Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўжо ёсьць абагачаны ўран сьцьвярджае Уладзімер Парфяновіч


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку.

“Беларусы зьбіраюцца папіць крыві ў землякоў графа Дракулы” – пад такім загалоўкам “Народная Воля” распавядае пра адкрыцьцё спаборніцтваў за кубак Дэвіса. Беларусаў пасялілі ў пяцізоркавай “Каралеве Марыі” і прапанавалі ім шмат розных спакусаў. Якіх? Як сустрэла Румынія нашых тэнісістаў? Чытайце аб гэтым у сёньняшнім нумары.

У Беларусі ўжо ёсьць абагачаны ўран. Праца па будаўніцтву АЭС ужо пачалася – сьцьвярджае ў інтэрвію “Народнай Волі” Уладзімір Парфяновіч.

Як Алесь Пашкевіч бараніў Сяргея Міхалкова? Аб змове ў пісьменьніцкай Маскве распавядае Старшыня Саюза пісьменьнікаў Беларусі.

“Комсомольская правда” ў рубрыцы “Адстаўка тыдня” паведамляе аб тым, што алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка разьвіталася са сваім трэнэрам. Цяпер рыхтаваць яе да спаборніцтваў будзе муж. Зьміцер Несьцярэнка запэўнівае журналістаў, што ў яго гэта атрымаецца ня горш за трэнэра Ярашэвіча, які, дарэчы, трэніраваў яго 10 гадоў, а Юлію – 8.

“Комсомолка” працягвае тэму страйку прадпрымальнікаў. Журналісты аналізуюць сытуацыю з ПДВ і пэрспэктывы кампрамісу.

27-гадовы Аляксандр Сыман прымусіў гаварыць пра сябе, калі выйграў лютаўскі этап кубка сьвету ў Славеніі. Яго перамогу на спрынце ў 10 км усе замежныя журналісты назвалі сэнсацыяй. У інтэрвію “Комсомольской правде” Аляксандр кажа, што насамрэч усё сваё жыцьцё ішоў да гэтай перамогі. Новы лідэр беларускага біятлёну, лейтэнант КГБ, распавёў гісторыю свайго каханьня і пра свае захапленьні. Чытайце аб гэтым у “Камсамолцы”.

Газэта “Витебский курьер” дае агляд сытуацыі на рынках Віцебскай вобласьці ў часе страйку прадпрымальнікаў. Чытачы могуць даведацца, якія рэгіёны былі больш актыўныя і што адбывалася ў Віцебску.

Віцебскі аблвыканкам агучыў свае намеры наконт стварэньня гандлёвага цэнтру ў Маскве, каб там прадстаўляць прадукцыю віцебскіх прадпрыемстваў. Ньюсмэйкерам аблвыканкама выступіў галоўны дарадца кіраўніка вобласьці Мікалай Хведарчук. Ён паведаміў журналістам, што прэфэктура Паўночнай адміністрацыйнай акругі Масквы пагадзілася даць участак зямлі пад будаўніцтва цэнтру.

Журналісты напярэдадні дня 8 сакавіка закранулі тэму жанчына-кіроўца. Усе прызвычаіліся да таго, што жанчыны кіруюць трамваямі ці тралейбусамі. Таксама нікога не зьдзіўляе жанчына ў прыватным аўтамабілі. Але жанчына-кіроўца маршрутнага таксі альбо вялікага грузавіка выклікае цікавасьць мінакоў. “Витебский курьер” прапануе чытачам інтэрвію з такой жанчынай. Еўдакія Атаманенка, апроч таго, яшчэ і ўладальніца цырульні, фітнэс-цэнтру і некалькіх “маршрутак”. На адной зь іх яна сама працуе кіроўцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG