Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старадаўнія беларускія грошы


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: гісторык Ірына Колабава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Тэма грошай заўсёды была, ёсьць і будзе папулярнай. Але чамусьці найперш лезуць у галаву думкі вялікіх, у якіх грошы маюць адмоўны сэнс. Старажытнагрэцкі філёзаф Дэмакрыт пісаў, што “сквапнасьць да грошай, калі яе не ўтаймаваць, горш за нястачу”. Старажытнарымскі паэт Гарацый казаў, што “грошы могуць быць гаспадаром і рабом таго, хто імі валодае”. І такіх выказваньняў процьма”.

(Ірына Колабава: ) “Сапраўды, грошы нярэдка прымушаюць чалавека выяўляць свае самыя дрэнныя якасьці, і таму Стары Запавет папярэджвае, што “хто любіць срэбра, той не наесца срэбрам, і хто любіць багацьце, тому няма карысьці ад гэтага”. Але грошы могуць выявіць і дабрыню, спагадлівасьць чалавека. І ўсё гэта – жыцьцё, якое францускі пісьменьнік Анарэ дэ Бальзак вызначыў як “машыну, якую прыводзяць у рух грошы”.

(Ракіцкі: ) “А як увогуле людзі прыйшлі да вынаходніцтва такой рэчы, як грошы?”

(Колабава: ) “Калі гаварыць усурёз, то грошы – спэцыфічны від тавару. Паступова з масы тавараў вылучаюцца, калі можна так сказаць, першыя грошы – гэтак званыя таварагрошы. Гэта была хатняя скаціна – “мыкаючыя” грошы. Сучасныя беларуская, руская, польская, лацінская, нямецкая і іншыя мовы захавалі роўнасьць паняцьцяў “хатняя скаціна” і “багацьце”. Напрыклад, “быдла – здабытак”, “скот-скотніца (княжацкая казна). Слова “капітал” паходзіць ад лацінскага caput – галава хатняй жывёлы. У якасьці таварагрошаў маглі выступаць таксама брускі солі, спрэсаваныя пліткі гарбаты, пэрліны, клыкі і хвасты парсюкоў, жорнавы, чалавечыя чарапы і гэтак далей”.

(Ракіцкі: ) “Але таварагрошы, як вы выказаліся, былі не дастаткова зручныя дзеля выкананьня сваіх функцыяў. Уявіце сабе малюначак: хачу, прыкладам, купіць джынсы і цягну на вяроўцы карову ў якасьці грошаў…”

(Колабава: ) “Так, лепш за ўсё падыходзілі для такой справы рэчы, вырабленыя з каштоўных мэталяў, і ў далейшым ролю грошаў пачалі адыгрываць залатыя, срэбраныя, медныя ці жалезныя адмыслова зробленыя невялічкія вырабы – нажы, званы, пруты, проста зьліткі... Нарэшце вызначылася і форма будучых мэталёвых грошаў – манэтаў – у выглядзе дыска”.

(Ракіцкі: ) “Манэту часам называюць мэталёвым люстэркам часу. А адкуль увогуле зьявілася гэтае слова?”

(Колабава: ) “Існуе паданьне, якое зьвязвае паходжаньне слова “манэта” зь імем багіні Юноны-Манэты, што перакладаецца як Юнона-Парадчыца, Прадказальніца. Удзячныя багіні рымляне перанесьлі на тэрыторыю ейнага храму свой грашовы двор, які стаў называцца манэтным, а яго прадукцыя – манэтамі. Старажытныя аўтары Ксэнафан і Герадот выказвалі меркаваньне, што першыя манэты былі вырабленыя ў Лідзіі – краіне на захадзе Малазійскай паўвыспы ў 7 стагодзьдзі да нашай эры”.

(Ракіцкі: ) “А як адбываўся сам працэс вырабу манэтаў у старажытнасьці і сярэднявеччы?”

(Колабава: ) “Манэта – прадмет масавай, спачатку рамеснай, а потым – машыннай вытворчасьці. У антычнасьці выкарыстоўвалася тэхніка ліцьця ў форму. У сярэднявечнай Эўропе чаканка праводзілася ў некалькі этапаў: спачатку рыхтаваўся сплаў, потым вырабляліся манэтныя пласьціны, штэмпэлі, якімі білася манэта, і ў канцы адбывалася абавязковая вэрыфікацыя (праверка) манэтаў. Зь цягам часу ручная праца мэханізуецца, і цяпер манэты вырабляюцца спэцыяльнымі манэтавыробнымі машынамі.

Манэта мае шэраг матэрыяльных і зьнешніх уласьцівасьцяў, напрыклад, масу, пэўны мэталь – золата, срэбра, медзь, бронза і іншыя сплавы, пярэдні і адваротны бакі, надпісы, выявы”.

(Ракіцкі: ) “Адна (і яна самая галоўная) з функцыяў манэты – гэта сродак плацяжу. А якія яшчэ ролі выконвалі манэты? Да прыкладу, у побыце, звычаях, веравызнаньнях людзей?”

(Колабава: ) “Манэты трывала ўвайшлі ў побыт і звычаі розных народаў. Беларусы маглі выкарыстоўваць манэты ў якасьці як мужчынскіх, гэтак і жаночых упрыгожаньняў. Дзеля гэтага ў іх прабівалі дзірку ці прымацоўвалі вушка. У курганных могільніках археолягі часам знаходзяць падвескі, маністы, завушніцы, вырабленыя з манэтаў. Нябожчыку традыцыйна клалі так званы “обал памерлых” – манэту, якая павінна была суправаджаць яго ў іншым сьвеце. Манэты выкарыстоўваліся пры вясельных абрадах – дробнымі манэтамі маглі кідаць у натоўп сустракаючых маладых гасьцей, на манэты выкуплялі нявесту, манэту клалі ў адзін з ботаў мужа, і лічылася шчасьлівай прыкметай, калі жонка здымала той бот першым. У беларусаў існаваў звычай дарыць манэту парадзісе, класьці манэту пад рог падмурка ці ў куты вянца драўлянай пабудовы. Пра існаваньне ў старажытнасьці звычаю пакланеньня валунам ці дрэвам сьведчаць знаходкі пад імі асобных манэтаў. Манэтамі маглі ахвяраваць язычніцкім багам. У больш позьнія часіны пашырыўся звычай ўпрыгожваць манэтамі абразы”.

(Ракіцкі: ) “Сёньня людзі дораць грошы ці не пры любой урачыстай нагодзе. Яшчэ грашыма выдаюць прэміі, узнагароды. Ці былі такія звычкі раней?”

(Колабава: ) “Грошы заўсёды былі ўнівэрсальным відам падарунку. І зараз захоўваюцца шматлікія прыкметы, зьвязаныя з грашыма, напрыклад, класьці грошы ў кашалёк, і дарыць іх трэба пярэднім бокам да чалавека (пярэдні бок – той, дзе ёсьць назва дзяржавы, герб ці выява кіраўніка краіны), кашалькі і любыя іншыя начыньні нельга дарыць пустымі, трэба пакласьці ў іх нейкія грошы, да грошаў чэшацца левая далонь і трэба яе пацалаваць, шчасьлівым будзе спалучэньне маладога месяца на небе і грошаў у кішэні”.

(Ракіцкі: ) “Людзі заўсёды імкнуліся нейкім чынам схаваць грошы, зьберагчы іх і ня толькі ад злодзеяў. Прыкладам, муж хавае грошы ад жонкі…”

(Колабава: ) “Так. Ці не спрадвеку людзі карысталіся кашалькамі. І пра гэта сьведчаць знаходкі старадаўніх кашалькоў пры археалягічных раскопках. Кашалькі вырабляліся са скуры ці тканіны, часам іх упрыгожвалі вышыўкай. Манэты маглі захоўвацца ў роце за шчакой. Такі звычай адзначаўся ў Старажытнай Грэцыі, у краінах Блізкага Ўсходу, Індыі, Расеі. Нарэшце, грошы хавалі ў выглядзе скарбаў. У хаце грошы маглі знаходзіцца ў адмысловым з нахілам куфэрку, які клаўся пад падушку гаспадара ці ў нейкае патаемнае месца, прыкладам, у печцы”.

(Ракіцкі: ) “Дык якія ж манэты выкарыстоўваліся на тэрыторыі Беларусі? Зь якіх краінаў яны прыходзілі, калі яны пачалі чаканіцца непасрэдна на беларускай зямлі?”

(Колабава: ) “Спачатку на беларускія землі (і гэта можна патлумачыць геаграфічным становішчам і гістарычнымі падзеямі) прыходзілі старажытнарымскія, арабскія манэты, срэбраныя зьліткі безманэтнага пэрыяду, манэты практычна ўсіх эўрапейскіх і некаторых краінаў Усходу. І калі ў I-III стагодзьдзях н.э. манэты Старажытнага Рыму выкарыстоўваліся толькі як дзівосныя рэчы, то арабскія дырхамы ў IX-X стагодзьдзях сталі, па-сутнасьці, першымі сапраўднымі грашыма на тэрыторыі Беларусі. Пры неабходнасьці дробнага плацяжу гэтую вялікую срэбраную манэту проста разразалі на часткі нажніцамі. Цікавую групу ўяўляюць першыя манэты Русі канца X-XI стагодзьдзяў – златнікі і срэбранікі. На наш час вядома, напрыклад, толькі 11 златнікоў, прычым 6 зь іх знойдзеныя ў Беларусі, у Пінску ў 1804 годзе”.

(Ракіцкі: ) “Мы ўжо ўзгадвалі пра так званы безманэтны пэрыяд. Крыху падрабязьней, спадарыня Колабава, пра тое, якія грошы ён даў беларусам?”

(Колабава: ) “Своеасаблівымі грашыма безманэтнага пэрыяду сталі срэбраныя зьліткі пэўнай масы і формы, якія называліся грыўнамі, ці рублямі, таму, што іх пры неабходнасьці рубілі на дзьве палавіны – палціны. Дарэчы ад грыўны-рубля пайшла і назва сучаснай грашовай адзінкі – беларускага рубля. Гэта былі грошы багатых, якія выкарыстоўваліся для значных плацяжоў. На тэрыторыі Беларусі карысталіся трыма тыпамі грыўнаў – літоўскімі, наўгародзкімі і кіеўскімі. Заходнеэўрапейская манэта была прадстаўлена поўным наборам ад залатога дукату да дробнай разьменнай манэты”.

(Ракіцкі: ) “А калі продкі сучасных беларусаў займелі і пачалі чаканіць ўласныя манэты?”

(Колабава: ) “Уласную манэту на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі чаканіць толькі ў апошняй чвэрці XIV – першай палове XV стагодзьдзя. Гэта былі выпускі маленькіх срэбраных літоўскіх дынарыяў (мясцовая назва – пенязі). Канчаткова манэтная сыстэма Вялікага Княства Літоўскага сфармавалася ў сярэдзіне XVI стагодзьдзя, калі ў дзяржаве былі адчаканеныя ўласныя асноўныя эўрапейскія наміналы – срэбраны грош у 1535 годзе, залаты дукат у 1547 годзе і срэбраны талер – 1564-м”.

(Ракіцкі: ) “Вялікае Княства зь цягам часу згубіла сваю незалежнасьць. І згубіла сваю грашовую сыстэму?”

(Колабава: ) “У далейшыя часы, будучы ў складзе Рэчы Паспалітай, Расейская імпэрыі, СССР, тэрыторыя Беларусі паступова ўключалася ў агульную грашовую гаспадарку гэтых дзяржаў. Ад чэрвеня 1992 году наша краіна атрымала самастойныя грашовыя сродкі – папяровыя разьліковыя білеты Нацыянальнага Банку Рэспублікі Беларусь, а ад 1996 году пачаўся і выпуск, прызначаных для калекцыянэраў, мэмарыяльных манэтаў з каштоўных мэталяў і сплаваў. Але і ў ХХІ стагодзьдзі мы, часам не задумваючыся, карыстаемся здабыткамі далёкіх часінаў, калі, напрыклад, агучваем старажытныя тэрміны “рубель” і “капейка” ці называем, як і ў першыя гады панаваньня савецкай улады, тысячу рублёў “куском”, мільён – “лімонам”, а мільярд – “ліманардам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG