Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі


Юры Сьвірко, Кіеў Якія адметнасьці мае новая справаздача Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў беларускім разьдзеле, калі параўноўваць з аналягічнай справаздачай год таму? Тэму дасьледаваў наш карэспандэнт.

Штогод Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адзначае пагаршэньне сытуацыі ў Беларусі. Летась гэта было зьвязана таксама з рэфэрэндумам пра мажлівасьць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі й выбарамі ў Нацыянальны сход.

“Улады пасьлядоўна адмаўляюць грамадзянам у праве зьмяніць урад”, – канстатуецца ў справаздачы. Як і раней, у дакумэнце згадваецца пра нерасьледаванае зьнікненьне вядомых апазыцыйных дзеячаў. Працягваюцца злоўжываньні міліцыі, катаваньні вязьняў і неабгрунтаваныя затрыманьні, “дзедаўшчына” ў арміі ды перанасяленьне турмаў.

У разьдзеле справаздачы дзярждэпартамэнту, які прысьвечаны нечалавечнаму абыходжаньню і пакараньню, традыцыйна адзначаецца, што Канстытуцыя Беларусі забараняе такую практыку. Аднак міліцыя і турэмныя ахоўнікі пастаянна зьбіваюць затрыманых і вязьняў.

Канкрэтным прыкладам падаецца факт сьмерці 23 студзеня летась Максіма Храмылёва ў міліцэйскім ізалятары. Паводле варты даверу сьведчаньняў, на ягоным целе былі знойдзеныя сьляды гвалту.

У 2004 годзе таксама засталася вялікай колькасьць палітычна матываваных, затрыманьняў грамадзян сіламі бясьпекі на кароткі час. Сілы бясьпекі зноў парушалі права на прыватнае жыцьцё і свабоду згуртаваньняў, уважліва кантралявалі дзейнасьць апазыцыйных палітыкаў, праваабарончых арганізацыяў.

Амэрыканскі дзярждэпартамэнт зноў канстатаваў, што ўлады Беларусі далей абмяжоўвалі свабоду слова і друку ды не прызнавалі права на аб’яднаньні і сходы.

Новым рэкордам стала тое, што міністар інфармацыі прыпыняла выданьне 25 газэтаў, у тым ліку 11 у месяц парлямэнцкіх выбараў.

Летась зь Беларусі быў дэпартаваны незалежны журналіст з украінскім грамадзянствам Міхаіл Падаляк, была забітая незалежная журналістка Вераніка Чаркасава, быў арыштаваны расейскі журналіст Павал Шарамет, некалькі разоў міліцыя затрымлівала здымачную групу маскоўскага тэлеканалу РЭН-ТВ.

19 кастрычніка летась быў зьбіты апэратар гэтага тэлеканалу, а таксама яго калега зь іншага расейскай тэлекампаніі НТВ. У справаздачы згадваецца, што ў той жа дзень быў жорстка зьбіты лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

Што да несанкцыянаваных сходаў, дык справаздача ўпершыню адзначае перасьлед такога сходу на прыватнай кватэры – гэта здарылася 2 кастрычніка зь Сяргеем Антончыкам.

У разьдзеле аб незабесьпячэньні справядлівага суду зьявіліся новыя факты, зь якіх аўтары справаздачы выдзяляюць працэсы над прадпрымальнікам-гарадзенцам Валерам Леванеўскім і былым амбасадарам у Латвіі Міхаілам Марынічам.

Зноў адзначаюцца перавагі, якімі карыстаецца ў Беларусі праваслаўная царква, што мае з урадам канкардат, у той час як пратэстанты, юдаісты ды іншыя зьведваюць ціск улад. Справа здача адзначае, што ў краме “Праваслаўная кніга” па-ранейшаму прадаюць антысэміцкую літаратуру.

У дакумэнце згадваюцца таксама справы былога старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова ды экс-кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай як прыклады карупцыі на найвышэйшым узроўні. Гэта ня ёсьць сур’ёзнымі спробамі змагацца з карупцыяй, робіць выснову Дзярждэпартамэнт ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG