Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае абрад выгнаньня бесаў?


Кастусь Бандарук, Прага У папярэднім выпуску перадачы “Сымбаль веры” мы гаварылі пра экзарцызм – рытуал выгнаньня бесаў. Хаця для сучасных вернікаў гэта можа нагадваць магію і падацца нейкім вяртаньнем ў сярэднявечча, аднак Царква ставіцца да экзарцызму вельмі сур’ёзна. У праваслаўнай і каталіцкай цэрквах аздараўленьнем апантаных нячыстым духам займаюцца, з дазволу і блаславенства свайго эпіскапа, найболей аўтарытэтныя і дасьведчаныя сьвятары. Існуе спэцыяльны рытуал аздараўленьня беснаватых з чытаньнем канкрэтных малітваў, чытаньнем Сьвятога Пісьма і акрапленьнем асьвячонай вадою. Больш падрабязна пра экзарцызмы на практыцы гаворка пойдзе ў сёньняшнім выпуску перадачы.

(Бандарук: ) “Найперш хачу адзначыць, што практычна ўсе рэлігіі, у тым ліку хрысьціянства, прызнаюць наяўнасьць цёмных сілаў, злых духаў, якія жывуць у астральным сьвеце і падпарадкоўваюцца толькі “князю цемры”, які адпаў ад Бога. У розных рэлігіях злы дух называецца па рознаму: Арыман, Ібліс альбо Сатана, але ягоная сутнасьць акрэсьліваецца аднолькава: вораг чалавечага роду, каварны ілгун і багаборац.

Зразумела, у наяўнасьць сатаны можна і ня верыць, гэтак як можна ня верыць і ў Бога, але для вернікаў самых розных рэлігіяў гэта рэальнасьць. Тэолягі разыходзяцца толькі ў думках наконт таго, у каго д’ябал пасяляецца. Адны лічаць, што злы дух атакуе найперш людзей добрых і пабожных, аднак іншыя лічаць, што наадварот. Сваімі грахамі, распустай, п’янствам, блюзьнерствамі чалавек сам адганяе Хрыста. У Сьвятым Пісьме гаворыцца “вось пакідаецца ваш дом пустым”. Вось і прыходзяць у пусты дом няпрошаныя жыхары.

У адрозьненьне ад Хрыста, толькі найбольш дасьведчаныя ў духоўным жыцьці людзі часам атрымлівалі ўладу імем Хрыста выганяць бесаў. Практыка выгнаньня бесаў патрабуе ад экзарцыста маральнай чысьціні, валоданьня сваімі фізычнымі інстынктамі, аскетычных практыкаваньняў і пабожнага ладу жыцьця. Ня кожны асьмельваецца адкрыта ўступіць ў змаганьне з сатаною, тым болей, што ў некаторых выпадках злы дух перасяляецца ў самога экзарцыста.

Царква даўжэйшы час неахвоча гаварыла пра экзарцызм, які шмат у каго асацыяваўся з магіяй, альбо як мінімум з адсталасьцю. Вялікае зацікаўленьне выклікаў ў 1973 годзе трылер Вільяма Фрыдкіна “Экзарцыст”. Пасьля гэтага значэньне экзарцызму падкрэсьліў сам Папа Ян Павал ІІ, які ў 1982 годзе адправіў экзарцызм над маладой жанчынай.

У кожнай каталіцкай дыяцэзіі ёсьць адзін альбо і болей штатных экзарцыстаў, прызначаных мясцовым біскупам. Напрыклад ў Польшчы іх 70. Вялікай папулярнасьцю карыстаецца італьянскі экзарцыст а. Габрыеле Аморт, аўтар кнігі “ Экзарцысты і псыхіятры”.

Якія асноўныя прыкметы апантанасьці? Паводле Габрыеле Аморта, гэта, найперш – неверагодная фізычная сіла. Апантаны чалавек можа разарваць ланцугі, якімі ён зьвязаны, ён можа гаварыць на розных мовах, якіх ніколі не вучыў, і ведае такія факты, напрыклад з жыцьця самога экзарцыста, якіх ніхто ня мог ведаць. Яны блюзьняць супраць ўсяго сьвятога, і пры гэтым баяцца напрыклад знаку крыжа, альбо асьвячонай вады. Апантаны чалавек распазнае асьвячоную ваду, нават калі яго спрабаваць увесьці ў зман. Габрыеле Аморт кажа, што ў часе экзарцызму вочы апантаных бялеюць, а зрэнкі перасоўваюцца ўверх. Экзарцысты карыстаюцца зацьверджаным ў 1992 годзе абноўленым рытуалам.

Я спрабаваў высьветліць, як канкрэтна выглядае абрад выгнаньня бесаў ў каталіцкай царкве. Аб гэтым мне расказаў а. Караль Адамовіч, манах-бэрнардынец з Польшчы. За апошні год ён адправіў каля двухсот экзарцызмаў.

(Караль Адамовіч: ) “Калі нехта зь сям''і паведамляе мяне, што дома ў яго чалавек, які праўдападобна апантаны нячыстай сілай, я распытваю таго, хто прыйшоў да мяне з гэтай весткай пра ўсе падрабязнасьці. Я спрабую высьветліць, ці той няшчасны чалавек лечыцца ў псыхіятра, ці прымае нейкія лекі, як сябе паводзіць, якія сымптомы ягонага недамаганьня. Калі самога апантанага немагчыма прывесьці да мяне, я адмаўляю экзарцызм завочна, і вельмі часта даведваюся, што гэта дапамагло. Яны проста дзейнічаюць гэтак, як і звычайная малітва”.

(Бандарук: ) “Завочны экзарцызм – гэта ўсё-такі рэдкасьць. А як выглядае тыповы абрад выгнаньня бесаў, калі сьвятар ўпэўнены, што гэта не псыхічная хвароба, але апантанасьць, калі той чалавек сам прыходзіць да сьвятара, альбо яго прыводзяць блізкія?”

(Адамовіч: ) “Калі я ўпэўнены, што гэта менавіта апантанасьць, бяру гэтага чалавека ў царкву, і там у адмысловым нэфе выявай Укрыжаваньня і іконай Божай Маці адпраўляю экзарцызм. Я карыстаюся рытуалам зацьверджаным эпіскапатам. Пачынаю з даручэньня беснаватага Божай Маці, пасьля чытаю літаньню да ўсіх сьвятых, і фрагмэнт Эвангельля пра аздараўленьне Хрыстом беснаватых. Пасьля гэтага чытаю адмысловыя заклікі за Хрыста і Сьвятога, на якія той чалавек адказвае “Божа, зьлітуйся над намі”. Пры гэтым я трымаю руку на галаве верніка. Далей адбываецца аднаўленьне акту адрачэньня ад сатаны, якое нармальна адбываецца ў часе хросту. Пасьля зачытваю малітвы “Ойча наш” і “Малітва да Сьвятога Крыжа”, бласлаўляю апантанага крыжам і даю яго пацалаваць, акрапляю яго асьвячонай вадою з дадаткам солі, і мажу асьвячоным алеем. Усё працягваецца прыблізна 22 хвіліны”.

(Бандарук: ) “Вышэй згаданы італьянскі экзарцыст Габрыеле Аморт правёў ў сваім жыцьці каля 50 тысяч экзарцызмаў. Аднак ён сам прызнае, што толькі ў 84 выпадках ён можа з упэўненасьцю сказаць, што яму ўдалося выгнаць зь людзей нячыстую сілу. Ці былі ў Вашай практыцы выпадкі, калі Вы напэўна аздаравілі апантанага чалавека?”

(Адамовіч: ) “У 2003 годзе, у верасьні, прыехала да мяне сама хворая, ейная маці і муж. Гэта была 26-гадовая жанчына, маці двух малых хлопцаў. Яна расказала, што неверагодна пакутуе, была ў 5 розных лекараў, і ніводзін зь іх не ведае, што гэта за хвароба. Ніякія лекі ёй не дапамагаюць. Жанчына адчувала несупынны боль галавы і жывата, перапады настрою, то плакала, то жудасна рагатала і скавытала. З прычыны агрэсіўнасьці і непрадказальнасьці ейны муж і маці баяліся за дзетак і за сябе.

Аказалася, што ўсё пачалося пасьля сьмерці дзядзькі, чалавека, які бязбожна жыў і бяз споведзі памёр. Сям’я лічыла яго то вар’ятам, то апантаным. Хаця гэта гучыць як сярэднявечныя забабоны, але пасьля абмыцьця нябожчыка цётка выліла гэтую ваду на панадворак. Дачка ўступіла ў гэтую ваду, і з таго часу ў яе пачаліся ўсе беды. У палове верасьня я адправіў над гэтай жанчынай экзарцызм. Пасьля месяца ўся сям’я, 5 чалавек, прыехалі каб падзякаваць за дапамогу, бо пасьля экзарцызму ўсё як рукой зьняло. Я кажу: падзякуйце Божай Маці, бо гэта сталася дзякуючы Ёй. У мяне шмат выпадкаў, калі людзі прыходзяць і дзякуюць”.

(Бандарук: ) “У адрозьненьне ад некаторых пратэстантаў, праваслаўная і каталіцкая цэрквы аддаюць перавагу індывідуальнаму выгнаньню бесаў. Яны ня хочуць, каб з экзарцызму рабіць нейкае “шоў”, як гэта было ў Вялікабрытаніі, калі тэлебачаньне перадавала на ўсю абрад выгнаньня бесаў. Пераважная большасьць экзарцыстаў практыкуюць гэты абрад над паасобным чалавекам.

Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык у ёй няма штатных экзарцыстаў. Эпіскап проста даручае гэтую функцыю нейкаму сьвятару, пераважна манаху, які карыстаецца сярод вернікаў і духавенства вялікім аўтарытэтам. Праваслаўныя экзарцысты таксама карыстаюцца зацьверджанымі тэкстамі і рытуалам, складзеным Мітрапалітам Пятром Магілам ў 16-м стагодзьдзі. Сьвятар чытае так званы “заклінальныя” малітвы, Эвангельле, памазвае сьвятым алеем і кропіць асьвячонай вадой.

Праўда, з прычыны іхнай папулярнасьці, да некаторых экзарцыстаў прыяжджае мноства людзей, і тады яны праводзяць гэтак званыя “адчыткі” для сотняў людзей адразу. Гэтак, у прыватнасьці, робіць прызнаны экзарцыст, айцец Серафім з праваслаўнага Спаса-Прэабражэнскага манастыра ў Хмелеве каля Берасьця. Да яго прыяжджаюць людзі з усяе Беларусі, Расеі, Украіны і Прыбалтыкі. Я спрабаваў зьвязацца з айцом Серафімам па тэлефоне, але ягоны памочнік паведаміў, што “айцец ігумен выехаў, і невядома калі вернецца”. Ён толькі паведаміў, што чарговая “адчытка” будзе праводзіцца ў красавіку.

Шырока вядомы яшчэ адзін праваслаўны экзарцыст – айцец Мірон з Пскова-Пячэрскай Лаўры. Публічныя экзарцызмы праводзіць ў Тройца-Сергіевай Лаўры а.Герман. У храм Сьвятога Яна Хрысьціцеля людзі прывозяць сваіх беснаватых сваякоў з самых далёкіх куткоў Расеі.

У газэце “Русский Дом” Аляксей Верда апісвае абрад выгнаньня бесаў, праводжаны а.Германам. У часе малітвы, калі да маладой жанчыны дайшоў кадзільны дым, яна пачала махаць рукамі і дзіка крычаць на сьвятара “стары дурань”. Айцец Герман павярнуўся да яе і строгім голасам загадаў “А ну-ка замаўчы”. Жанчына як бы супакоілася і ўжо болей лагодным тонам вымавіла словы “Ну і моцны поп”, а пасьля гэтага ўжо толькі ціха бурчэла. Калі айцец Герман наблізіўся да жанчыны з малым хлопчыкам на руках, той закрычаў сапраўдным мужчынскім басам і пачаў вырывацца з рук маці. Калі сьвятар акрапляе прысутных у храме асьвячонай вадою і памазвае сьвятым алеем, некаторыя пачынаюць адхіляцца, падаюць на падлогу, віцца, курчыцца і жудасна раўсьці. Пасьля службы жанчына, якая брыдка лаялася на сьвятара пачала зь вялікай натугай цягнуцца да крыжа, але нейкая нябачная сіла стрымлівала яе. Перадаць гэту сцэну немагчыма. Яе трэба бачыць самому пабачыць”, піша Аляксей Верда.

У Эвангельлі прыводзяцца словы Хрыста, які пра нячыстыя сілы сказаў: “гэты род выганяецца толькі постам і малітваю”. У каталікоў якраз працягваецца Вялікі Пост, а ў праваслаўных ён хутка пачнецца. Гэта спрыяльны час для такога прасьвятленьня душы, каб у ёй не было месца для цёмных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG