Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эксклюзіўны клюб” доўгажыхароў


Ганна Соусь, Прага Каб увайсьці ў склад Геранталягічнай дасьледчай групы, трэба мець узрост ня меншы за 110 гадоў. Усяго ў складзе гэтай некамэрцыйнай арганізацыі 61 чалавек. “Эксклюзіўным клюбам” называе гэтую групу карэспандэнт амэрыканскага выданьня “The Wаll Street Jouгnal” Джэфры Заслоў.

Марыён Хігінс можа прагаварыць альфабэт ў зваротным парадку, гэтаму яе навучаў бацька ў 1890-е гады. Яна дакладна памятае сваю першую паездку на цягніку ў 1895 годзе і першы палёт на самалёце ў 1923 годзе. Яе ўспаміны вельмі цікавыя – але ці можа яна даказаць, што ёй сапраўды 111 гадоў і 122 дні? Аказваецца, што можа, і гэта значыць, што яна – знаходка для Геранталягічнай дасьледчай групы, некамэрцыйнай арганізацыі: каб стаць яе сябрам, трэба мець узрост 110 гадоў ці болей, піша “The Wаll Street Journal”.

40 валянцёраў Геранталягічнай дасьледчай групы – міжнароднай сеткі дэмографаў, герантолягаў, эпідэміёлягаў і аматараў-самавучак – займаюцца пацьвярджэньнем узросту старэйшых жыхароў плянэты і высьвятленьнем сакрэтаў іхняга доўгажыхарства. Але, як адзначае газэта, ім часта даводзіцца мець справу з махлярамі і ўладамі, якія падтрымліваюць ілжывыя зьвесткі аб людзях, якія перажылі 115-годзьдзе.

Паколькі ніхто з дасягнуўшых 114 гадоў звычайна не дажывае да 115, група зь недаверам ставіцца да заяваў пра яшчэ больш старэйшы ўзрост. Так, напрыклад, група не прызнала сапраўдным узрост аднаго з жыхароў Кубы, які сьцьвярджаў, што яму 124 гады, але ў яго не было адпаведных дакумэнтаў. Жыхарцы адной з Карыбскіх выспаў было 128 гадоў, калі яна памерла ў 2003 годзе. Аднак яе ўзрост быў “вынаходніцтвам мясцовай турыстычнай індустрыі”, гаворыць адзін з заснавальнікаў Геранталягічнай дасьледчай групы Стывен Коўлз, лекар і дасьледчык камлёвых клетак з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. Групе дакладна вядомыя толькі 12 бясспрэчных выпадкаў, калі людзі дажывалі да 115 гадоў.

Геранталягічная дасьледчая група, да якой зьвяртаецца Кніга рэкордаў Гінэса каб спраўдзіць рэкорды доўгажыхарства, зарэгістравала 55 жанчын і 6 мужчынаў, якім болей за 110 гадоў. Група мяркуе, што ў сьвеце ёсьць яшчэ каля 200 чалавек у такім веку.

У 1986 годзе прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган павіншаваў па тэлефоне зь днём нараджэньня дачку вызваленых рабоў Сьюзі Брансан, паколькі ёй споўнілася 115 гадоў. Аднак дасьледаваньні геранталягічнай групы ў архівах сацыяльнай службы выявілі, што ў 1994 годзе, калі яна памерла, ёй было 105 гадоў. І такіх прыкладаў даволі шмат.

“The Wаll Street Journal” піша пра агульныя рысы доўгажыхароў. Нягледзячы на тое, што большасьць зь іх звычайна дрэнна чуюць і амаль сьляпыя, многія зь іх зрэдку наведвалі лекараў, пакуль ім ня споўнілася 90 гадоў. Яны ніколі не задумваліся аб здаровым харчаваньні, фізычных практыкаваньнях, ужываньні алькаголю і тытуню. Ніхто зь іх на працягу ўсяго жыцьця ня меў лішняй вагі, і амаль ва ўсіх былі родныя доўгажыхары. Такім чынам, сакрэт доўгажыхарства, праўдападобна, палягае ў генэтыцы, а ня ў ладзе жыцьця.
XS
SM
MD
LG