Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 сакавіка 1943 году савецкія партызаны расстралялі Фабіяна Акінчыца


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 6 і 7 сакавіка

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

6 сакавіка 1944 году прэзыдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслаў Астроўскі падпісаў загад аб арганізацыі Беларускай Краёвай Абароны. Такім чынам, было пачатае фармаваньне беларускіх баявых адзінак на акупаванай немцамі тэрыторыі краіны. Усяго ў БКА было мабілізавана 25 тысяч чалавек, створана 36 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. Задачай БКА была абарона мірнага насельніцтва ад савецкіх партызан. У першую чаргу гаворка ішла пра людзей, занятых на вытворчасьці, у гандлі і ў адукацыі. Як вядома, школьных настаўнікаў, якія працягвалі вучыць дзяцей пад акупацыяй, партызаны зьнішчалі першымі. Існуе меркаваньне, што калі б БКА была створаная на год раней – тады, калі аналягічныя нацыянальныя збройныя фармаваньні зьявіліся ў суседніх краінах – вялікае колькасьці ахвяраў сярод мірнага насельніцтва можна было б пазьбегнуць.

6 сакавіка 1990 году ў Менску было створанае Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, якое арганізацыйна аб’ядноўвае ўсе беларускія асяродкі ва ўсім сьвеце.

6 сакавіка 1937 году ў Асіповічах прыйшоў на сьвет знакаміты беларускі мастак-плякатыст Уладзімер Крукоўскі. Плякаты Крукоўскага ўражвалі сваёй сьмеласьцю яшчэ за савецкім часам. І сёньня мастак пасьлядоўна адстойвае ў сваіх творах прынцыпы дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня.

Цяпер – пра даты сёньняшняга календара.

7 сакавіка 1850 году нарадзіўся кіраўнік Чэскай дзяржавы Тамаш Масарык. У 1918 годзе Масарык вярнуўся ў Чэхію зь пяцігадовае эміграцыі ў Францыі і быў абраны прэзыдэнтам краіны. А ўсяго чэхі выбіралі яго на найвышэйшую пасаду ажно чатыры разы.

7 сакавіка ў 1875 годзе прыйшоў на сьвет слынны францускі кампазытар Марыс Равэль, а ў 1872 годзе – ягоны калега Васіль Залатароў. У часы савецкай беларусізацыі, у 20-я гады мінулага стагодзьдзя, Залатароў пераехаў у Менск і ўзяў удзел у фармаваньні беларускай кампазытарскай школы. Самыя вядомыя ягоныя творы – балет “Князь-возера” і “Беларуская танцавальная сюіта”.

7 сакавіка 1931 году пакінуў гэты сьвет Павал Дземідовіч, дасьледнік беларускае этнаграфіі і фальклёру.

7 сакавіка 1943 году савецкія партызаны расстралялі ў Менску беларускага палітыка Фабіяна Акінчыца.

І яшчэ адна, падобная да папярэдняе дата: 7 сакавіка 1991 году хуліганы на адной менскай вуліцы забілі паэта Анатоля Грачанікава. Грачанікаў быў галоўным рэдактарам часопіса “Маладосьць”.
XS
SM
MD
LG