там было 1500 даляраў, начальнік міліцыі, які паклікаў Чыгіра да сябе і паведаміў пра гэта здарэньне, сказаў, што там было 50 тысяч даляраў, але гэта сьмешна. Атрымалася так: будаўнік знайшоў, што ён знайшоў, мы ня ведаем, і маці, якая памірала, мы сказаць не маглі, запытаць: “Маці, у цябе там ляжала і колькі ляжала, бо іх скралі”. Для нас здароўе маці было на той час даражэйшым, і мы вырашылі ёй не паведамляць у той час, калі яна была ў лякарні. Але яна так і памерла, за сабой гэтую тайну і панесла на той сьвет”.

Але гісторыю вакол знойдзенага скарба падхапіла беларускае тэлебачаньне, і ўлады выкарысталі яе дзеля сваіх мэтаў, калі на Міхаіла Чыгіра пасьля ягонай адстаўкі шукалі кампрамат. Да будаўніка ж прыяжджалі вымагальнікі, якія “выбівалі” зь яго гэтыя 50 тысячаў, але іх злавіла міліцыя. Паводле Юліі Чыгір, дагэтуль ніхто і ня ўбачыў той скарб, які знайшоў будаўнік.

(Чыгір: ) “Той будаўнік прыяжджаў да нас, са сьлязьмі даказваў, што там не было такіх грошай, што там было толькі паўтары тысячы даляраў, за якія ён купіў сабе машыну, і ён напісаў расьпіскі, што верне гэтыя грошы. Мы напісалі заяву, што ніякіх прэтэнзій да яго ня маем, але дзяржава вельмі схапілася за гэтую сытуацыю і лічыла, што там у нас былі схаваныя вялікія грошы. Па гэтай справе была нават узбуджаная крымінальная справа. Я веру таму будаўніку, што, можа, калі не паўтары тысячы, то да 10 тысячаў даляраў там магло быць. Таму што бацька з маці ў Мішы былі вельмі працавітымі людзьмі, у іх быў вельмі вялікі сад, бацька вазіў прадаваць яблыкі ў Маскву, была вялікая пасека. З гэтага зрабілі нейкую сэнсацыю. Сёньня на Капыльшчыну паедзьце, і кожны селянін будзе расказваць вам, як у Чыгіра пад дахам было 50 тысяч даляраў і ён забыўся пра іх. На жаль, не было такога скарбу”.

Зрэшты, гісторыі, зьвязаныя са скарбамі, не заўсёды завяршаюцца добра. Мужа былой кіраўнічкі справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай скарб прывёў на “хімію”: Уладзімеру Жураўкову далі тры гады абмежаваньня волі з канфіскацыяй часткі маёмасьці.

А гісторыя адбылася ў 2001 годзе. Заліваючы фундамэнт аднаго дома ў Чавусах будаўнікі знайшлі скарб. Яны адкапалі пакет з трохлітровым слоікам, у які былі закатаныя 65 тысячаў даляраў. Шчасьлівыя рабочыя падзялілі грошы і частку патрацілі на “сьпіртное і прадукты харчаваньня”.

Аднак іх родныя вырашылі, што грошы трэба неадкладна вярнуць уладальніку ўчастка. Ім аказаўся дырэктар фірмы “Спадарожнік Ж” Уладзімер Жураўкоў. Ён ня толькі не адмовіўся ад слоіка з далярамі, але запатрабаваў, каб рабочыя вярнулі грошы, якія яны пасьпелі патраціць.

Спадара Жураўкова прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці толькі тады, калі ў сьледчым ізалятары апынулася ягоная жонка. Паводле суда, уладальнік грошай ухіліўся ад выплаты падаткаў. Сам Жураўкоў тлумачыў, што ў знойдзеным скарбе былі даляры, якія Жураўковы намянялі яшчэ на савецкія рублі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG