Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі напісалі зварот да Джорджа Буша, страйкуюць далей


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – чацьверты дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў. У Менску адбыўся агульнагарадзкі сход ля стадыёна “Дынама”, на які сабралася некалькі соцень гандляроў сталічных рынкаў.

Удзельнікі сходу паведамілі, што большасьць менскіх прадпрымальнікаў працягвае страйкаваць, нягледзячы на ціск адміністрацыяў рынкаў і падатковых інспэкцыяў.

(Спадар Андрэй: ) “Ждановічы стаяць. Мне ня сорамна: я бачу, што людзі тут сабраліся”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Ня трэба плаціць падатку, ня трэба”.

(Спадар Андрэй: ) “Мы гэтым страйкам ужо чагосьці дамагліся, бо ідзе розгалас ва ўладных структурах”.

(Спадар Анатоль: ) “Пайшоў ціск з боку адміністрацыяў”.

(Спадар Вера: ) “Мы на “Ждановічах” ня зьбіраемся выходзіць на працу”.

(Спадар Іван: ) “І трэба, каб “Дынама” ня выходзіла”.

(Спадар Алег: ) “Спадары, ва Ўкраіне такія ж прадпрымальнікі страйкавалі тры месяцы”.

Сход выказаўся за тое, каб працягваць страйк. Прадпрымальніцкая акцыя пратэсту працягвалася і ў іншых рэгіёнах.

Рэгіянальныя лідэры грамадзкага аб’яднання “Пэрспэктыва” сёньня правялі ў Менску нараду, на якой была агучаная інфармацыя, што па-ранейшаму страйкуе большасьць гандляроў Гомеля, Віцебску, Наваполацку, Маладэчна, Баранавічаў, Салігорску, Сьветлагорску, Рэчыцы, Барысава, Магілёва. У прыватнасьці, вось што паведаміў на гэты конт лідэр магілёўскіх гандляроў Сяргей Фамін:

(Фамін: ) “Магілёў стаіць ад 1 сакавіка. Стаяць усе рынкі. Кожны дзень мы зьбіраемся на плошчы Леніна. Сёньня зноў людзі стаяць каля аблвыканкаму”.

Прэсінг на ўдзельнікаў страйку мае месца і ў рэгіёнах. Асабліва на актывістаў. Гаворыць лідэрка прадпрымальнікаў Дзяржынску Тацяна Ваніна:

(Ваніна: ) “Які жахлівы ціск ідзе зараз. Запрашаюць у міліцыю. Шлюць позвы. Праводзяць “прафіляктычную” працу. Ну і ўносяць раскол у шэрагі прадпрымальнікаў”.

Дарэчы, прадпрымальнікі ня вераць, што Аляксандр Лукашэнка, які выказаў жаданьне наведаць бліжэйшым часам шэраг рынкаў, адменіць падатак на дабаўленую вартасьць. Таму сёньня грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспектыва” ад імя прадстаўнікоў дробнага бізнэсу прыняла зварот да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша.

У дакумэнце гаворыцца, што мэтай звароту ёсьць прыцягненьне ўвагі да сытуацыі ў Беларусі, зьвязанай зь цяперашнім канфліктам уладаў і прадпрымальнікаў. Паведамляецца таксама, што беларускія ўлады, замест мірнага шляху рашэньня канфлікту, выкарыстоўваюць рэпрэсіі ў дачыненьні да актывістаў прадпрымальніцкага руху. У прыватнасьці, зараз арыштаваныя Анатоль Шумчанка, Леанід Невар і Зьміцер Іваноўскі.

Кіраўніцтва “Пэрспектывы” папрасіла прэзыдэнта ЗША аказаць ціск на беларускае кіраўніцтва з мэтай спыненьня падобных рэпрэсіяў. Вось як пракамэнтаваў гэты зварот намесьнік старшыні гэтага грамадзкага аб’яднаньня Аляксандр Лапотка:

(Лапотка: ) “У прадпрымальнікаў застаецца апошняя надзея, што іх пачуюць дэмакратычныя краіны, якія падтрымліваюць дэмакратычныя прынцыпы. Таму прадпрымальнікі вырашылі зьвярнуцца да прэзыдэнта Буша, каб прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да гэтай вялізнай праблемы гэтай маленькай краіны”.

Зазначыў Аляксандр Лапотка, адзін зь лідэраў грамадзкага аб’яднання “Пэрспектыва”.

Нагадаем, прадпрымальнікі пратэстуюць супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Акцыя, у якой бяруць удзел дзесяткі тысяч бізнэсоўцаў, суправаджаецца няўплатай падаткаў у бюджэт. 1 сакавіка спроба прадпрымальнікаў дамагчыся ў Менску сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб перадаць патрабаваньні, ня мела посьпеху: АМОН спыніў шэсьце да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. 3 сакавіка Лукашэнка выказаў намер у бліжэйшыя дні наведаць шэраг рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG