Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карыстаньне мабільным тэлефонам за рулём робіць рэакцыю падлетка такой жа, як у пэнсіянэра


Сяргей Абламейка, Прага Мэдыкі з амэрыканскага Ўнівэрсытэту штату Юта, правёўшы сэрыю экспэрымэнтаў, заявілі, што размова па мабільным тэлефоне за рулём можа зрабіць рэакцыю шафёра такой жа, як у старога чалавека. Прычым гэта адбываецца нават тады, калі за рулём падлетак.

Па меры росту папулярнасьці мабільных тэлефонаў у сьвеце ўсё болей навукоўцаў пачынаюць вывучаць ўплыў гэтых тэлефонаў на здароўе людзей. Нядаўна брытанскія мэдычныя ўлады заявілі аб непажаданасьці выкарыстаньня мабільных тэлефонаў падлеткамі ва ўзросьце да 14 гадоў. І вось новая сэнсацыя, а б якой паведамляюць газэта The Wall Street Journal in Europe і агенцтва Associated Press.

У паведамленьні з Унівэрсытэту Юты гаворыцца, што кіроўцы ва ўзросьце ад 12-ці да 25-ці гадоў пры размове па мабільным тэлефоне пачынаюць весьці машыну як старыя людзі, іх рэакцыя рэзка запавольваецца, і рызыка аварыяў значна павялічваецца. “Мы нават падлічылі, што калі вам 20 гадоў і вы сядаеце за руль з мабільным тэлефонам, вашая рэакцыя імгненна робіцца такой жа, як у 70-гадовага чалавека”, заявіў прафэсар псыхалёгіі Дэвід Страер з Унівэрсытэту Юты. “Гэта як імгненнае старэньне”.

Прафэсар Страер таксама паведаміў пра яшчэ адзін нечаканы вынік дасьледаваньня. На першы погляд, у старых людзей з мабільнымі тэлефонамі за рулём рызыка аварыяў павінна была б быць яшчэ большая, чым у маладых. Аднак гэтага не адбываецца. Пажылым кіроўцам пры размове па мабільным тэлефоне за рулём пагражае ня большая небясьпека, чым маладым. Пры гэтым вялікі вопыт і нежаданьне рызыкаваць дапамагаюць пазьбегнуць дадатковай рызыкі нават пры размове па мабільніку.

Прафэсар Страер таксама паведаміў, што ўплыў мабільніка на кіроўцу аднолькавы і не залежыць ад таго, ці кіроўца трымае тэлефон рукой, ці яго рукі вольныя дзякуючы сыстэме Hand free. Справа, хутчэй за ўсё, у адцягваньні ўвагі. Таму прафэсар Дэвід Страер кажа, што любы ўдзел шафёра ў актыўнай гутарцы аднолькава ўплывае на якасьць кіраваньня.

Каманда прафэсара Страера праводзіла экспэрымэнты на аўтамабільным сымулятары. Рэакцыя ўдзельнікаў дасьледаваньня ва ўзросьце 18-25 гадоў на стоп сыгнал сьветлафора пры размове па мабільным тэлефоне была такой жа, як і ў людзей ва ўзросьце ад 65 да 74 гадоў. Праграма прадугледжвала, што кожны ўдзельнік будзе ехаць 10 хвілінаў па хуткаснай аўтастрадзе з мноствам транспартных разьвязак.

Першыя 5 хвілінаў кіроўцы размаўлялі па мабільным тэлефоне з асыстэнтам прафэсара, а наступныя 5 хвілінаў ехалі моўчкі. Пры гэтым выкарыстоўвалася больш бясьпечная сыстэма Hand free – гэта значыць, тэлефон быў замацаваны на панэлі аўтамабіля, і рукі кіроўцы былі вольныя. Аказалася, што аматары карыстацца мабільным тэлефонам за рулём аўтамабіля былі на 18 працэнтаў больш павольныя пры тармажэньні і на 17 працэнтаў даўжэй набіралі хуткасьць, якую яны страцілі пры тармажэньні.

Яшчэ ў 2003 годзе прафэсар Дэвід Страер і яго асыстэнт Фрэнк Друз высьветлілі, што пры размове па мабільным тэлефоне дзеяньні кіроўцы робяцца больш запаволенымі, чым у кіроўцы зь сярэдняй ступеньню алькагольнага ап’яненьня. Навіна са штату Юта прыйшла ў той час, калі некаторыя амэрыканскія заканадаўцы робяць спробы забараніць карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас язды на аўтамабілі. У Эўропе ў большасьці краінаў, у тым ліку ў Беларусі, гэта ўжо забаронена.

***

На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Новыя дасьледаваньні мэдыкаў пацьвярджаюць старую ісьціну аб карысьці цэльназерневых прадуктаў, асабліва вотруб’я. Як вядома, такія прадукты памяншаюць рызыку сардэчна-судзінных хваробаў. Але апошнія экспэрымэнты паказалі асаблівую важнасьць вотруб’я для здароўя сэрца. Падчас аднаго экспэрымэнта лекары 14 гадоў сачылі за здароўем мужчын, якія спажывалі шмат вотруб’я. Высьветлілася, што якраз гэтыя мужчыны найменш хварэлі на сэрца. У выніку RealAge сьцьвярджае, што калі вы будзеце мець разнастайную дыету і 6 разоў на дзень спажываць цэльназерневыя прадукты, ваш рэальны біялягічны ўзрост будзе на 4 гады маладзейшы.

2.

Аліўкавы алей карысны ня толькі для здароўя сэрца. Новыя дасьледаваньні знайшлі ў аліўкавым алеі алеінавую кіслату. Гэты монаненасычаны тлушч здольны абяззброіць ген, які прымушае расьці клеткі ракавай пухліны малочнай залозы. Старайцеся дадаваць аліўкавы алей ва ўсе стравы і салаты. RealAge нагадвае, што спажываньне нізкатлушчавых прадуктаў і ненасычаных тлушчаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3.

Трэніраванасьць – не адзіны спосаб вызначыць патэнцыйную працягласьць жыцьця чалавека. Вядома, што трэніраванасьць зьніжае рызыку хваробы незалежна ад вагі цела. Разам з тым, апошнія дасьледаваньні паказваюць, што ня менш важная за трэніраванасьць і страта вагі. Быць худым і трэніраваным – найлепшы шлях пражыць доўга. RealAge заклікае кожнага не забывацца, што падтрыманьне вагі і індэксу масы цела на нармальным узроўні можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG