Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў сувязі з забойствам Гангадзэ арыштаваны Кучма?


Юры Сьвірко, Кіеў 1 сакавіка прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў на экстрэнным брыфінгу, што забойства незалежнага кіеўскага журналіста Георгія Гангадзэ раскрытае. Рэакцыю ва Ўкраіне можна параўнаць з выбухам бомбы.

(Юшчанка: ) “У нас сёньня ёсьць падставы сьцьвярджаць, што забойства Гіі Гангадзэ раскрытае. У сувязі з гэтым затрыманыя канкрэтныя забойцы Гангадзэ. Яны даюць паказаньні. Учора, калі мы рабілі адпаведныя распрацоўкі гэтай апэрацыі, я пазнаёміўся з шэрагам абставінаў апошніх хвілінаў жыцьця Гіі Гангадзэ. Гэта страшная сьмерць, якая сёньня зафіксаваная ў паказаньнях, падкрэсьліваю, канкрэтных забойцаў. Цяжка было паверыць, што ў гэтым тысячагодзьдзі людзі, якія адносяцца да дзяржаўных службоўцаў, могуць мець такую злосьць, такія зьвярыныя паводзіны”.

Нагадаю, што стваральнік сайту “Ўкраінская праўда” Георгій Гангадзэ зьнік у верасьні 2000 году, а праз два месяцы ў лесе пад Кіевам было знойдзенае ягонае цела. Сьледзтва безвынікова цягнулася больш як чатыры гады, і вось за зьменай кіраўніцтва ў суседняй дзяржаве яно імкліва пачало рухацца.

Якую рэакцыю выклікала гэтае паведамленьне прэзыдэнта ва ўкраінскім грамадзтве? Безумоўна, яе можна параўнаць з выбухам бомбы, таму што ўсё ўжо ў Украіне думалі, што гэтае забойства можа быць і не раскрытае.

Але, зь іншага боку, пасьля выступу Юшчанкі стала відавочным, што шмат пытаньняў яшчэ застаюцца адкрытымі. Напрыклад, прэзыдэнт сказаў, што гэта была страшная сьмерць, што дзяржаўныя службоўцы мелі дачыненьні да сьмерці журналіста, аднак так і невядома, хто канкрэтна затрыманы, хто гэтыя забойцы, якім чынам яго забілі. Учора зьявілася інфармацыя, што знайшлі галаву Георгія Гангадзэ ў Дняпры, аднак пазьней гэтая інфармацыя не пацьвердзілася.

Віктар Юшчанка праводзіў свой брыфінг а 16-й гадзіне, і вось на сёньня на 16 гадзіну заплянаваная прэс-канфэрэнцыя Генэральнага пракурора Ўкраіны С.Піскуна – магчыма, ён нейкія падрабязнасьці і раскажа. Цікава, што пакуль ні служба бясьпекі Ўкраіны, ні МУС ніякіх падрабязнасьцяў не даюць.

Шмат хто ва ўкраінскім грамадзтве кажа: ну вось, улады зноў умешваюцца ў працэс расьсьледаваньня, прэзыдэнт асабіста кіруе гэтым працэсам. У той жа час трэба зазначыць, што Віктар Юшчанка заявіў, што менавіта папярэдняя ўлада ўмешвалася ў працэс расьсьледаваньня і рабіла ўсё, каб гэтае забойства засталося нераскрытым. Ён назваў прозьвішча папярэдняга генпракурора Ўкраіны Васільева, які расфармаваў тую групу, што займалася расьсьледаваньнем.

Ці ёсьць ужо інфармацыя пра затрыманых у гэтай справе? Імёны называюцца, але потым яны зноў жа не пацьвярджаюцца з афіцыйных крыніцаў. Учора, калі паведамілі пра тое, што знайшлі галаву Гангадзэ, сказалі, што затрымалі былога начальніка кіеўскага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю генэрала Асьціёна і яшчэ двух афіцэраў. Потым гэтую інфармацыю абверглі, але заявілі, што затрыманы іншы генэрал, прозьвішча яго не называецца, і таксама нейкія два супрацоўнікі. Раней міністар унутраных справаў Украіны Юры Луцэнка заявіў, што знойдзены аўтамабіль, у які пасадзілі журналіста перад тым, як пазбавіць яго жыцьця. Усё адно хачу падкрэсьліць, што дакладных падрабязнасьцяў яшчэ няма, гэта ўсё яшчэ наперадзе.

Вядома, што ўкраінская апазыцыя вінаваціла ў дачыненьні да забойства журналіста былога прэзыдэнта Леаніда Кучму, і ўчора была інфармацыя, што кіраўнік парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваньня забойства Гангадзэ Грыгорый Амельчанка заявіў, што ў генпракуратуру накіраваныя матэрыялы для арышту Л.Кучмы. Ці знаходзіць гэтая інфармацыя пацьверджаньне?

Пра гэта пракуратура таксама нічога не гаворыць, але той жа Амельчанка падаваў дэпутацкі запыт пра арышт Л.Кучмы. Хачу падкрэсьліць, што цяпер спадар Кучма знаходзіцца ў Чэхіі, у санаторыі ў Карлавых Варах, і будзе там яшчэ месяц. І шмат хто казаў, што ён ужо ва Ўкраіну і ня вернецца, калі падзеі будуць разьвівацца падобным чынам. Большасьць палітыкаў заяўляюць, што калі будуць выяўленыя сувязі паміж забойствам Георгія Гангадзэ і замовай дзяржаўных органаў ці асабіста прэзыдэнта Кучмы, як гэта было раней на стужках маёра аховы Міколы Мельнічэнкі, які запісваў усе размовы ў кабінэце Кучмы й запісаў у тым ліку загад Кучмвы разабрацца з “гэтым грузінам”, дык тады Ўкраіну чакае яшчэ больш важны і яшчэ больш гучны скандал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG