Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны Віцебшчыны страйкуюць больш актыўна за абласны цэнтар


Браніслава Станкевіч, Віцебск Найменшая колькасьць удзельнікаў страйку прадпрымальнікаў – на Віцебшчыне. Цяпер у абласным цэнтры страйкуюць усяго каля 50-ці адсоткаў прадпрымальнікаў, хаця летась Віцебск быў эпіцэнтрам прадпрымальніцкага руху – у лютым мінулага году тут праходзіла галадоўка прадпрымальнікаў, якія змагаліся за свае правы, усе кірмашы горада страйкавалі на знак салідарнасьці з імі, і за гэтымі падзеямі назірала ці не ўся Беларусь. Чаму так здарылася, што актыўнасьць віцебскіх сёлета значна зьменшылася?

Насамрэч, колькасьць удзельнікаў апошняга страйку ў Віцебску цяпер невялікая, хаця 1-га сакавіка на працу ня выйшла амаль 90 адсоткаў прадпрымальнікаў. Тады людзі спадзяваліся на нейкія хуткія вынікі, і калі яны іх ня ўбачылі, то шмат хто расчараваўся.

Дарэчы, досьвед мінулагодняй галадоўкі таксама адыграў пэўную адмоўную ролю: калі прадпрымальнікі ў іншых рэгіёнах Беларусі, паглядзеўшы на прыклад віцяблянаў, цяпер больш рашуча ідуць на супраціў уладам ды праваахоўным органам, чым раней, то ў Віцебску пасьля тае акцыі пратэсту засталося вельмі шмат незадаволеных ейным вынікам. Бо, па сутнасьці, леташняя галадоўка ні да чаго не прывяла – гарвыканкам так і не саступіў прадпрымальнікам, і шмат у каго засталося ўражаньне, што змаганьне з уладамі ня мае сэнсу.

Старшыня Віцебскага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шапавалаў мае яшчэ адно меркаваньне наконт таго, чаму цяпер прадпрымальнікі страйкуюць недастаткова актыўна. Ён згадвае, што менавіта тут, у Віцебску, упершыню на Беларусі забаранілі на адкрытых кірмашох гандляваць найбольш дарагімі таварамі – радыётэхнікай, вырабамі са скуры ды меху, менавіта тут раней за іншыя гарады было загадана карыстацца касавымі апаратамі. І на тое, каб звыкнуць, перажыць гэтыя “новаўвядзеньні”, кажа спадар Шапавалаў, у прадпрымальнікаў сыходзіць вельмі шмат сіл, якіх часам не застаецца ні на што іншае.

(Шапавалаў: ) “Віцебск – гэта, так бы мовіць, “экспэрымэнтальная зона”, гэта даўно ўжо ўсе заўважылі. І таму прадпрымальнікі, можа, думаюць, што раз перажылі ўсе ранейшыя экспэрымэнты, дык перажывуць і падатак на даданую вартасьць. І таму шмат хто расчараваўся, і адсоткаў 50 прадпрымальнікаў спынілі барацьбу – выйшлі працаваць”.

А якая сытуацыя ў іншых рэгіёнах вашае вобласьці? Рэгіёны аказаліся больш актыўнымі за абласны цэнтар. Актыўна страйкуюць у Полацку ды Наваполацку. Страйкуюць у Воршы. Трохі зьменшылася актыўнасьць страйкоўцаў у Бешанковічах, Гарадку, Глыбокім ды Лепелі – там у выходныя ўжо амаль усе працавалі, аднак шмат хто з прадпрымальнікаў гатовы працягваць страйк пасьля 8-га сакавіка. Вельмі актыўна далучыўся да страйку Верхнядзьвінск: там зь 1-га сакавіка не працуюць 90 адсоткаў прадпрымальнікаў. Прычым яны ня толькі адмовіліся працаваць, але й выклалі свае патрабаваньні ў адмысловым лісьце ў падатковую інспэкцыю, куды іх чыноўнікі не пусьцілі, убачыўшы абураны натоўп.

Я хачу заўважыць, што сытуацыя і ў Віцебску не такая ўжо скрушная: лічба 50 адсоткаў – колькасьць прадпрымальнікаў, якія наважыліся страйкаваць – не зьмяншаецца, і цяпер штодня на кірмашах горада праводзяцца розныя грамадзкія акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG