Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь запатрабавала ад новых украінскіх уладаў вяртаньня дзяржаўнай запазычанасьці яшчэ ад 1992 году


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта афіцыйна паведаміў амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Вялічка. Ён сказаў, што “тэма фінансавых абавязацельстваў Украіны будзе гучаць у сакавіку ў Кіеве на паседжаньні міжурадавай беларуска-украінскай камісіі ў справе эканамічна-гандлёвага супрацоўніцтва”. Паводле розных падлікаў, сума запазычанасьці складае ад 80 да 150 мільёнаў даляраў.

Адкуль жа ўзьнік гэты доўг? Прадстаўнікі беларускіх уладаў сьцьвярджаюць, што пасьля распаду СССР беларускія вытворцы пералічылі ўкраінскім сродкі за прадукцыю, якая была быццам бы зробленая для беларускіх прадпрыемстваў, але да іх чамусьці не патрапіла. Спрэчкі з гэтай нагоды цягнуцца ўжо ня першы год. Больш таго, менавіта з-за гэтага парлямэнт Беларусі не ратыфікуе Дамову аб дзяржаўнай мяжы з Украінай. Маўляў, спачатку вярніце нашыя грошы…

І гэтая тэма цяпер выглядае, як ніколі раней, актуальнай, паколькі новыя ўлады Ўкраіны бяруць курс на ўваход у Эўразьвяз і НАТО. А тут вельмі важна, каб краіна-прэтэдэнт ня мела ніякіх складанасьцяў з краінамі-суседкамі. Вось як бачыць сытуацыю незалежны экспэрт-міжнароднік Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Украіна гэтага жадае і вельмі даўно жадае. Яны ў гэтым зацікаўленыя, бо яны заўжды лічылі сябе сувэрэннай незалежнай дзяржавай, адной з асаблівасьцяў якой зьяўляецца наяўнасьць афіцыйна прызнанай дзяржаўнай мяжы. У нас з Украінай няма ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў, ні ў адных, ні ў другіх. Беларусы проста прэс такі прыдумалі, каб на іх ціснуць, каб украінцы сплацілі гэтую запазычанасьць. Я ня ведаю, хто тут мае рацыю, хто не, у сэнсе памеру гэтай запазычанасьці, але эфэктыўнай яе пакуль назваць нельга, паколькі Ўкраіна яе ўсё роўна ня сплочвае. Але ж нейкая стрэмка такая ў беларуска-расейскіх адносінах сядзіць”.

А што думаюць з гэтай нагоды ва Ўкраіне? Адказаць на гэтае пытаньне я прашу майго калегу Юрыя Сьвірко, які апошнім часам знаходзіцца ў Кіеве:

(Сьвірко: ) “Трэба сказаць, што Ўкраіна разьлічвае пастаўляць электраэнэргію ў Беларусь, і што гэта адбудзецца бліжэйшым часам. Але трэба зазначыць, што ва Ўкраіне ёсьць тры энэргетычныя кампаніі, і першая зь іх, “Энэргаатам”, нацыянальная атамная энэргакампанія, пастаўляе электраэнэргію ў Расею па дэмпінгавых цэнах – гэта ўсяго паўтара амэрыканскіх цэнту за кіляват-гадзіну, хаця для іншых суседзяў Украіны, такіх як Славаччына, цана складае больш за 2 цэнты за кіляват-гадзіну. Вось гэтая ўкраінская электраэнэргія, якая пастаўляецца ў Расею, потым рээкспартуецца з Расеі ў Беларусь як расейская. Пра гэта заявіў прэзыдэнт іншай фірмы, якая называецца “Энэргетычная кампанія Ўкраіны”, Алег Дубіна. Ён упэўнены, што для наўпроставых паставак украінскай электраэнэргіі ў Беларусь неабходнае толькі палітычнае рашэньне, калі яно будзе – ён ня ведае.

У той жа час беларусы вядуць перамовы з трэцяй кампаніяй, гэта нацыянальная энэргакампанія “Укрэнэрга”. Вось зь ёю беларускі канцэрн “Белэнэрга” распрацаваў праект эксплюатацыі лініі электраперадачаў Мазыр-Чарнобыль і Гомель-Чаргнігаў, якія не працуюць з часу чарнобыльскай катастрофы, і вось аднаўленьне гэтых лініяў будзе спрыяць вяртаньню пазыкаў, хаця Ўкраіна не прызнае гэтыя даўгі дзяржаўнымі, а лічыць іх проста даўгамі суб’ектаў украінскай гаспадаркі, таму прапаноўвае гэтым суб’ектам узяць на сябе выдаткі па будаўніцтве і аднаўленьні лініяў электраперадач з Украіны ў Беларусь”.

Мы ўзгадвалі, што справа з разьлікамі цягнецца ўжо далёка не адзін год. Цяпер, калі да ўлады ва Ўкраіне прыйшлі дэмакратычныя сілы, ці можа становішча радыкальна зьмяніцца? У Менску, як мне падаецца, менавіта на гэта разьлічваюць. Зацікаўленасьць Украіны ва ўступленьні ў эўрапейскія структуры відавочная. І таму, як гэта кажуць, цяпер Беларусі самы раз “сарваць куш”. Менавіта так думае Андрэй Фёдараў:

(Фёдараў: ) “Калі беларусы сапраўды могуць даказаць, што запазычанасьць мае пэўны памер, умоўна кажучы, 100 мільёнаў, я думаю, што новыя ўкраінскія ўлады могуць пайсьці на тое, каб заплаціць гэты доўг. Ім важна мець ратыфікаваную дзяржаўную мяжу, тым больш што для ўступленьня ў НАТО патрэбна, каб усе гэтыя пытаньні былі вырашаныя. Праўда, гэта не такі прынцыповы момант, паколькі тут няма тэрытарыяльных спрэчак. Дзяржаўная мяжа фактычна ёсьць, там усё ж такі памежная варта стаіць. Калі нашы здолеюць пераканаць Украіну ў памерах запазычанасьці, ці ўкраінцы здолеюць пераканаць нашых, што патрэбна зьнізіць памеры, і ўсе пагодзяцца на нейкую канкрэтную суму, тады, я думаю, гэтая сума будзе сплочана. І вельмі хутка Дамова аб дзяржаўнай мяжы будзе ратыфікаваная”.

А вось што думаюць на гэты конт у Кіеве:

(Сьвірко: ) “Новай уладзе яшчэ няма месяца, урад быў сфармаваны 4 лютага, таму шмат яшчэ што яму трэба зрабіць, і ўвогуле цяпер у Кіеве мала цікавяцца Беларусьсю – учора прэзыдэнт Юшчанка заявіў, што раскрытае забойстве Гангадзэ, гэта галоўная навіна для Ўкраіны. Што тычыцца інтэграцыі з суседзямі, дык Украіна фактычна пахавала ідэю адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам. Галоўнае цяпер для Кіева – інтэграцыя ва Ўсясьветную арганізацыю гандлю, таксама пастаўлена мэта інтэграцыі ў Эўразьвяз і НАТО, хаця да гэтага далёка, называецца 2015 год, таму фактычна праблема мяжы ня ёсьць цяпер актуальнай.

Учора на брыфінгу Міністэрства замежных справаў Украіны прэс-сакратар гэтага ведамства, якога толькі што прызначылі намесьнікам дзяржсакратара, заявіў, што нават СНД можа спыніць існаваньне. Таму мяжа зь Беларусьсю ня ёсьць актуальным пытаньнем. У ўкраінскім Міністэрстве замежных справаў неафіцыйна кажуць: ну і што, з 1998 году мы жывем з гэтай праблемай і яшчэ пажывем, можа, у самой Беларусі нешта зьменіцца. Тут трэба адзначыць, што шмат украінскіх палітыкаў кажа, што пасьля выбараў у Малдове ў гэты ўікэнд Беларусь можа застацца адзіным недэмакратычным суседам як Украіны, гэтак і Эўразьвязу з НАТО – тады ўвага будзе ўжо не да Ўкраіны й Малдовы, а толькі да Беларусі, дзе не пазьней лета наступнага году пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Вось у Кіеве кажуць: можа, закон аб ратыфікацыі дамовы пра дзяржаўную мяжу з намі падпіша ўжо новы прэзыдэнт, а не Лукашэнка?”

Але Беларусь канфліктуе ня толькі з Украінай. Наколькі мне вядома, праблема запазычанасьці існуе і ў беларуска-казахстанскіх стасунках. Гэтую сытуацыю я добра ведаю: у свой час, калі я працаваў яшчэ ў БелТА, я суправаджаў тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча ў ягонай паездцы ў Казахстан. І яшчэ тады – а гэта быў, мабыць, 1993 год – узьнікла ўзгаданая праблема. Казахстан зьвяртаўся да беларусаў з просьбаю дапамагчы ва ўборцы цаліннага хлебу. Беларусь адгукнулася на гэты зварот і сапраўды дапамагла. Аднак да гэтага часу Казахстан зь Беларусьсю не разьлічыўся. І я папрасіў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю амбасадара Казахстану ў Беларусі Газіза Алдамжарава. Вось што сказаў мне спадар амбасадар з гэтай нагоды:

(Алдамжараў: ) “Дадзенае пытаньне яшчэ не закрытае. І, я думаю, яно будзе прадметам перамоваў. Мы ўнесьлі свае прапановы беларускаму боку наконт разьліку зернем за працу вашых камбайнэраў і аўтаперавозчыкаў. Але я хачу ўдакладніць, як было з гэтай справай. Беларускі бок даручыў весьці свае фінансавыя разьлікі прыватнай кампаніі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Казахстану. Гэтай кампаніі мы вылучылі грошы, на якія яна павінна была набыць зерне і ім разьлічыцца. Але грошы былі скрадзеныя, судовая справа цягнецца да гэтага часу. Таму мы прапаноўвалі беларускаму боку пагадзіцца на вяртаньне паловы запазычанасьці зернем. Мы астатнія 50% гатовыя хоць сёньня паставіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG