Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Малдове “вінаградная рэвалюцыя”?


Валер Каліноўскі, Менск Каля сотні беларускіх назіральнікаў накіраваліся ў Малдову на парлямэнцкія выбары, якія пройдуць ў нядзелю 6 сакавіка. На гэтых выбарах малдоўская апазыцыя паспрабуе перамагчы камуністычную партыю Малдовы, якая кіруе дзяржавай чатыры апошнія гады. Назіраць за выбарамі ў Малдове афіцыйныя прадстаўнікі Менску не паехалі

Ад Цэнтарвыбаркаму Беларусі назіраць за малдоўскімі выбарамі не паехаў ніхто, паколькі не было афіцыйнага запрашэньня,– паведаміў сакратар камісіі Мікалай Лазавік.

Цяперашняе малдоўскае кіраўніцтва адмовілася ад паслугаў назіральнікаў ад СНД, паколькі лічыць іх неаб’ектыўнымі. Цягам апошніх выбарчых кампаніяў у Беларусі і Ўкраіне справаздачы назіральнікаў ад СНД кардынальна адрозьніваліся ад ацэнак місіяў АБСЭ.

Тым ня менш, зь Беларусі ў Малдову паехалі больш за сто назіральнікаў пад эгідай АБСЭ. Яны прадстаўляюць палітычныя партыі і недзяржаўныя арганізацыі. Толькі АГП накіравала на выбары ў Малдову 49 сваіх актывістаў, паведаміў лідэр партыі Анатоль Лябедзька.

Сакратар у міжнародных справах апазыцыйнай Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Малдовы Вікторыя Кушнір вітае прыезд вялікай групы міжнародных назіральнікаў зь Беларусі. Яна спадзяецца, што разам з прадстаўнікамі іншых краінаў яны дапамогуць забясьпечыць законнасьць і празрыстасьць выбарчага працэсу.

Паводле спадарыні Кушнір, выбарчая кампанія ў Малдове не была сумленнай і лёгкай, асноўныя СМІ заставаліся манапалізаванымі ўрадам, мясцовыя ўлады абмяжоўвалі сустрэчы выбаршчыкаў з апазыцыйнымі кандыдатамі. Тым ня менш, спадарыня Кушнір спадзяецца, што само галасаваньне і падлік галасоў пройдзе законна.

(Кушнір: ) “Тэхнічна фальсыфікацыя меней магчымая ў Малдове, чым маніпуляцыя грамадзкай думкай перад выбарамі праз СМІ. Калі ж будуць сур’ёзныя парушэньні, то ня толькі мы, апазыцыя, але і людзі будуць патрабаваць абараніць свой голас, гэта іх дэмакратычнае права на пратэст у такім выпадку”.

Такім чынам, малдоўская апазыцыя рыхтуецца ў выпадку фальсыфікацыі выбараў правесьці акцыі пратэсту, якія назіральнікі ўжо назвалі магчымай “вінаграднай рэвалюцыяй”.

Прэзыдэнт Малдовы камуніст Уладзімер Варонін гэтыя пляны назваў “кукурузным путчам”. Кампартыі на гэтых выбарах супрацьстаяць ня толькі хрысьціянскія дэмакраты, якія лічацца празаходняй партыяй, але і блёк “Дэмакратычная Малдова”, прадстаўнікі якога таксама адчуваюць ціск ўладаў.

Урад Малдовы нядаўна заявіў пра ўмяшальніцтва Расеі ў перадвыбарчыя справы і выслаў шэраг расейскіх грамадзянаў, якія дапамагалі гэтаму блёку. Гаворыць Вікторыя Кушнір.

(Кушнір: ) “Блёк “Дэмакратычная Малдова” – гэта кааліцыя, якая зьяўляецца як бы пуцінскай партыяй ў Малдове, яна была створаная з дапамогай Расеі, маскоўскай адміністрацыі.”

На думку беларускага палітыка Анатоля Лябедзькі, падтрымка Расеяй партыі з дэмакратычнымі лёзугамі ў адной з краінаў СНД зьяўляецца на гэты час унікальнай зьявай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG