Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пачала працы па дэмаркацыі мяжы зь Беларусьсю па вадзе фінскімі буямі


Тацяна Поклад, Вільня На беларуска-літоўскай мяжы пачаліся працы для пазначэньня памежных вадаёмаў. Дэмаркацыя мяжы на сушы была зробленая да 2001 году, але ў тых месцах, дзе мяжа праходзіць па вадзе, знакі дасюль ня ўсталяваныя.

Працягласьць беларуска-літоўскай мяжы – каля 650 кілямэтраў (апошнія дадзеныя Дзяржаўнага памежнага дэпартамэнту Літвы), зь іх ліку – вадой пакрытыя прыкладна 30 кілямэтраў. Працы па дэмаркацыі мяжы на сушы Літва зрабіла ў 1997-2000 гадох.

Зь літоўскага боку пазначаная ўся паласа мяжы на сушы. Тут створаная памежная паласа 5-мэтровай шырыні, усталяваныя памежныя знакі (іх агульная колькасьць – 1845) і цэнтральныя палігонамэтрычныя слупкі (678).

Зь беларускага боку ў 2001 годзе былі створаныя памежныя патрульныя сьцежкі і ўсталяваная кантрольная паласа для сьлядоў на памежнай паласе шырынёй у 13 мэтраў.

Цяпер пачалася дэмаркацыя мяжы на вадзе. Літва пачала ўсталёўваць знакі на тых 13 кілямэтрах, за якія яна адказвае. Прадстаўнікі Камісіі дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Беларусьсю і Літвой будуць назіраць за ўсталяваньнем знакаў і прымуць вынікі працы. Паводле пратаколу гэтай камісіі, пацьверджанае рашэньне ўсталяваць 39 знакаў зь літоўскага боку, 32 – з беларускага, усяго – 71. Літве гэтыя працы абыдуцца ў прыкладна 52 000 даляраў.

Памежныя знакі зь літоўскага боку ўсталююць у Салечніцкім і Варэнскім раёнах на азёрах Дуб і Груда і на трох сажалках – Пурвенскай, Юргенскай і Таўсюны. Пры выбары памежных знакаў для сваіх бакоў мяжы і літоўскія, і беларускія прадстаўнікі пагадзіліся на спэцыяльныя плястыкавыя буі, вырабленыя ў Фінляндыі. Гэтыя буі вызначаюцца асаблівай трываласьцю і адпавядаюць вышэйшым міжнародным стандартам. Яны яскравага жоўтага колеру, адлюстроўваюць сьвятло, над вадой узвышаюцца на 2 мэтры, іх трымае адмысловы якар вагай 300 кіляграм з ланцугом. Кожны знак-буй мае свой арыгінальны нумар. Экспэрты зь Беларусі і Літвы цьвердзяць, што не мэтазгодна ставіць мэталёвыя знакі – іх трэба штогод выцягваць з вады і перафарбоўваць.

Дэмаркацыю вадаёмаў са свайго боку Літва плянуе выканаць цягам двух тыдняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG