Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канфэрэнцыі Рады Эўропы абмяркоўвалася і сытуацыя ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Увечары 28 лютага ў Варшаве скончыўся першы, адкрыты для журналістаў, дзень адмысловай канфэрэнцыі Рады Эўропы пад назовам “Узмацненьне дэмакратыі ў Эўропе”. У часе дыскусіяў згадвалася і сытуацыя ў Беларусі.

У часе канфэрэнцыі Рады Эўропы, у якой ўзялі ўдзел некалькі дзесяткаў дыпляматаў, парлямэнтароў з розных эўрапейскіх краінаў, а таксама прадстаўнікоў аўтарытэтных міжнародных арганізацыяў. Галоўная ўвага была нададзеная пытаньням, зьвязаным са стабільным функцыянаваньнем гэтак званых “новых дэмакратыяў”.

Выступоўцы, аднак, падкрэсьлівалі, што дэмакратыя нікому не даецца назаўсёды, таму і ў краінах з моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі трэба ўвесь час пільнаваць добрай працы дэмакратычных інстытутаў.

Як адзначыў у размове з нашым радыё польскі сэнатар Анджэй Велявейскі, асаблівую ўвагу трэба зьвяртаць на свабоду слова.

(Велявейскі: ) “Без незалежнай прэсы, тэлебачаньня і радыё немагчыма ўявіць сабе сучасную дэмакратыю. Бо калі дэмакратыя знаходзіцца ў руках маленькай групкі людзей, дык гэта не дэмакратыя. Нярэдка некаторыя краіны, якія хочуць здавацца дэмакратычнымі, нават праводзяць час ад часу выбары, але практычна грамадзяне не бяруць удзелу ў кіраваньні гэтымі краінамі. Гэта тычыцца, дарэчы, ня толькі Беларусі”.

Між тым Адрыян Севярын – былы старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, а цяпер адмысловы дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі – паведаміў беларускай Свабодзе аб сваёй занепакоенасьці тым, што афіцыйны Менск усё больш адкідае магчымасьць дыялёгу з шэрагам міжнародных арганізацыяў.

(Севярын: ) “Я думаю, што тут, калі гаворка ідзе пра Беларусь, трэба казаць не пра спробы нейкай адной арганізацыі зрабіць нешта, а каб аб’ядноўваць намаганьні ўсёй міжнароднай супольнасьці. Прысьпеў час правесьці вялікую міжнародную канфэрэнцыю што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Бо гэта ўжо ня толькі мясцовая, унутраная справа, але міжнародная”.

1 сакавіка ўдзельнікі канфэрэнцыі Рады Эўропы “Ўзмацненьне дэмакратыі ў Эўропе” у часе закрытага паседжаньня абмяркуюць сытуацыю у Чачэніі.

Сёньня ж на нашых хвалях прагучыць інтэрвію з адмысловым дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі Адрыянам Севярынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG