Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфармаваньне СНД: касмэтычныя праўкі на старым савецкім досьведзе?


Уладзімер Глод, Менск Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў стаіць на парозе новага рэфармаваньня. 18 сакавіка ў Менску зьбіраюцца міністры замежных справаў СНД, якія мусяць прадставіць новую канцэпцыю гэтага міждзяржаўнага ўтварэньня. Над ёй працуе цяпер адмысловая група пад кіраўніцтвам рады міністраў замежных справаў Садружнасьці. Ці вядома ўжо, якога накірунку будуць прытрымлівацца рэфарматары?

Перадусім скажу, што адпаведныя ініцыятывы зыходзяць з Масквы. Менавіта Расея старшынюе сёлета ў радзе міністраў замежных справаў Садружнасьці, і менавіта ў Маскве рыхтуецца бальшыня дакумэнтаў. Апошнім часам тут па два-тры разы на тыдзень праходзяць розныя нарады. Але з чаго зыходзяць распрацоўшчыкі мадэрнізацыі вядома, паколькі старшыня выканаўчага камітэту СНД Уладзімер Рушайла на нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў: “на думку бальшыні кіраўнікоў дзяржаваў Садружнасьці, альтэрнатывы СНД не існуе, хаця яе і неабходна некалькі рэфармаваць”.

Вось гэтыя словы, “некалькі рэфармаваць”, беларускія аналітыкі расцэньваюць не інакш як чарговы касмэтычны рамонт. І, як многія думаюць, самае радыкальнае, што можа адбыцца – гэта скарачэньне некалькіх галіновых структураў.

І ўсё ж – ці можна ўжо казаць пра нейкія канкрэтныя прапановы ў справе рэфармаваньня СНД? Яны існуюць, але, падаецца, што ў аснову ўсяго кладзецца стары савецкі досьвед. Магчыма, Вам даводзілася калісьці пабываць на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР? Мне даводзілася, і, дарэчы, не аднойчы, паколькі ВДНГ уваходзіла ў сьпіс самых папулярных ў той час маскоўскіх экскурсійных маршрутаў. І на ўсё жыцьцё захаваліся ў памяці велізарныя фантаны зь дзяўчатамі, якія сымбалізавалі тагачасныя савецкія рэспублікі.

І вось цяпер прапануюць стварыць ва Ўсерасейскім выставачным цэнтры павільёны краінаў СНД, якія, як сказаў Уладзімер Рушайла, “зьяўляюцца візытнай карткай любой краіны, прынамсі і краінаў Садружнасьці”. Невядома, праўда, навошта Беларусі мець сваю візытную картку ў Маскве, а ня ў Менску? І наагул, ёсьць вялікі сумнеў, што такая выстава патрэбна, пра што і кажа вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Чыноўнікі працуюць, яны нешта выдумляюць, ім патрэбна паказаць, што яны справу робяць. Гэта пустое, што ён цяпер прапаноўвае”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму пустое?”

(Злотнікаў: ) “Усялякіх выставаў за межамі нашай краіны і без таго багата. У розных рэгіёнах Расеі існуюць беларускія прадстаўніцтвы, філіялы там ёсьць, дамы гандлю ёсьць, філіялы тэхнічныя таксама. Гэта ўсё ёсьць. А наагул, гэта тыповая савецкая прапанова, якай прыйшла яму (Рушайле) ў галаву і якую ён прапанаваў. Але гэта прапанова дарэмная і беспэрспэктыўная. Гэта тыповая, як казалі ў старыя часы, галачка для пляну”.

Якія існуюць ініцыятывы акрамя гэтай? Яшчэ некалькі пэрспэктыўных накірункаў, з пункту гледжаньня рэфарматараў – гэта новыя формы супрацоўніцтва ў галіне спорту і працы з моладзьдзю. Напрыклад, правесьці міжнародныя спартовыя гульні краінаў СНД, прысьвечаныя 60-годзьдзю Перамогі. Нагадаю, і я гэта добра памятаю, што Спартакіяды народаў СССР таксама прысьвячаліся Вялікай перамозе. Адзіная розьніца, што тады гэта была не 60-я, а 25-я ці 30-я гадавіна.

Падчас гульняў плянуецца правесьці навуковы кангрэс ў справе разьвіцьця масавага спорту і фармаваньня здаровага вобразу жыцьця, а таксама правесьці фэстываль спартовых фільмаў. Магу сказаць, што першы такі фэстываль адбыўся ў Рызе яшчэ ў 1977 годзе. Так што, многае з так званага новага грунтуецца на старым савецкім досьведзе.

Калі выканаўчы камітэт СНД узначальваў Юры Яраў, назіральнікі адзначалі, што ён пераважна займаўся эканамічнымі справамі, а вось Уладзімер Рушайла, які зьмяніў Ярава, сканцэнтраваўся пераважна на палітыцы. Чым гэта тлумачаць?

Тут некалькі прычынаў. Яраў усё ж усё жыцьцё займаўся эканомікай і сацыяльнай сфэрай. Рушайла – тыповы “сілавік”. Да таго ж, летась на абшарах былога СССР праводзілася шмат выбараў. І Рушайла заняўся гэтай справай. Пра што, дарэчы, сьведчыць і сталы прадстаўнік Беларусі пры выканаўчых органах СНД Вячаслаў Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Паглядзіце, якім напружаным быў 2004 год, і як дасталася таму ж Рушайлу, які толькі-толькі атрымаў гэтую пасаду! І паўсюдна ён кіраўнік місіі назіральнікаў ад СНД. Ён фактычна аддаўся менавіта гэтаму працэсу – палітычнаму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG