Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Масхадаў: “Дастаткова 30 хвілінаў сумленнага дыялёгу сам-насам, каб спыніць гэтую вайну”


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Лідэр чачэнскіх сэпаратыстаў Аслан Масхадаў даў інтэрвію Радыё Свабода. Пытаньні ў пісьмовым выглядзе былі выстаўленыя ў інтэрнэце. Сёньня Масхадаў – таксама праз інтэрнэт – адказаў на гэтыя пытаньні.

У прыватнасьці, ён заявіў, што спыніць вайну ў Чачэніі можна праз перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным:

(Масхадаў: ) “Мы прапаноўвалі, прапаноўваем і лічым, што дастаткова 30 хвілінаў сумленнага дыялёгу сам-насам, каб спыніць гэтую вайну, каб растлумачыць прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі, чаго ўвогуле хочуць чачэнцы. Я ўпэўнены, што ён і гэтага ня ведае. І пачуць з вуснаў Пуціна, чаго ён хоча, чаго Расея хоча ў Чачэніі”.

У лідэра чачэнскага супраціву ёсьць і канкрэтныя прапановы на пачатак дыялёгу з расейскім кіраўніцтвам:

(Масхадаў: ) “З майго гледзішча, для пачатку гэтага дыялёгу зусім дастаткова спыніцца на наступных пытаньнях: для чачэнцаў – гарантыі бясьпекі чачэнскага народа, для Расеі – рэгіянальных і абаронных інтарэсаў на Паўночным Каўказе. Калі мы здолеем расплюшчыць вочы сваім апанэнтам, кіраўнікам Расеі, значыць, вайну можна спыніць”.

З адказаў на пытаньні Радыё Свабода Аслана Масхадава вынікае, што чачэнскі супраціў цалкам знаходзіцца пад ягоным кантролем і кіраўніцтвам. Таму чачэнскія ваяўнікі будуць выконваць дамоўленасьці з Крамлём пра замірэньне, калі такія будуць дасягнутыя.

(Масхадаў: ) “Я ня думаю, што на тэрыторыі Чачэніі ёсьць падразьдзяленьні, якія праігнаруюць мой загад. Па-мойму, такіх падразьдзяленьняў няма таксама на тэрыторыі Інгушэтыі, Дагестана, Кабардына-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі. Гэта не пустыя словы — а рэальнасьць. Усе баявыя падразьдзяленьні на тэрыторыі Чачэніі і суседніх рэспублік падпарадкоўваюцца кіраўніцтву Чачэнскага супраціву”.

Гэта былі ўрыўкі зь інтэрвію Аслана Масхадава Радыё Свабода, дадзенага праз Інтэрнэт. Чачэнскі бок у ваенным канфлікце з Расеяй ня першы раз прапаноўвае Крамлю дыялёг. Аднак кіраўніцтва Расеі на перамовы з Масхадавым ці ягонымі прадстаўнікамі ня ідзе, бо лічыць іх тэрарыстамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG