Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад вокнамі жыхароў на вуліцы Луначарскага ў Гомелі будуюць аўтазапраўку – супраць іх волі


Казімір Яноўскі, Гомель Жыхары пяці вуліцаў Навабеліцкага раёну Гомелю пратэстуюць супраць будаўніцтва аўтазапраўкі блізу іх дамоў, ды яшчэ пад высакавольтнай электралініяй. Чым яна небясьпечная для жыхароў прылеглых вуліцаў?

Будуе аўтазапраўку на вуліцы Луначарскага гомельская філія закрытага акцыянэрнага таварыства “Слаўнафта-Старт”. Дазволіў будоўлю гарвыканкам. Адпаведныя ўзгадненьні далі гарадзкія адмыслоўцы міністэрства надзвычайных сытуацыяў, экалёгіі, санітарнай службы.

Жыхары навакольных прыватных дамоў з гэтым ня згодны. Распавядае Леанід Пліска:

(Пліска: ) “Яны парушылі дэкрэт прэзыдэнта пра бясьпеку грамадзянаў. Перакрылі вуліцу Высокую – выезду няма. Высакавольтная лінія побач. Можа абрыў провада быць, наледзь. Пры падзеньні провада пад напругаю ўзарвуцца ўсе гэтыя ёмістасьці. Што датычна экалёгіі: нашы дамы і агароды атрымаліся ў яме. Яны зрабілі насып на 3,5 мэтра, паднялі пляцоўку пад АЗС. Мы не адчынім вокны: вецер з захаду – усё будзе ляцець у вокны”.

Гараджане пратэстуюць супраць суседзтва аўтазапраўкі, пішуць лісты ў розныя інстанцыі Гомелю і Мінску. Усё вяртаецца ў гарвыканкам. Прыяжджаюць розныя мясцовыя камісіі, але будоўля не спыняецца. Людзі кажуць, што гарвыканкам зацікаўлены ў аўтазапраўцы, нягледзячы на тое, што за два прыпынкі ад канфліктнага месца ёсьць выдатная аўтазапраўка аб’яднаньня “Беларуснафта”.

Проста бізнэсоўцы таварыства “Слаўнафта-Старт” адшпілілі гораду на ўладкаваньне ліўнёўкі 60 тысячаў даляраў. Таму ніякія аргумэнты жыхароў у разьлік не бяруцца. Паслухаем Антаніну Семянцову:

(Семянцова: ) “Нічога з намі не ўзгаднялі. А калі сталі пратэставаць, прывялі ўчастковага і запыталі: “Вы што, супраць улады?”

У дзень, калі я гутарыў з жыхарамі вуліцаў Высокая, Луначарскага, Пугачова, на будоўлю прыяжджалі кіраўнік адміністрацыі Навабеліцкага раёну Мікалай Грыцэнка, намесьнік старшыні гарвыканкаму Сяргей Кавалёў. Яны стаялі на сваім: ад бэнзакалёнак да жылых дамоў ёсьць адлегласьць 20 мэтраў – і ўсё тут. Ад камэнтароў мэдыям чыноўнікі адмаўляліся. Гэтак аднекваўся намесьнік старшыні гарвыканкаму Кавалёў:

(Кавалёў:) “Я ня буду вам нічога, ніякіх інтэрвію даваць”.

А як добраўпарадкаваны мікрараёны прыватнай забудовы? У большасьці такіх мікрараёнаў выгодаў бракуе. Жыхары з бліжэйшых дамоў вакол аўтазапраўкі распавядалі, што раней на месцы аўтазапраўкі меліся разьбіць сквэр. Скардзіліся людзі, што нямашака побач добрых крамаў, адсутнічаюць гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей і моладзі.

(Шышкова: ) “Я жыву на вуліцы Пугачова. Экалёгія мяне турбуе – раз. І мяне турбуе тое, што няма тут праграмы аздараўленьня нацыі, пра якую апавядае прэзыдэнт. Калі б тут яны не аўтазапраўку пабудавалі, а аздараўленчы комплекс, то і я пайшла б, і другая, і трэцяя, і чацьвёртая. Зімою. Разумееце? І дзеці, і моладзь прыйшлі б займацца, мелі б занятак”.

Так лічыць Ніна Шашкова з вуліцы Пугачова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG