ПРАГА. Былы украінскі прэзыдэнт Леанід Кучма сёньня вяртаецца ў Кіеў з адпачынку на чэскім курорце Карлавы Вары праз дзень пасьля самагубства былога міністра унутраных справаў Украіны Юр’я Краўчанкі. Краўчанка меў дачыненьне да забойства ў 2000 годзе журналіста Георгія Гангадзэ, які пісаў пра карупцыю украінскіх уладаў. У перадсьмяротнай запісцы экс-кіраўніка МУС названыя імёны людзей, датычных да забойства журналіста. Пра гэта паведаміў кіраўнік службы бясьпекі Украіны Аляксандар Турчынаў. Ён заявіў, што, праўдападобна, Краўчанка двойчы выстраліў сабе ў галаву. Экс-міністар загінуў ў пятніцу – у той дзень ён павінен быў даваць паказаньні ў справе Гангадзэ.
Леанід Кучма прызнаў, што чакае выкліку на допыт у Генэральную пракуратуру ў сувязі са справай Гангадзе. Экс-прэзыдэнт працягвае настойваць на тым, што ён ня мае ніякага дачыненьня да забойства журналіста.
(Кучма) “Перад Богам, перад людзьмі, перад Гангадзэ -- я чысты”, сказаў былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма.