Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ўжо ведае, як выбіраць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня нарада дэмакратычных сілаў Беларусі, так званая “дзясятка”, ухваліла парадак вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі на абласных сходах і ўсебеларускім кангрэсе. Вырашана, што першыя такія сходы пройдуць ужо ў сакавіку.

Доўгатрывалы працэс узгадненьня працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі фактычна закончаны. Адпаведны дакумэнт сёньня быў ухвалены на чарговым паседжаньні так званай “дзясяткі”.

Было вырашана таксама стварыць аналягічныя структуры ў абласьцях. Абласныя нарады дэмакратычных сілаў, а таксама недзяржаўныя арганізацыі і будуць арганізоўваць рэгіянальныя сходы па вылучэньні адзінага кандыдата. Пачнуцца гэтыя сходы яшчэ ў гэтым месяцы, вызначаныя папярэднія даты такіх сходаў у Магілёўскай і Гомельскай абласьцях – 26 і 27 сакавіка адпаведна, паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Вылучанымі на абласных канфэрэнцыях будуць лічыцца тыя прэтэндэнты, за якіх прагаласуе больш за палову дэлегатаў. Акрамя таго кожны прэтэндэнт мусіць прыняць на сябе пэўныя абавязацельствы, напрыклад, падтрымкі ідэі інтэграцыі Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць. Канчатковае ж рашэньне па адзіным кандыдаце прыме кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, які пройдзе гэтым летам ці восеньню.

На сёньняшні паседжаньні “дзясяткі” БСДП “Народная грамада” прадстаўляў Мікола Статкевіч. Аляксандар Бухвостаў, які старшыняваў на паседжаньні, патлумачыў Радыё Свабода, што прадстаўнікі “дзясяткі” наведалі суботні зьезд “Народнай грамады” і пераканаліся ў тым, што Мікола Статкевіч пераабраны лідэрам істотнай часткі сацыял-дэмакратаў.

(Бухвостаў: ) “І таму ў “дзясятку”, групу палітычных арганізацыяў, што дзейнічаюць цяпер разам, уваходзіць БСДП “Народная грамада”, якую ўзначальвае Статкевіч.”

Тым ня меней спадар Бухвостаў не выключае супрацоўніцтва “дзясяткі” і з той часткай сацыял-дэмакратаў, якіх узначаліў Анатоль Ляўковіч пасьля нядаўняга расколу “Народнай грамады”. У штаб-кватэры партыі, якую ўзначальвае спадар Ляўковіч, пацьвердзілі сваю зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з дзясяткай. Тым часам лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць непрынцыповым пытаньне прадстаўніцтва ад “Народнай грамады” ў дзясятцы, маўляў хто прыйдзе, той і будзе працаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG