Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1/8 Кубку Дэвіса: Беларусь - Румынія (абноўлены)


Ігар Карней, Менск 4 сакавіка ў румынскім горадзе Брашове стартуе адзін з матчаў 1/8 Кубку Дэвіса, у якім сустракаюцца тэнісныя каманды Беларусі і Румыніі. Паўфіналіст мінулагодняга розыгрышу зборная Беларусі прыехала ў Брашоў у істотна абноўленым складзе, што, праўда, не перашкаджае афіцыйным СМІ казаць пра беларусаў як пра фаварытаў сустрэчы. Наколькі апраўданыя падобныя “авансы”?

Колькі словаў пра беларускую каманду: па-ранейшаму галоўныя спадзяваньні ўскладаюцца на Максіма Мірнага і Ўладзімера Валчкова. Мяркую, што самыя вялікія аптымісты не рызыкнуць “паставіць” на кагосьці іншага, і выніковай гульні, сапраўды, чакаюць ад незаменных ракетак у асобах Валчкова і Мірнага.

Што да астатніх “зборнікаў”, то гэта мала знаёмыя твары нават аматарам вялікага тэніса: 17-гадовыя Ягор Пунтус, Сяргей Тарасэвіч і Аляксандар Буры. Міжнароднага рэйтынгу, як можна здагадацца, ні ў каго зь іх няма. Стратэгічныя задумы новага капітана, Андрэя Бяссонава, які замяніў на каманднай лаўцы Сяргея Цяцерына, збольшага застаюцца таямніцай. Але, прынамсі, прасочваецца адна тэндэнцыя – арыентацыя на высокіх, як і Мірны, спартоўцаў. Той жа Буры – за два мэтры ростам. Мала яму саступаюць Пунтус і Тарасэвіч, а вось знаёмыя па мінулых турнірах зусім невысокія Аляксандар Швец і Андрэй Каратчэня, відавочна, пад “стандарты росту” ня трапілі і пры новай “уладзе” не прыжыліся.

Летась, пасьля хатніх перамогаў над зборнымі Расеі і Аргентыны, тэнісісты былі адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, а Аляксандар Лукашэнка наўпрост казаў, што хлопцы зьдзейсьнілі “грамадзянскі подзьвіг”... Які старт адмыслоўцы прагназуюць у новым розыгрышы?

Па-першае, ад пачатку даводзіцца гуляць на выезьдзе; па-другое, на досыць спэцыфічных кортах – грунтовых, але пад дахам. Гэты момант, зрэшты, можа быць найпершым апраўданьнем у выпадку няўдачы, як ужо было падчас “сухой” паразы ў матчы супраць Аргентыны ў 2003 годзе.

Можна зьвярнуць увагу і на тое, што сустрэчы пройдуць у невялікім румынскім гарадку, без асаблівага ажыятажу, тады як у Менску ўсе папярэднія матчы Кубку Дэвіса больш нагадвалі палітычныя акцыі з абавязковым удзелам першых асобаў краіны.

Што да шанцаў на выхад у 1/4 фіналу, то пра гэта я запытаўся ў тэлекамэнтатара Мікалая Петрапаўлаўскага, які цягам трох бліжэйшых дзён будзе весьці спартовыя рэпартажы на канале ОНТ. Дарэчы, усе гэтыя дні гледачы ОНТ будуць практычна пазбаўленыя іншай альтэрнатывы: тэніс будуць паказваць ад абеду да глыбокага вечара.

(Петрапаўлаўскі: ) “50х50 – абсалютна роўныя шанцы. Румынская каманда вельмі прыстойная, ад 1922 году бярэ ўдзел у Кубку Дэвіса. У румынаў вельмі добрая гісторыя, тэнісныя традыцыі – усё ёсьць. Але, паводле сёньняшняга стану гульцоў, калі іх параўноўваць, то шанцы практычна аднолькавыя”.

У апошнім сваім леташнім матчы ў амэрыканскім Чарльстане за зборную Беларусі з трыбунаў перажывалі ня толькі беларусы, якія стала жывуць ці працуюць у ЗША (а падчас тэлетрансьляцыі можна было ўбачыць вялікую колькасьць бел-чырвона-белых сьцягоў), але і турысты з Беларусі. Ці выправіліся гэтым разам у Румынію арганізаваныя каманды заўзятараў?

Арганізацыяй паездкі заўзятараў у Румынію займалася турыстычная кампанія “Тусон-Ваяж”, якая летась паставіла Кубак Дэвіса на камэрцыйныя рэйкі, адправіўшы паўсотні беларусаў на паўфінал ЗША-Беларусь, дзе, шчыра кажучы, беларускім тэнісістам не давалі аніводнага шанца. Тым ня меней, тая параза заўзятараў не спужала, і ў Румынію ад “Тусону” выправіўся 41 чалавек, што, на думку супрацоўніцы фірмы Натальлі Шарэпы, ужо падобна на яшчэ сьціплую, але стабільную масавасьць.

(Шарэпа: ) “Спартовы турызм раней у нас наогул не культываваўся, але заўсёды прыемней праводзіць матчы, калі цябе хтосьці яшчэ падтрымлівае, чым тады, калі ў залі сядзяць заўзятары толькі адной каманды. Мы прыкладам, лічым, што тут існуе яшчэ і палітычны момант, бо імкнёмся сябе паказваць на такіх сур’ёзных спаборніцтвах”.

Нагадаем, што трансьляцыю матчаў 1/8 Кубку Дэвіса канал ОНТ будзе весьці 4, 5 і 6 сакавіка.

***

У першым матчы сустракаліся Макс Мірны і Віктар Ханэску. Мірны перамог румына ў чатырох сэтах:

7:6 (8:6), 6:4, 3:6, 6:4.

Пасьля гэтага Уладзімер Валчкоў саступіў румынцу Павэлу ў трох сэтах:

4:6, 6:7(2), 6:7(2)

Такім чынам пасьля першага дня спаборніцтва лік роўны - 1:1.
XS
SM
MD
LG